Надрукаваная мэбля, жэстабот, палачка-выручалачка

- 11:46Навука і інавацыі

Ёсць ідэя! Як шмат вялікіх вынаходак пачыналася з гэтай фразы: і лямпачка Эдысана, і радыё, і першы аўтамабіль… Пару стагоддзяў назад вынаходнікам даводзілася няпроста: сваю ідэю трэба было адстаяць, даказаць, выслухаць кпіны з боку зайздроснікаў і знайсці магчымасці яе рэалізаваць. Для сучаснай жа моладзі ў нашай краіне ператварыць сваю задуму ў рэальны праект куды прасцей. Пра гэта ужо 9 гадоў клапоцяцца ініцыятары Рэспубліканскага маладзёжнага інавацыйнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” — Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, Міністэрства адукацыі і Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях. 3 сакавіка ў Мінску гранд-фіналам завяршыўся дзявяты сезон праекта.

Жэстабот ад студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі.

Сезон дзявяты

У гэтым сезоне паступіла больш за тысячу заявак. Гранд-фіналу папярэднічалі 47 адборачных тураў, у якіх прынялі ўдзел звыш 500 маладых людзей. У фінал жа, каб даказаць экс­пертам, што менавіта іх ідэя вартая рэалізацыі, у сталіцу з розных куткоў краіны з’ехаліся аўтары больш як 100 лепшых праектаў.

Падчас адкрыцця выставы намеснік кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Андрэй Кунцэвіч сказаў: “Дзявяты сезон праекта “100 ідэй для Беларусі” чарговы раз пацвердзіў высокі навукова-даследчыцкі патэнцыял беларускай моладзі, яе ўменне генерыраваць прагрэсіўныя і запатрабаваныя жыццём ідэі. Хочацца асабліва падкрэсліць тое, што высокі інтэлект беларускай моладзі, яе прага да новых адкрыццяў і жаданне быць карыснай сваёй краіне становяцца асновай для далейшага росту ў самых розных галінах: ад біятэхналогій да робататэхнікі”.

Праект “Разумная вуліца” ад каманды Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа.

Напярэдадні фіналу арганізатары прапанавалі яго ўдзельнікам Speech-сесію па запуску праекта на рынку, пошуку інвестараў і пабудове матывацыйнай стратэгіі ў камандзе з выступленнем вядучых спікераў і бізнес-трэнераў ад IT-акадэміі адукацыйнага цэнтра праграмавання і высокіх тэхналогій і ТАА “Інката” і ўпершыню — інтэлектуальную віктарыну “ПРА100 QUIZ”.

Цэнтральныя падзеі фіналу разгарнуліся на другі дзень падчас выставы-прэзентацыі маладзёжных інавацыйных праектаў “Навігатар ідэй”. Удзель­нікі гранд-фіналу абаранялі свае распрацоўкі перад экспертным саветам, у які ўвайшлі прадпрымальнікі, прадстаўнікі сфер па кірунках праекта, а таксама пераможцы праекта мінулых гадоў.

Аляксандр КАДЛУБАЙ, намеснік мі­ністра адукацыі:

“На ўзроўні дзяржаўных органаў ствараць умовы для развіцця моладзі, для заахвочвання яе крэатыўнасці, творчасці — самыя надзейныя інвестыцыі ў стабільнае развіццё нашай дзяржавы. Міністэрства адукацыі як суарганізатар гэтага праекта актыўна падтрымлівае развіццё навукова-даследчай дзейнасці яшчэ з другой ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Мы сёння шчыльна працуем, каб структура практыка-арыентаванага падыходу праходзіла праз усю агульную сярэднюю адукацыю ва ўстановы вышэйшай адукацыі, у навуку і далей. І хачу вам, і фіналістам, і настаўнікам, пажадаць не спыняцца на дасягнутым, каб імёны людзей, якія сёння прадстаўляюць ідэі, заўтра мы змаглі пачуць і на міжнародных пляцоўках і каб вашы ідэі ажыццявіліся і праславілі нашу краіну”.

