Надвор’е ў каледжы заўсёды сонечнае

- 9:20Прафесійна-тэхнічная адукацыя

Сёння пачынаецца прыём дакументаў для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Усяго ў 2021 годзе для атрымання ССА плануецца прыняць 39,7 тысячы чалавек, у тым ліку 25,8 тысячы за кошт сродкаў бюджэту. Дзясяткі прафесійных каледжаў па ўсёй Беларусі чакаюць абітурыентаў. Установам прафесійнай адукацыі ёсць што прапанаваць навучэнцам. Напрыклад, Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж — сучасная ўстанова адукацыі, дзе з кожнага навучэнца вырастае добры спецыяліст і ў кожным фарміруецца дастойная асоба.

У каледжы ўжо шмат гадоў рыхтуюць работнікаў для аграпрамысловага сектара, тых, хто становіцца гаспадаром на сваёй зямлі. Дбайны гаспадар ведае, што для таго, каб атрымаць добры ўраджай, трэба пасадзіць зярняткі ў добрую глебу, забяспечыць ім правільны догляд і спадзявацца на спрыяльнае надвор’е. Такі гаспадарлівы падыход прымяняюць у Ваўкавыскім дзяржаўным аграрным каледжы для “вырошчвання” дастойных працаўнікоў. Для навучэнцаў рыхтуюць урадлівую глебу — гэта адукацыйнае асяроддзе, матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы. Правільны догляд забяспечваюць вопытныя, мудрыя і клапатлівыя педагогі. А добрае надвор’е — утульную атмасферу, якая спрыяе вучобе і творчасці, — ствараюць самі. І надвор’е ў каледжы заўсёды сонечнае.

Выхоўваюць аграрыяў

Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж — адна з найстарэйшых устаноў прафесійнай адукацыі Гродзеншчыны. Яго гісторыя пачалася з сельскагаспадарчай школы, якая рыхтавала загадчыкаў жывёлагадоўчых ферм і малодшых ветэрынарных фельчараў. За 65 гадоў установа вырасла ў сучасны каледж, які вядзе падрыхтоўку кадраў па некалькіх напрамках і на двух узроўнях адукацыі.

Тут захавалі першапачатковы аграрны кірунак — на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі рыхтуюць заатэхнікаў і фельчараў ветэрынарнай медыцыны. На спецыяль­насць “Заатэхнія” прымаюць навучэнцаў з агульнай базавай адукацыяй. Вучоба займае 3 гады і 6 месяцаў. Навучацца па гэтай спецыяльнасці можна і завочна, калі маеш агульную сярэднюю адукацыю.

На спецыяльнасць “Ветэрынарная медыцына” запрашаюць навучэнцаў як з агульнай базавай, так і з агульнай сярэдняй адукацыяй. Для першых навучанне будзе доўжыцца 3 гады і 8 месяцаў, для другіх — 2 гады і 8 месяцаў.

Варта адзначыць, што падчас атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучэнцы адначасова асвойваюць і рабочыя прафесіі. Так, будучыя фельчары ветэрынарнай медыцыны адначасова атрымліваюць рабочую прафесію аператар па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл і птушкі. Навучаючыся па спецыяльнасці “Заатэхнія”, адначасова атрымліваюць рабочыя прафесіі трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці, аператар машыннага даення, аператар па штучным асемяненні сельскагаспадарчых жывёл і птушкі. Гэта пашырае веды і ўменні будучых спецыялістаў, а значыць, робіць іх больш канкурэнтаздольнымі на рынку працы.

Яшчэ адзін кірунак падрыхтоўкі ў кале­джы — бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль. Бухгалтараў рыхтуюць на ўзроўні ССА на працягу 2 гадоў і 10 месяцаў на аснове агульнай базавай адукацыі.

Вядзецца ў каледжы і падрыхтоўка на ўзроў­ні прафесійна-тэхнічнай адукацыі — тут рыхтуюць вадзіцеляў, слесараў па рамонце аўтамабіляў, а таксама муляраў і тынкоўшчыкаў. Для навучання па гэтых спецыяльнасцях набіраюць навучэнцаў, якія атрымалі базавую адукацыю.

Сёння ў каледжы навучаюцца 687 вучняў. Штогод план прыёму ў каледж складае 125 чалавек на ўзроўні ССА і 50 чалавек на ўзроўні ПТА для навучання ў вочнай форме. Таксама 15 чалавек прымаюць для навучання ў завочнай форме па спецыяльнасці “Заатэхнія”.

