Надзейны драйвер

- 10:32World Skills, Якасць адукацыі

Гісторыя ўдзелу нашай краіны ў WorldSkills International пакуль зусім кароткая, але гэты рух ужо трывала ўваходзіць у нацыянальную сістэму прафесійнай адукацыі і ўвогуле ў жыццё нашай моладзі. Цяпер пытанне “А ты ўдзельнічаў у конкурсе WorldSkills?” перастае быць рытарычным. У рамках гэтай сусветнай арганізацыі наша нацыянальная каманда выступае ўжо другі раз. Нядаўна з Казані вярнуліся ўдзельнікі міжнароднага спаборніцтва WorldSkills-СНД. Якім быў гэты конкурс для нашых канкурсантаў, якія высновы зроблены пасля выступлення беларускай каманды, што плануецца змяніць у падрыхтоўцы каманды для ўдзелу ў WorldSkills-Бразілія — аб усім гэтым нашым чытачам расказваюць рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі А.Х.ШКЛЯР і першы прарэктар інстытута Э.М.КАЛІЦКІ.

— Аркадзь Ханонавіч, Эдуард Мечыслававіч, шчыра віншуем вас з выдатным выступленнем нашай нацыянальнай каманды ў міжнародным спаборніцтве WorldSkills Садружнасці Незалежных Дзяржаў. Ці апраўдалі вы свае надзеі?
А.Х.Шкляр. Вялікі дзякуй. У нас пакуль зусім свежыя пачуцці ад удзелу нашай каманды ў спаборніцтве WorldSkills-СНД+, але хваляванні крыху ўлягліся, можна ўжо раскласці ўсё па паліцах, што і як было.
Арганізатарам чэмпіянату выступіў Саюз WorldSkills Russia. У спаборніцтве прынялі ўдзел больш за паўтысячы канкурсантаў з 46 рэгіёнаў Расіі і 5 іншых краін — Беларусі, Ізраіля, Фінляндыі, Казахстана і Марока. Спаборніцтва паміж удзельнікамі праводзілася па 55 кампетэнцыях (менавіта столькі прадстаўляе сёння WorldSkills). Наша каманда ўдзельнічала ў 17 намінацыях. Улічваючы тое, што мы мелі дагэтуль вопыт удзелу нашых навучэнцаў толькі ў конкурсах прафесійнага майстэрства рэспубліканскага маштабу, то, прысутнічаючы на міжнародным спаборніцтве, дзе ўпершыню выступалі нашы выхаванцы, вельмі хацелася паглядзець, ці выканаюць яны ў адпаведнай кампетэнцыі заданні з міжнароднымі патрабаваннямі, як яны вытрымаюць саму атмасферу міжнароднага спаборніцтва. Увогуле хацелася параўнаць майстэрства нашых выхаванцаў з замежнымі канкурсантамі, паглядзець, як выглядае наша сістэма прафесійнай адукацыі на фоне іншых краін, і адчуць тыя сусветныя трэнды, якія сёння характэрны для эканомік іншых краін.
У выніку мы заваявалі шмат узнагарод, а ў намінацыі “Дызайн адзення” наша ўдзельніца была першай. Мяркуючы па высокіх ацэнках, якія атрымалі нашы канкурсанты, можна з упэўненасцю сказаць, што тую задачу, якую сфармулявала Міністэрства адукацыі і якую ставіў перад гэтым спаборніцтвам наш інстытут, мы выканалі.