Экалогія прасцейшая, чым вы думаеце

Варта адзначыць, што сёлетнія фінальныя мерапрыемствы праходзілі пад эгідай экалагічнай тэматыкі з захаваннем пры афармленні пляцоўкі брэндбука праекта і экастылю, з выкарыстаннем дызайнерскага адзення для валанцёраў ад беларускай кампаніі Zen Wear, з мадэль­най фотазонай з 3D-прататыпам узнагароды — унікальнай статуэткі, выкананай з дрэва. Нават сувенірная прадукцыя для фіналістаў была экалагічнай: папяровыя ручкі, блакноты з драўлянымі вокладкамі і драўляныя флэш-карты. Шмат конкурсных распрацовак у фінале таксама было з прыстаўкай “эка”. Так, аснову намінацыі “Рацыянальнае прыродакарыстанне і глыбокая перапрацоўка прыродных рэсурсаў” склалі праекты па стварэнні паперы з трыснягу (сярэдняя школа № 2 Зэльвы), альтэрнатывы пакетам — сурвэткі з пчалінага воску (сярэдняя школа № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага), дэкаратыўнага тынку з другаснай сыравіны (сярэдняя школа № 3 Вілейкі) і праект “Разумны кантэйнер для збору адпрацаваных батарэек”, які працуе па прынцыпе “Здай батарэйку — атрымай капейку” (Браслаўская гімназія) і інш.

Ва ўсіх намінацыях вызначаны пераможцы ў дзвюх катэго­рыях — сярод школьнікаў і сярод студэнтаў і маладых спецыялістаў. У названай намінацыі пара каманд-пераможцаў выглядае так. Першая — дзесяцікласніцы Аліна Пацягава, Лізавета Пялова з сярэдняй школы № 2 Кіраўска імя К.П.Арлоўскага, якія распрацавалі “Экалагічную карту Кіраўска”. Гэта інтэрнэт-платформы, дзе размешчаны назвы рэдкіх раслін і жывёл і арэолы іх пражывання. Выбраўшы пэўную з іх, карыстальнік атрымлівае доступ да поўнай інфармацыі пра мясцовасць і яе асаблівасці.

Другая каманда-пераможца — гэта Міхаіл Прыборац, інжынер-праекціроўшчык УП “Мінск­праект”, Міхаіл Буневіч, навуковы супра­цоўнік навукова-даследчай лабараторыі “Матэрыялы і элементы электроннай і звышправадніковай тэхнікі” БДУІР, і Наталля Бондар, спецыяліст па інфармацыйнай рабоце ТАА “Новыя тэхналогіі”. Распрацоўваючы свой праект ReBottle, яны марылі пазбавіць краіну пластыкавага смецця, бо працаваць ён будзе якраз на адпрацаваным пластыку. Прынцып работы такі: у шродар для драбнення пластыкавых адходаў закідваюцца бутэль­кі, экструдар перапрацоўвае здробненае смецце ў пластыкавую стужку, а 3D-прынтар друкуе вулічную мэблю, пясочніцы, ліхтары. Унікальнасць іх 3D-прынтара ў тым, што ўсе вядомыя аналагі абмяжоўваюцца памерамі ў паўметра, гэты ж з лёгкасцю надрукуе лаўку шырынёй і вышынёй метр і ў даўжыню цэлыя 2 метры. У каманды ўжо ёсць заказы на такую мэблю для вуліц і паркаў Мінска і Маладзечна. Каб лаўкі былі яшчэ і стымулам для раздзельнага збору смецця і каб лю­дзі бачылі вынік такога збору, аўтары плануюць на кожным вырабе размяшчаць інфармацыю пра тое, колькі бутэлек спатрэбілася на яго вытворчасць. Цікава і тое, што ў выпадку паломкі лаўкі (хаця канструкцыя мэблі максімальна трывалая), яна не пойдзе на звалку, а зноў трапіць у шродар.

Сістэма для аўтавырошчвання раслін (сярэдняя школа № 96 Мінска).

У намінацыі “Аграпрамысловыя тэхналогіі і вытворчасць” перамогу атрымаў навучэнец заатэхнічнага аддзялення Ільянскага дзяржаўнага аграрнага каледжа Андрэй Альфер, які хоча стварыць на базе вучэбнай фермы каледжа верміферму. Хлопец плануе збіраць арганічныя адходы для чарвякоў, якія, пераапрацоўваючы іх, будуць ствараць біягумус для пасадкі раслін.

Другая пераможца ў гэтай намінацыі — Ганна Барэйка, навуковы супрацоўнік лабараторыі “Калекцыя мікраарганізмаў” Інстытута мікрабіялогіі НАН Беларусі, — стварыла першую айчынную ПЛР-тэст-сістэму, якая дазваляе право­дзіць хуткую і дакладную дыягностыку фітапатагенных мікраарганізмаў у раслінным і насенным матэрыяле, глебе, вадзе. Прымяненне тэст-сістэмы дазволіць выяўляць заражанасць насення патагеннымі мікраарганізмамі і ажыццяўляць кантроль фітасанітарнага стану ў адкрытым і абароненым грунце.

