Нагрудны знак «Выдатнік адукацыі» атрымалі 10 настаўнікаў Міншчыны

- 10:10Новости

Дзейнасць музеяў, развіццё праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”, удзел у алімпіядным руху: на абласной канферэнцыі педагагічных работнікаў Міншчыны акрэслілі ключавыя напрамкі работы на новы навучальны год, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Намеснік міністра адукацыі Кацярына Пятруцкая падзякавала педагогам Міншчыны за працу, адданасць дзецям і прафесіі, за жаданне ісці ў нагу з часам і весці за сабой навучэнцаў, а таксама вызначыла акцэнты на новы навучальны год.

— Сёння важна пабудаваць эфектыўную сістэму ўзаемадзеяння з вучнёўскім саветам, — адзначыла К.Пятруцкая. — Асаблівую ўвагу варта ўдзяліць дзейнасці музеяў. Ведаю, што ва ўсіх установах адукацыі Міншчыны разгарнуліся экспазіцыі, пры­свечаныя генацыду беларускага народа. Што тычыцца планаў на навучальны год, то мы працягнем рэалізоўваць праект “Бацькоўскі ўніверсітэт”, удзелім увагу міжведамаснаму ўзаемадзеянню па захаванні бяспекі дзяцей і іх здароўя.

У Мінскай вобласці развіццё баць­коўскага ўніверсітэта было надзённым пытаннем нават падчас летніх канікул. На гэта ў тым ліку звярнуў увагу начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Мінаблвыканкама Мікалай Башко. Таксама кіраўнік нагадаў, што менавіта школа павінна закладваць падмурак светапогляду, асновы маральных установак, фарміраваць грамадзянскую пазіцыю.

— На Міншчыне праводзіцца маштабная работа па стварэнні ваенна-патрыятычных клубаў, — адзначыў Мікалай Мікалаевіч. — Сёння наша сумесная задача — паспяховая сацыялізацыя навучэнцаў у дынамічных умовах лічбавага грамадства, падрыхтоўка да ўсвядомленага выбару прафесіі. Плануецца, што ў новым навучальным годзе сярод прыярытэтных застаецца пытанне даступнасці і якасці адукацыі для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця. Што тычыцца асноўных напрамкаў работы педагогаў, то адным з кірункаў дзейнасці савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі вобласці стане павышэнне бацькоўскай пісьменнасці ў пытаннях выхавання і развіцця дзяцей дашкольнага ўзросту, стварэнне электроннага каталога “Адукацыйныя брэнды сістэмы дашкольнай адукацыі Мінскай вобласці: вопыт, перспектывы развіцця”.

Прыёмы мнематэхнікі калегам прадэманстравала настаўніца біялогіі гімназіі № 1 Слуцка Іна Хаўстовіч (другая справа)

Не абмінулі ўвагай падчас канферэнцыі і неабходнасць павышэння адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўню педагагічных кадраў. Асаблівая гордасць Міншчыны — педагогі — аўтары падручнікаў і вучэбных дапаможнікаў, актыўныя ўдзельнікі інавацыйнай і эксперыментальнай дзейнасці. Што тычыцца метадыстаў, то адпаведную катэгорыю маюць 72 педагогі. Прыкметна, што ў рэгіёне праводзіцца работа па пазачарговым прысваенні другой кваліфікацыйнай катэгорыі маладым спецыялістам.

На абласным мерапрыемстве былі закрануты ў тым ліку пытанні рэалізацыі інавацыйных і эксперыментальных праектаў. Так, на Міншчыне развіваецца робататэхніка, Scratch-праграмаванне, пашыраецца сетка класаў прафесійнай накіраванасці.

— Вядзецца актыўная работа па навучанні школьнікаў фінансавай дасведчанасці, — заўважыў начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі. — З гордасцю магу сказаць, што за мі­нулы навучальны год мы атрымалі 27 дыпломаў на рэспубліканскім конкурсе навукова-даследчых работ, заваявалі 11 медалёў на міжнародных алімпіядах і 83 узнагароды на міжнародных конкурсах даследчага характару. Нашы 38 вучняў і 2 педагогі адзначаны спецыяльным фондам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Па выніках здачы ЦТ і ЦЭ 175 выпускнікоў атрымалі 100 балаў.

Мікалай Башко акцэнтаваў увагу, што ў вобласці актуальнай застаецца арганізацыя работы па падрыхтоўцы адораных дзяцей да ўдзелу ў алімпіядным руху. Ён упэўнены: якасны вынік — гэта сістэмная работа педагогаў-трэнераў, навучэнцаў, бацькоў, кіраўнікоў устаноў адукацыі сумесна з абласным інстытутам развіцця адукацыі.

Прыемнай часткай мерапрыемства стала ўзнагароджанне педагогаў. Ганаровыя граматы і падзякі з рук старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына атрымалі загадчыца дзіцячага сада № 6 Фаніпаля Юлія Пражэнік, настаўніца мастацтва сеніцкай сярэдняй школы № 2 Святлана Гулевіч, настаўніца рускай мовы і літаратуры гімназіі № 1 Слуцка Юлія Савановіч і інш.

Нагрудны знак “Выдатнік адукацыі” атрымалі 10 настаўнікаў, сярод якіх дырэктар гімназіі № 1 Слуцка Алена Міронава, настаўнік фізікі клецкай сярэдняй школы № 3 Аляксандр Шалік, настаўнік фізікі Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя Канстанцін Сечка, настаўніца хіміі гімназіі Мядзела Наталля Клімовіч і інш.

Наталля САХНО
Фота аўтара