— Як бачна, рух WorldSkills адкрывае для нашай сістэмы прафесійнай адукацыі новыя абсягі.
— Адназначна, так, і я ні ў якім разе не перабольшу ў гэтым уплыў WorldSkills International. Дзякуючы гэтай арганізацыі, наша сістэма прафесійнай адукацыі выйшла на новы ўзровень свайго развіцця.
WorldSkills International — гэта вялікая школа будучага развіцця сістэмы прафесійнай адукацыі краіны. Сёння мы сябе паўнацэнна адчуваем у міжнароднай эканамічнай прасторы і можам бачыць, як развіваецца эканоміка перадавых краін свету, як ідзе развіццё інфармацыйных тэхналогій у розных галінах эканомікі, як вядзецца ў іншых краінах прафесійная падрыхтоўка. А гэта для нас значная карысць. На жаль, сёння ў нашай краіне мы з цяжкасцю можам сфарміраваць тыя кампетэнцыі, якія патрэбны для падрыхтоўкі высокакваліфікаваных спецыялістаў, гатовых працаваць у інавацыйнай эканоміцы. Таму, атрымаўшы доступ да інфармацыі WorldSkills International, а гэты доступ мы маглі атрымаць пасля таго, як урад нашай краіны прыняў рашэнне ўступіць у гэтую аўтарытэтную арганізацыю, мы звязваем вялікія надзеі развіваць прафесійную падрыхтоўку з улікам міжнародных стандартаў і выхоўваць нацыянальную прафесійную эліту.
Рух WorldSkills шырока падтрыманы ў нашай краіне. Сведчаннем гэтага стаў той факт, што ў склад нашай дэлегацыі ў Казані ўвайшлі прадстаўнікі сістэмы прафесійнай адукацыі з усіх рэгіёнаў нашай краіны, што яшчэ раз пацвярджае, што рухам WorldSkills ахоплена ўся Беларусь.

— Ці ўдалося вам сфарміраваць нацыянальную каманду?
— Мне прыемна адзначыць, што за кароткі час падрыхтоўкі нашай нацыянальнай каманды мы змаглі стварыць каманду аднадумцаў з ліку як экспертаў, так і канкурсантаў, якая была зматывавана на дасягненні высокіх вынікаў. А гэта, скажу вам, было няпроста. Усе ўдзельнікі каманды прыехалі з розных рэгіёнаў, раней ніколі не сустракаліся. Тое ж і з экспертамі. Але ўсіх аб’яднаў патрыятычны дух, які панаваў у нашай камандзе. Канечне, першы вопыт каманднага згуртавання ў нас ужо быў на Нацыянальным чэмпіянаце WorldSkills Belarus, але гэтае спаборніцтва праходзіла дома, у сваёй краіне. Па сутнасці, выступаць за мяжой прыйшлося нашым канкурсантам упершыню, таму, натуральна, псіхалагічная нагрузка была максімальнай. Кожны канкурсант адчуваў адказнасць за сваё выступленне не толькі перад сабой, перад сваёй установай, але і ўвогуле перад сваёй Радзімай, таму вельмі стараўся.

— Якія высновы былі зроблены пасля выступлення нашай каманды?
— Калі правесці аналіз выступлення нашай каманды, то ён неадназначны і патрабуе яшчэ больш глыбокага вывучэння. З улікам першага ўражання магу сказаць, што па тых кваліфікацыях, якія звязаны з інфармацыйнымі тэхналогіямі, такія як мехатроніка, мабільная робататэхніка, адміністраванне сеткавых інфармацыйных сістэм, тэхнічнае праектаванне CAD, мы паказалі не тыя вынікі, якія чакалі. А па такіх кваліфікацыях, як сталярныя, абліцовачныя работы, цырульніцтва, дызайн адзення, па якіх трацыйна рыхтуюць у сістэме прафесійна-тэхнічнай адукацыі, мы выглядалі вельмі дастойна.
Сёння наша краіна толькі вучыцца рыхтаваць спецыялістаў для інфармацыйных тэхналогій. І гэта зусім іншая дыдактыка падрыхтоўкі, якая патрабуе практыкаскіраванасці навучання, а гэта значыць, больш дасканалай вучэбна-вытворчай базы, аснашчанай сучасным абсталяваннем, у тым ліку і прамысловым, а таксама больш высокакваліфікаванага складу выкладчыкаў, укаранення новых методык і новых кампетэнцый. Мы заўважылі ўсе гэтыя нюансы і пачынаем карэкціраваць падрыхтоўку кадраў па гэтых спецыяльнасцях. З гэтай мэтай ужо праведзены некалькі рабочых сустрэч з прадстаўнікамі БНТУ, Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта, дзе пастаўлены неабходныя задачы.
Што тычыцца традыцыйных рабочых прафесій, то поспех складаўся з эфектыўнай падрыхтоўкі канкурсантаў у самой навучальнай установе пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання і выкладчыкаў спецдысцыплін, стажыроўкі канкурсантаў і педагогаў у іншых краінах, уплыву экспертаў, асабліва з ліку работнікаў прадпрымстваў і арганізацый, якія прадставілі самыя сучасныя патрабаванні вытворчасці да падрыхтоўкі рабочых кадраў. На мой погляд, на конкурс у Бразілію трэба везці ўсіх тых канкурсантаў, якія ўдзельнічалі ў спаборніцтве ў Казані. Не пабываўшы на такіх спаборніцтвах па большасці кампетэнцый, якія будуць прадстаўлены ў Бразіліі, мы можам яшчэ на некалькі гадоў адкінуць развіццё гэтых кампетэнцый у нашай краіне, таму той вопыт міжнародных спаборніцтваў, якімі з’яўляюцца Алімпійскія гульні працоўных рэсурсаў, павінен спрацаваць на развіццё нашай сістэмы прафесійнай адукацыі, на акрэсліванне яе новых кірункаў, сугучных з міжнароднымі. Наперадзе 2 месяцы інтэнсіўных трэніровак, падчас якіх нашы канкурсанты павінны ўзбагаціцца менавіта тымі ведамі і ўменнямі, якіх ім не хапіла на спаборніцтве ў Казані.
Удзел Беларусі ў WorldSkills International патрабуе больш уважлівага стаўлення да сістэмы прафесійнай адукацыі з боку нашых прадпрыемстваў і арганізацый, бізнесу, без якіх мы не зможам падрыхтаваць менавіта тыя кадры, якія запатрабаваны на рынку працы і якія забяспечаць устойлівае развіццё нашай краіны.