Інавацыі ў лічбавізацыі

Сфера кнопак, сэнсараў і экранаў традыцыйна прыцягвае найбольшую ўвагу маладых вынаходнікаў, таму намінацыя “Інфармацыйна-камунікацыйныя і авіякасмічныя тэхналогіі”, як заўсёды, была адной з самых папулярных. Тут былі прадстаўлены розныя мабільныя дадаткі: ад моўных трэнажораў — да кішэннага гіда па карцінных галерэях, аўтаматызаваная сістэма ўліку харчавання для школьнікаў, мабільная рэкламная платформа з гейметызацыяй і інш.

Лепшым быў прызнаны праект “Крос­платформенны разумны дом на ARM-мікракантролеры”, які распрацаваў адзінаццацікласнік з гімназіі № 1 Дзяржынска Максім Жыдовіч. У яго аснове — устройства кіравання асвятленнем і хатнімі электрапрыборамі. Праект накіраваны на эфектыўнае мабільнае кіраванне электраабсталяваннем жылых і грамадскіх будынкаў, а таксама стварэнне праграмнага забеспячэння і комплексу абсталявання, таннейшага за імпартныя аналагі і з больш шырокімі функцыянальнымі магчымасцямі.

У дарослай катэгорыі гэтай намінацыі перамогу атрымаў Алег Карачун, курсант Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, за праект, сутнасць якога — у прымяненні тэхналогій дапоўненай рэальнасці пры тэхнічнай дыягностыцы паветраных суднаў. Распрацоўка дапамагае дыягнаставаць сістэмы электразабеспячэння, схаваныя ад вачэй.

Што да намінацыі “Прамысловыя і будаўнічыя тэхналогіі і вытворчасць”, то тут нарабіў шуму (і літаральна, і фігуральна) жэстабот. Пад роў мадэлі экскаватара чацвёртакурснікі Беларускай дзяржаўнай акадэміі сувязі Мікіта Кудзінаў, Ілья Іваноў і Дзяніс Сусалка прадэманстравалі магчымасці свайго робата.

“Рычагі, кнопкі, руль і іншыя прылады кіравання замяняюцца жэстамі рукі, што дазваляе адчуць сябе адным цэлым з механізмам, — тлумачыць Дзяніс. — На руцэ змяшчаецца датчык, які счытвае яе становішча ў прасторы, і ўстройства для сувязі з робатам на адлегласці. Гэтыя тэхналогіі могуць прымяняцца ў розных сферах дзейнасці чалавека: ад цацкі  да выкарыстання ў прамысловасці, будаўніцтве, пры кіраванні выратавальнай і ваеннай тэхнікай, пры правядзенні сапёрных работ”.

Сярод пераможцаў і супрацоўнікі Інстытута механікі металапалімерных сістэм імя У.А.Белага НАН Беларусі Віталь Мерынаў і Настасся Тулейка, і супрацоўнік ААТ “БМЗ — кіруючая кампанія холдынга БМК” Цімур Ахметаў. Яны ў сваім праекце прапаноўваюць выкарыстоўваць адходы сталеплавільнай вытворчасці для атрымання імпартазамяшчальных кампазітных матэрыялаў для вытворчасці неабходных дэталей з палепшанымі фізіка-механічнымі характарыстыкамі і павялічаным рэсурсам работы для тэхналагічнага абсталявання свайго прадпрыемства, у канструкцыях кормаўборачнай тэхнікі ААТ “Гомсельмаш” і інш.

У намінацыі “Энергетыка, у тым ліку атамная энергетыка і энергаэфектыўнасць” фіналісты зрабілі акцэнт на разумных прыборах: ветрагенератары без лопасцей, якія не залежаць ад кірунку ветру; зараднае ўстройства для гаджэтаў, у якім электраэнергія выпрацоўваецца рухам чалавечага цела; і інш. Каманда Мінскага дзяржаўнага энергетычнага каледжа прадставіла праект “Разумная вуліца”. Фітасцены, убудаванае ў дарожнае пакрыццё асвятленне, бяспечныя і камфортныя ўмовы для перамяшчэння пешаходаў і вадзіцеляў, рэгуляванне энергаспажывання за кошт укаранення сонечных батарэй — тут прадугледжана ўсё. Данііл Чарэй, навучэнец каледжа, гаворыць: “Наш праект, у першую чаргу, для людзей, каб ім можна было зара­дзіць тэлефон, пакінуць дзесьці рэчы, пры неабходнасці патушыць пажар. Нават брусчатка перад прыпыначнымі пунктамі для таго, каб транспарт, праязджаючы, пасля дажджу не апырскваў вадой людзей”.

