Наймальнікі чакаюць рабочую сілу, і перш за ўсё кваліфікаваную

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Сітуацыя на рынку працы паляпшаецца. Аб гэтым заявіла ў эфіры тэлеканала “Беларусь 1” міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч.

“Услед за эканамічным ростам сапраўды паляпшаецца сітуацыя на рынку працы. Запавольваецца тэмп зніжэння занятых у эканоміцы. Вымушаная няпоўная занятасць скарацілася ў два разы ў параўнанні з мінулым годам. І гэта ўсяго толькі 2 працэнты ад спісачнай колькасці. Маецца на ўвазе сярэдні і вялікі бізнес, які маніторыцца штомесяц”, — расказала Ірына Касцевіч.

Асаблівую ўвагу яна звярнула на галоўны паказчык рынку працы — узровень фактычнага беспрацоўя. “Пакуль ёсць даныя толькі за люты — 5,1 працэнта. Гэта 260 тысяч беспрацоўных ва ўзросце 15—74 гады. Ацэнка праводзіцца ў адпаведнасці з міжнароднай метадалогіяй. Калі звярнуцца да 2017 года, то было 5,6 працэнта беспрацоўных, у 2016 — 5,8 працэнта. Гэта значыць, мы бачым паступовае паляпшэнне”, — адзначыла міністр.

Колькасць вакансій сведчыць пра тое, што попыт на рабочую сілу расце. “Паводле аператыўных даных, ёсць 76 тысяч вакансій. Гэта значыць, наймальнікі чакаюць рабочую сілу, перш за ўсё кваліфікаваную”, — падкрэсліла Ірына Касцевіч. Яна дадала, што за 5 месяцаў з пачатку года прайшлі перападрыхтоўку больш за 3 тысячы чалавек па запатрабаваных прафесіях.

Акрамя ратацыі кадраў, сітуацыя паляпшаецца за кошт стварэння рабочых месцаў. “Штомесячны маніторынг паказаў: на сярэдніх і вялікіх прадпрыемствах тэмп росту стварэння рабочых месцаў складае 115 працэнтаў. Калі ў мінулым годзе за 5 месяцаў іх было створана 11 тысяч, то за аналагічны перыяд 2018 года — 13 тысяч. Што тычыцца новых прадпрыемстваў, то тут тэмп росту — 110 працэнтаў”, — прывяла даныя міністр. Таксама індывідуальных прадпрымальнікаў за 5 месяцаў зарэгістравана на 4 працэнты больш, чым за той жа перыяд мінулага года.