— Як выглядаюць на міжнародным узроўні нашы эксперты?
— Сапраўды, яшчэ адна важная задача, якую мы імкнёмся вырашыць у рамках WorldSkills International, — гэта фарміраванне экспертнага супольніцтва. У ролі экспертаў могуць выступіць лепшыя выкладчыкі ўстаноў вышэйшай, прафесійна-тэхнічнай, сярэдняй спецыяльнай адукацыі, прадстаўнікі вядучых дзяржаўных прадпрыемстваў, малога і сярэдняга бізнесу, якія маглі б потым у рамках галіновых саветаў уплываць на развіццё прафесійнай адукацыі нашай краіны, фарміраваць прафесійныя стандарты для розных кваліфікацый. Мы павінны мець такіх экспертаў, якія б валодалі неабходнымі ведамі міжнароднага ўзору і маглі трансліраваць гэтыя веды на падрыхтоўку будучых рабочых і спецыялістаў.
На гэтым спаборніцтве ва ўсіх намінацыях прысутнічалі эксперты еўрапейскага і сусветнага ўзроўню, аналізавалі і ацэньвалі майстэрства ўдзельнікаў спаборніцтва 613 расійскіх і міжнародных экспертаў, у тым ліку і беларускіх. Сёння, на жаль, выкладчыцкі склад, склад экспертаў — самае слабае месца ў сістэме прафесійнай адукацыі нашай краіны. Дзяцей можна навучыць усяму, толькі няма каму іх вучыць. Тое ж паказаў і WorldSkills. У той намінацыі, дзе быў слабы эксперт, быў і слабы вынік выступлення канкурсанта. У экспертнае супольніцтва ўваходзяць пакуль самавучкі, якія, магчыма, добра ведаюць неабходны вучэбны матэрыял, валодаюць замежнай мовай, але маюць пакуль адзінкавыя кантакты з калегамі з іншых краін, а большасць увогуле іх не мае. Адсюль слабае веданне замежнага вопыту, сучасных тэндэнцый у падрыхтоўцы па той ці іншай прафесіі. Таму, натуральна, на такія спаборніцтвы ўскладваем і задачу наладжвання больш цесных, прадукцыйных зносін нашых экспертаў з замежнымі. Разлічваем, што карысным будзе стварэнне групы экспертаў на ўзроўні СНД, пасяджэнне якой плануецца правесці ў Астане (Казахстан), дзе можна будзе абмяняцца вопытам у экспертнай справе, пазнаёміцца з навінкамі развіцця прафесійнай адукацыі іншых краін. Магчыма, будзе створаны свой экспертны клуб у кожнай краіне Садружнасці.