Дзмітрый ВАРАНЮК, першы сакратар ЦК БРСМ:

“Самая галоўная задача “100 ідэй для Беларусі” — даць магчымасць абсалютна любому прапанаваць сваю ідэю, быць пачутым і падтрыманым на самым высокім узроўні. У любым кутку краіны, калі ў маладога чалавека ёсць парыў зрабіць нешта лепш, ён можа гэта прапана­ваць. Мы падтрымаем, пачуем і прасунем ідэю. Спадзяёмся, што самыя яркія праекты знойдуць водгук не толькі ў дзяржаўнай сферы, але і ў ментараў, прыватных кампаній, якія змогуць укласці сродкі ў развіццё ідэй маладых інаватараў”.

У малодшай узроставай групе перамогу ў гэтай намінацыі атрымаў Андрэй Чарнаморцаў, адзінаццацікласнік з сярэдняй школы № 1 Дуброўны, за свой праект “Аўтаматычная лінія перапампоўкі астаткавай энергіі з адпрацаваных батарэек у энергаёмісты акумулятар”.

Лялькі-спявачкі і казачніцы ад Цэнтра дзяцей і моладзі Глыбоцкага раёна.

За дзевяць гадоў на конкурс пада­дзена звыш 8500 зая­вак. У ім удзельнічала больш за 10 000 маладых людзей, у тым ліку беларусы, якія пражываюць у Расіі, Малдове, Канадзе, Аргенціне. За гэты час іх праекты ацэньвала каля 130 прафесійных экспертаў.

“Праект уяўляе сабой устройства, якое разраджае адпрацаваныя элементы сілкавання да максімальна магчымага ўзроўню і перапампоўвае гэтую энергію ў акумулятар вялікай ёмістасці, — расказвае аўтар. — Гэтую прыладу мы распрацоўвалі як прыстаўку да кантэйнера для збору батарэек. Эксперыментальная ўстаноўка здольна разраджаць батарэйкі да 0,4 В і перапампоў­ваць энергію ў акумулятар 6 В. Далей гэты акумулятар можа сілкаваць любыя ўстройствы”.

Сяргей Александро­віч, навуковы супрацоўнік Інстытута энергетыкі НАН Беларусі, таксама атрымаў перамогу ў гэтай намінацыі за праект “Сістэма жыццезабеспячэння інавацыйнага жылога дома на аснове выкарыстання электраэнергіі і другасных энергарэсурсаў”.

Мы — за бяспеку

Па прынцыпе “ратаваць гуляючы” прыйшоў да перамогі ў намінацыі “Нацыянальная бяспека і абараназдольнасць, абарона ад надзвычайных сітуацый” Павел Шаўцоў, навучэнец БДАЭК і кіраўнік аб’яднання па інтарэсах “Робататэхніка” Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Бабруйска. Ён стварыў вучэбны трэнажор “Юны ратавальнік” па правілах бяспечных паводзін малодшых школьнікаў, сутнасць якога ў тым, што можна ў віртуальнасці адчуць на сабе наступствы катання на тонкім лёдзе, гульняў на незавершаных будоўлях і інш., а таксама навучыць дзяцей правілам паводзін у розных небяспечных сітуацыях. Аналагаў такой вынаходкі ў Беларусі няма.

Аляксандр Півавараў і яго ўнікальны бензарэз.

Праект “Выкарыстанне тэхналогіі для работы з бензарэзам пры раскрыцці дзвярэй у непрыдатным для дыхання асяроддзі” прынёс перамогу Аляксандру Півавараву, курсанту Універсітэта грамадзянскай абароны МНС. Сутнасць яго распрацоўкі — у тэхналогіі падачы свежага паветра ў бензарэз ад камплекта для таго, каго ратуюць. Пры гэтым мабіль­насць устройства павышаецца, што дапамагае ратавальніку хутчэй раскрыць дзверы.