Каледж рыхтуе кадры ў першую чаргу для аграрнага сектара. Нягледзячы на стэрэатыпы, якія склаліся апошнім часам, гэта перспектыўныя прафесіі. Якія б часы ні надышлі, такія работнікі заўсёды будуць запатрабаваныя. Усе выпускнікі каледжа працаўладкоўваюцца, штогод колькасць месцаў, што прапануюцца для працаўладкавання, перавышае колькасць выпускнікоў. Акрамя таго, гэтыя спецыяльнасці і кваліфікацыі даюць выдатныя магчымасці для прафесійнага росту і атрымання жылля, а таксама дастойную заработную плату.

Цікава на занятках і пасля іх

У каледжы ёсць усё неабходнае, каб дзеці вучыліся, жылі і бавілі вольны час у камфортных умовах. Атрымліваць добрыя веды і практычныя навыкі яны могуць у вучэбным корпусе, корпусе практычных заняткаў, ветэрынарнай клініцы з віварыем для жывёл, вучэбна-вытворчых майстэрнях. У каледжы дзейніча­юць 22 сучасныя вучэбныя лабараторыі і 29 вучэбных кабінетаў, якія забяспечаны сучасным абсталяваннем і тэхнічнымі сродкамі навучання. У бягучым годзе набыты тры інтэрактыўныя сэнсарныя сістэмы, запланаваны сродкі для набыцця вучэбнага грузавога аўтамабіля.

Практычныя навыкі навучэнцы атрымліваюць падчас вытворчага  навучання і вытворчай практыкі. Для праходжання практыкі заключаны дамовы аб узаемадзеянні з вядучымі прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна і вобласці, такімі як Ваўкавыскі мясакамбінат, ААТ “Агракамбінат “Скідзельскі”, “Ханцчыцы-Нёман”, сельскагаспадарчае прадпрыемства “Варанецкі”, сельскагаспадарчы вытворчы кааператыў “Сынкавічы”, ААТ “Хацькоўцы”, Будаўніча-мантажны трэст № 32, аўтапарк № 6 Ваўкавыска, ПМК-143 і інш.

Высокую якасць адукацыі забяспечва­юць цудоўныя педагогі і майстры вытворчага навучання. Педагагічны калектыў каледжа — гэта 76 чалавек, сярод якіх ёсць кандыдат навук, магістры. 71% педагагічных работнікаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйныя катэгорыі.

Педкалектыў каледжа — гэта вопытныя людзі, якія працуюць творча і натхнёна. Яны заўсёды імкнуцца развівацца і самаўдасканальвацца, каб працаваць з навучэнцамі як мага больш эфектыўна. Так, яны актыўна выкарыстоўваюць у адукацыйным працэсе сучасныя інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі і самі распрацоўваюць электронныя сродкі навучання. Выкладчыкі спецыяльных дысцыплін С.П.Еўсікава, А.В.Панько, Н.Б.Лысевіч, І.Л.Кліменка, В.М.Серада распрацавалі электронны адукацыйны рэсурс для спецыяльнасцей “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”. Пад кіраўніцтвам кандыдата ветэрынарных навук  С.М.Кавальчука, выкладчыка сацыяльна-гуманітарных  навук Г.С.Лоечкі навучэнцы ажыццяўляюць даследчую і праектную дзейнасць. 

Толькі вучэбнымі заняткамі жыццё кале­джа не абмяжоўваецца. Для развіцця творчага патэнцыялу навучэнцаў, рэалізацыі іх разнастайных здольнасцей у каледжы працуюць 12 аб’яднанняў па інтарэсах мастацкай накіраванасці, ёсць актавая зала.

У каледжы створаны і функцыянуе музей баявой славы, краязнаўчы куток, на базе інтэрната аформлена музейная экспазіцыя “Беларуская хатка”, матэрыялы якіх актыўна выкарыстоўваюцца ў выхаваўчай і ідэалагічнай рабоце. Фарміраваць у моладзі найлепшыя асобасныя якасці дапамагае валанцёрскі атрад “Веста”, што дзейнічае ва ўстанове. Валанцёры аказваюць сацыяльную дапамогу людзям, якія трапілі ў цяжкія жыццёвыя сітуацыі, на працягу многіх гадоў шэфствуюць над выхаванцамі дзіцячага дома.

У вольны час навучэнцы могуць наведваць спартыўныя секцыі па футболе, баскетболе, валейболе, настольным тэнісе, агульнай фізічнай падрыхтоўцы, аэробіцы. Для заняткаў спортам ёсць спартыўны комплекс. Дарэчы, Ваўкавыскі дзяржаўны аграрны каледж заняў 3-е месца ў абласным аглядзе-конкурсе “Лепшая вучэбна-спартыўная база” сярод устаноў агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Так што ўмовы для заняткаў спортам тут больш чым дастойныя.