— Як вядома, сёння такі тэрмін, як “драйвер” (рухальная сіла), прымяняльны ў дачыненні да сістэмы прафесійнай адукацыі.
Э.М.Каліцкі. Так, сапраўды ў свеце вызначаны драйверы (рухальныя сілы) прафесійнай адукацыі. Іх сёння ўжо даволі многа. Напрыклад, адзін з іх — старэнне працоўных рэсурсаў, што рухае сістэму прафесійнай адукацыі ў бок запаўнення вызваленых вакансій, прымушае вучыць дарослае насельніцтва, павялічваць пенсіённы ўзрост. Яшчэ адзін драйвер — гэта ўкараненне новых тэхналогій, якія патрабуюць іншай, больш высокай кваліфікацыі кадраў. Драйверам з’яўляецца і ўвогуле інфарматызацыя прафесійнай адукацыі. Акрамя таго, драйверамі прызнаны і новыя крокі ў развіцці прафесійнай адукацыі некаторых краін. Так, у ЗША сёння праходзіць рэіндустрыялізацыя, калі робаты замяняюць людзей амаль на ўсіх участках вытворчасці. Ёсць шмат рухальных сіл і ў самой сістэме прафесійнай адукацыі.
Адным з такіх вядучых драйвераў з’яўляецца WorldSkills, дзе назапашаны велізарны міжнародны вопыт, які можа быць істотнай рухальнай сілай сістэмы прафесійнай адукацыі. Значнасць WorldSkills для сусветнай эканамічнай прасторы пацверджана ўжо не на адным прыкладзе. Так, за час удзелу ў гэтым спаборніцтве такая краіна, як Тайвань, заваявала 90 залатых медалёў! Што можа быць лепшай адзнакай для прафесійнай адукацыі гэтай краіны ў сусветным рэйтынгу самых перадавых эканомік…

— За кошт WorldSkills мы імкнёмся ўзмацніць імідж прафесійнай адукацыі нашай краіны…
— Відавочна, што з таго часу, як у нашым лексіконе з’явілася слова “WorldSkills”, нам уяўляецца функцыянаванне сістэмы прафесійнай адукацыі ў новым рэчышчы. Мы лічым, што ў новых умовах яе дзейнасці ў маладых людзей павысіцца зацікаўленасць у атрыманні рабочай прафесіі, узрасце папулярнасць рабочых прафесій у маладзёжным асяроддзі. Акрамя таго, з прыходам да нас WorldSkills мы назіраем зусім іншае, больш актыўнае стаўленне работадаўцаў да падрыхтоўкі рабочых кадраў, у іх істотна вырас інтарэс да прафесійнай падрыхтоўкі, што пацвердзіла актыўнасць прадпрыемстваў і арганізацый да падрыхтоўкі нашай каманды да спаборніцтва ў Казані.
Сёння важна выхоўваць у моладзі пазіцыю, што не так важна, якую ты маеш прафесію, важна быць лепшым у ёй, быць сапраўдным прафесіяналам, якім даражыць работадаўца. Менавіта такая рыса характару развіваецца ў маладых людзей пры ўдзеле ў спаборніцтвах такога маштабу, як WorldSkills, і гэта было адчувальна. Сапраўды, у час такога конкурсу ты маеш магчымасць паказаць усё сваё майстэрства, параўнаць сябе з равеснікамі, адчуць салодкі смак перамогі, сваю значнасць, увогуле падняць сваю асабістую планку. Такая зацікаўленасць у атрыманні рабочай прафесіі павінна расці не толькі асабіста ў маладым чалавеку. У нашым грамадстве павінен фарміравацца станоўчы імідж рабочага чалавека. Трэба прызнаць, што сёння мы толькі-толькі паварочваем моладзь у бок атрымання рабочых прафесій, і менавіта тых, якія патрэбны рынку працы, а не ўзведзены самой жа моладдзю ў ранг модных. Нарэшце, выпрамляецца той перагіб, калі большасць выпускнікоў школ ідзе ва УВА, нават на тыя спецыяльнасці, якія ім не падабаюцца, толькі б атрымаць вышэйшую адукацыю. Пры ўсім гэтым ужо складваецца тэндэнцыя, калі моладзь усведамляе, што трэба вучыцца рабіць штосьці сваімі рукамі, а не хадзіць і ганарыцца толькі сваім атрыманым дыпломам. Сёння цаніцца пачынае не сам дыплом, а тое, што канкрэтна чалавек умее і рэальна можа рабіць.
Яшчэ адзін момант, які хочацца адзначыць. Раней мы агульна гаварылі аб неабходнасці ўдасканалення сістэмы прафесійнай адукацыі, павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў, удасканальвання вучэбна-матэрыяльнай базы, без канкрэтыкі гучалі прапановы і меркаванні. За імі нельга было ўбачыць канкрэтную ўстанову, педагагічны калектыў, прафесійную падрыхтоўку па той ці іншай прафесіі. Сёння пачаты кропкавы падыход, пры якім мы бяром канкрэтную прафесію і глядзім, на якім узроўні вядзецца па ёй падрыхтоўка, што закладзена ў змест навучання, якое абсталяванне прадстаўлена, наколькі прафесійна выкладчыкі вядуць падрыхтоўку, у чым мы адстаём ад іншых краін.
Кропкавы падыход у прафесійнай падрыхтоўцы па той ці іншай прафесіі сёння вельмі неабходны. Ён дапаможа выявіць недахопы, якія існуюць, а з дапамогай спаборніцтваў зірнуць на падрыхтоўку збоку. Напрыклад, узяць падрыхтоўку муляраў. Здавалася, усё ў парадку ў падрыхтоўцы па гэтай прафесіі. Але як паказаў WorldSkills у Казані, іншыя краіны вядуць падрыхтоўку па мулярных работах з выкарыстаннем камп’ютарных тэхналогій. А ў нашай вучэбнай праграме гэта не прадугледжана. Дык які вынік мы можам чакаць ад нашых муляраў на спаборніцтве?! Гаворачы ў цэлым, па многіх прафесіях падрыхтоўка ў нас вядзецца па-старому, архаічна, але ўсе да гэтага прызвычаіліся, здаецца, што так яно і трэба. Вось WorldSkills і мае на мэце паказаць, на якім узроўні сёння знаходзіцца падрыхтоўка па той ці іншай прафесіі, якія сусветныя стандарты па ёй існуюць і што нам трэба зрабіць, каб не адставаць.