Здаровыя амбіцыі

Экспазіцыі па тэме здароўя была адве­дзена значная частка выставы. Робат-афтальмолаг, інавацыйныя гідрагелевыя павязкі для ран, прафілактыка дыхальных парушэнняў у неданошаных дзяцей, шматлікія прэпараты і тэхналогіі лячэння анкалагічных захворванняў і нават магчымая методыка для стварэння прэпарату ад каранавіруса COVID-19 — вось толькі частка прадстаўленых праектаў.

Так, у намінацыі “Бія- і нанаіндустрыя” перамогу атрымаў дзесяцікласнік гімназіі № 38 Мінска Арсеній Жылко за свой праект “Біяпалімерныя скафалды на аснове пекціну і хітазану для рэгенератыўнай медыцыны”. Дарэчы, у мінулым нумары “Настаўніцкай газеты” мы расказвалі пра перамогу Арсенія з гэтым праектам у такой жа намінацыі на Рэспубліканскім конкурсе эколага-біялагічных праектаў школьнікаў.

Дызайнерская папера з трыснягу — вынаходка ад школьнікаў Зэльвы.

“Асноўная ідэя праекта заключаецца ў стварэнні біяпалімерных і біяраскладальных высакапорыстых 3D-скафалдаў (запаўненне для глыбокіх ран. Заўвага аўтара.) на аснове пекціну і хітазану, — тлумачыць хлопец. — Яны змяшчаюць біялагічна актыўныя рэчывы, якія валодаюць антымікробнай актыўнасцю і з поспехам могуць прымяняцца для хуткага гаення ран, памяншаць рызыку ўскладненняў, павышаць эфектыўнасць лячэння і паляпшаць якасць жыцця пацыентаў”.

Сярод старэйшых удзельнікаў перамогу ў гэтай намінацыі атрымала Ксенія Барадзіна, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі прыкладной біяхіміі Інстытута біяарганічнай хіміі НАН Беларусі, за распрацоўку пептыдных нейрапратэктараў, якія валодаюць антыдэпрэсійнай і анксіялтычнай актыўнасцю. За гэтымі складанымі тэрмінамі хаваецца біяпрэпарат у выглядзе кропель у нос прыроднага паходжання для лячэння дэпрэсіі і трывожнасці. Па словах Ксеніі, у адрозненне ад сінтэтычных аналагаў, прэпарат будзе недарагім і не будзе мець супрацьпаказанняў.

У намінацыі “Медыцына, фармацыя, медыцынская тэхніка” самыя высокія балы ад журы атрымалі Дзіяна Бірукова і Аляксандр Шыдлоўскі, студэнты ВДУ імя П.М.Машэрава, за іх унікальную распрацоўку — шматфункцыянальны кій для пажылых і тых, хто мае ў ім патрэбу. Ён стане для ўладальніка не проста апорай, але і будзе апавяшчаць яго блізкіх і сваякоў па смс аб сігнале націску на трывожную кнопку, убудаваны GPS-трэкер дазволіць вызначыць каардынаты чалавека, калі ён раптам згубіўся. Калі кій будзе выкарыстоўвацца ў цёмны час сутак, то на ім уключыцца ліхтарык, а калі нады­дзе час паесці ці прыняць лекі, прагучыць сігнал. Кій зможа нават улічваць узровень вуглякіслага і звадкаванага газу ў навакольным асяроддзі і вымяраць ціск яго ўладальніка. Сапраўдная палачка-выручалачка!

Сярод новых распрацовак для лячэння анказахворванняў самым перспектыўным журы палічыла праект Аксаны Цімохінай, малодшага навуковага супрацоўніка лабараторыі імуналогіі і клетачнай біяфізікі Інстытута біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі. Яе тэхналогія банкіравання алагенных дэндрытных клетак для прымянення ў лячэнні анкалагічных захворванняў дапаможа калі не цалкам вылечыць пацыента, то як мінімум кантраляваць пухліну, перавёўшы яе ў разрад хранічных анказахворванняў, і тым самым істотна павялічыць працягласць і якасць жыцця пацыента.

І сабе, і людзям

У намінацыі “Грамадства, эканоміка і сацыяльная сфера” былі прапанаваны краязнаўчыя настольныя гульні і расфарбоўкі, лялькі, якія спяваюць калыханкі і расказваюць казкі на беларускай мове, інтэрнэт-распрацоўкі, якія дапамагаюць падчас гульняў-трэнінгаў вывучаць беларускую мову і культуру. Некалькі праектаў было накіравана на развіццё турызму. Гэта не толькі традыцыйныя для гэтай конкурснай намінацыі экскурсійныя распрацоўкі, квесты, кнігі пра малую радзіму, але і варыянт беларускіх прэзентаў, якія замежныя турысты могуць прывезці з нашай краіны. Так, студэнтка БарДУ Дар’я Паўлоўская прапанавала наладзіць вытворчасць фуд-боксаў, у якіх будуць сабраны ўсе неабходныя інгрэдыенты для гатавання беларускіх нацыянальных страў і рэцэпты на некалькіх мовах.