Каледж прапануе навучэнцам утульны інтэрнат на 300 месцаў.

Ганарыцца кожным навучэнцам

Паспяховая дзейнасць каледжа ўвасабляецца ў дасягненнях навучэнцаў, у першую чаргу ў іх прафесійных поспехах. Выпускнікі каледжа займаюць вядучыя пасады на прад­прыемствах аграпрамысловага комплексу раёна, вобласці, краіны. Нямала выпускнікоў засталіся ва ўстанове і перадаюць свае веды і вопыт маладому пакаленню ў якасці педагогаў і майстроў вытворчага навучання. Тут нават ёсць працоўныя дынастыі.

Аб эфектыўнасці дзейнасці каледжа сведчаць і шматлікія поспехі навучэнцаў у разнастайных конкурсах, фестывалях, канферэнцыях. Навучэнцы каледжа штогод становяцца пераможцамі рэспубліканскіх конкурсаў прафесійнага майстэрства як у камандным, так і ў асабістым заліку. Так, у 2019 і 2020 гадах у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Ветэрынарная медыцына”  прадстаўнікі каледжа заваявалі 1-е месца, па спецыяльнасці “Заатэхнія”— 2-е месца, у абласным этапе Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства “Цагляны мур” — таксама 2-е.

Дыплома ІІ ступені ўдастоены прадстаўнікі каледжа ў Абласным конкурсе прафесійнага майстэрства па прафесіі слесар па рамонце аўтамабіляў у намінацыі “Электрычная частка рухавіка”, дыплома ІІІ ступені — у намінацыі “Тармазная сістэма легкавога аўтамабіля”. Дыплом ІІ ступені навучэнцы прывезлі з абласнога форуму маладых бухгалтараў. 

Творчыя перамогі — таксама не рэд­касць для навучэнцаў каледжа. Творчыя калектывы ўстановы ганарацца дыпломамі абласнога і заключнага этапаў Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці навучэнцаў і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі — 2021”.

— Сёння наш каледж — гэта ўстанова, якая адкрывае мноства перспектыў для маладых людзей, — расказвае дырэктар каледжа Андрэй Жук. — Паспяховую работу ўстановы забяспечваюць кампетэнтныя, адказныя кадры. Педагагічны калектыў каледжа — гэта аднадумцы, якія шануюць і прымнажаюць традыцыі ўстановы адукацыі. Асноўныя прынцыпы, якімі кіруецца наш калектыў, — гэта дысцыпліна, высокая якасць і эфектыўнасць работы, адказнасць, узаемапавага ўсіх удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Навучэнцы каледжа — энергічныя маладыя людзі, якія імкнуцца с­таць добрымі спецыялістамі і дастойнымі грама­дзянамі. За сваю 65-гадовую гісторыю каледж падрыхтаваў каля 16 тысяч спецыялістаў сярэдняга звяна і прадстаўнікоў рабочых прафесій. Мы і надалей будзем працаваць так, каб ганарыцца кожным нашым выпускніком.

Тэрміны прыёмнай кампаніі для атрымання сярэдняй спецыяльнай адукацыі

Прыём дакументаў на аснове агульнай базавай адукацыі на бюджэтную форму навучання будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 3 жніўня.

Для навучання на платнай аснове дакументы можна падаць у перыяд  з 20 ліпеня па 14 жніўня (для абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 3 жніўня). Уступныя іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня.

Прыём дакументаў на аснове агульнай сярэдняй адукацыі або прафесійна-тэхнічнай з агульнай сярэдняй адукацыяй на бюджэтную форму навучання будзе ажыццяўляцца з 20 ліпеня па 12 жніўня. 

Падаць дакументы для навучання на платнай аснове можна з 20 ліпеня па 17 жніўня (для абітурыентаў, якія будуць здаваць уступныя іспыты па спецыяльнасці, — па 12 жніўня). Уступ­ныя іспыты пройдуць з 13 па 15 жніўня.

Прыём дакументаў ад жадаючых атрымаць сярэднюю спецыяльную адукацыю ў вочнай (вячэрняй) або завочнай форме за кошт сродкаў бюджэту або на платнай аснове па спецыяльнасцях сельскай гаспадаркі і воднага транспарту — з 1 кастрычніка па 30 лістапада. Уступ­ныя іспыты пройдуць з 1 па 5 снежня.

Дар’я РЭВА.