— Ці ёсць увогуле ў свеце мадэль прафесійнай падрыхтоўкі кадраў або гэта клопат усё ж самой краіны?
— Шчыра кажучы, эталона прафесійнай падрыхтоўкі па той ці іншай прафесіі не існуе, яна пастаянна ўдасканальваецца, у яе ўносяцца ўсё новыя і новыя рысы ў залежнасці ад стану эканомікі, укаранення новых тэхналогій. Нават перадавыя краіны, у якіх эканоміка на высокім узроўні, таксама шукаюць новыя шляхі прафесійнай падрыхтоўкі, іншую яе філасофію. Узяць, напрыклад, вядомую ў нас дуальную сістэму падрыхтоўкі кадраў, якую мы так настойліва хочам укараніць. Яна прымяняецца ў Германіі і мае на ўвазе тэарэтычную падрыхтоўку ў навучальнай установе, а практычную — непасрэдна на прадпрыемстве. Сёння нашы калегі з Германіі ўжо шукаюць новыя, больш дасканалыя падыходы. А як мы можам укараняць у сябе тое, што з’яўляецца не зусім дасканалым і эфектыўным з погляду саміх заснавальнікаў дуальнай сістэмы? І ці магчыма капіраваць толькі замежны вопыт, забываючы пра свой? Напрыклад, у квітнеючым Сінгапуры ў аснове падрыхтоўкі кадраў закладзена савецкая сістэма, значыць у ёй шмат карыснага, якое мы павінны захоўваць у сябе, зберагаць свае традыцыі, улічваць свой менталітэт. Дарэчы, расіяне стварылі спецыяльную рабочую групу, каб выпрацаваць сваю нацыянальную мадэль прафесійнай адукацыі, знайсці сваё, арыгінальнае, выкарыстаць лепшыя здабыткі іншых, а не проста капіраваць чужы вопыт. Па такім шляху пойдзем і мы.

Гутарыла Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.