Радыёкіруемая мадэль для аховы водных рэсурсаў (Віцебскі РЦДАДіМ).

Экспертная камісія пераможцамі ў гэтай намінацыі назвала дзесяцікласнікаў Ганну Акуленка і Паўла Іванова з гімназіі № 1 Барысава, якія стварылі аўдыякнігу “Спадчына”. Гэта электронны адукацыйны рэсурс у фармаце аўдыякнігі, закліканы спрыяць фарміраванню ўсвядомленай грамадзянскай пазіцыі і нацыянальнай самасвядомасці ў навучэнцаў з дапамогай беларускай літаратуры. У медыяпрасторы няма аналагаў аўдыякнігі, дзе былі б сабраны праграмныя творы класікаў, прычым інтэрфейс прадстаўлены на дзвюх мовах — беларускай і кітайскай.

Аляксандр ШУМІЛІН, старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях:

“Конкурс “100 ідэй для Беларусі” сёння трансфармаваўся ў сістэму росту для маладых інаватараў. Наша моладзь прапаноўвае выдатныя ідэі, але калі іх не падтрымаць, не даць магчымасць расці, то яны могуць так і застацца ідэямі”.

Студэнты ГДУ імя Францыска Скарыны Ілья Галавач і Аляксей Зайцаў атрымалі перамогу за распрацоўку інфармацыйнага партала “Пляцоўка.бай”. Гэта інфармацыйны партал, галоўнай мэтай якога з’яўляецца пошук пляцоўкі або месца для сваіх захапленняў і хобі. Важнай мэтай з’яўляецца і аб’яднанне людзей па інтарэсах, папулярызацыя і развіццё спорту, турызму, творчасці і навукі. Партал не мае аналагаў у гэтым кірунку. Дзякуючы яму, кожны зможа знайсці справу па душы і месца для заняткаў.

У малодшай групе ў намінацыі “Хімічныя тэхналогіі, нафтахімія” перамога была прысуджана Настассі Жалудоўскай і Маргарыце Курыпчанка, адзінаццацікласніцам гімназіі № 40 Мінска, якія дасканала вывучылі карысныя ўласцівасці экстракту рабіны чарнаплоднай і яго магчымае прымяненне ў касметычнай прамысловасці. Як высветлілі дзяўчаты, па ўтрыманні карысных рэчываў аронія пераўзыходзіць цытрусавыя, чырвоныя парэчкі і суніцы. Каб выпрабаваць сілу прыроды і ўласцівасці гэтых ягад на сабе, дзяўчаты распрацавалі арыгінальную рэцэптуру касметычных прадуктаў на аснове экстракту гэтых ягад і нават стварылі цэлы касметычны набор: шампунь і бальзам для валасоў, крэм для рук, крэм-гель для твару і ласьён для цела. Згодна з даследаваннямі, усе гэтыя прадукты адпавя­даюць нормам ДАСТа, таму арыгінальная рэцэптура можа быць выкарыстана ў масавай вытворчасці.

Юлія Булаўка, дацэнт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, распрацавала мадыфікаваныя дарожныя бітумы з адходаў нафтахімічнай палімернай вытворчасці. Па яе словах, такія бітумы будуць намнога таннейшыя, але лепшыя па якасці — з большай трываласцю і пластычнасцю, эластычнасцю, цепла- і трэшчынаўстойлівасцю, што ў цэлым павысіць якасць дарожнага пакрыцця.

Усе 20 пераможцаў праекта ў 10 намінацыях атрымалі ад партнёраў дыпломы, экастатуэт­кі і каштоўныя падарункі ў дзвюх узроставых катэгорыях: першая — навучэнцы, другая — студэнцкая і працоўная моладзь, маладыя навукоўцы. Яны будуць намініраваны на гранты Беларускага інавацыйнага фонду. 10 аўтараў найбольш перспектыўных праектаў атрымалі ад фонду грашовыя сродкі ў памеры да 40 тарыфных ставак на распрацоўку бізнес-планаў для іх далейшага ўдзелу ў штогадовым рэспубліканскім конкурсе інавацыйных праектаў.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.