Каманда “Квант” з Гродзенскай гарадской гімназіі стала пераможцай І Гродзенскага гарадскога адкрытага турніру юных матэматыкаў, у якім бралі ўдзел вучні 5—7 класаў. Гэта каманднае спаборніцтва, дзе ад удзельнікаў патрабавалася ўменне рашаць матэматычныя заданні даследчага характару, аргументаваць атрыманыя вынікі, граматна адстойваць пазіцыю ў публічнай дыскусіі.
Турнір быў арганізаваны факультэтам даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і факультэтам матэматыкі і інфарматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы пры ўзаемадзеянні з факультэтам прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ. Арганізатары ставілі мэтай павышэнне зацікаўленасці дзяцей у вывучэнні матэматыкі, развіццё іх інтэлектуальных здольнасцей, а таксама актывізацыю творчай работы педагогаў, выкладчыкаў універсітэта і студэнтаў з адоранымі вучнямі. Дарэчы, акрамя прафесіяналаў, у склад журы турніру ўваходзілі і студэнты.
Як паведаміла старшыня журы, загадчыца кафедры сучасных тэхналогій даўніверсітэцкай адукацыі ГрДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук Ірына Карлюкова, заяўкі на ўдзел у турніры падалі 14 каманд. Па выніках выканання папярэдніх заданняў былі вызначаны ўдзельнікі вочнага тура, якія падчас асенніх канікул правялі адборачныя і фінальныя баі.
Для правядзення завочнага тура аргкамітэт падрыхтаваў заданні даследчага характару. Даследаванні па кожным заданні афармляліся ў выглядзе пісьмовага даклада. Кожнае заданне ацэньвалася ад 0 да 10 балаў, і па іх выніках складаўся папярэдні рэйтынг каманд.
У вочным туры прымалі ўдзел каманды з Гродна і Шчучынскага раёна. Ён уключаў камандную экспрэс-алімпіяду “Матэматычная карусель” і галоўны элемент турніру — адборачны і фінальны матэматычныя баі, якія праходзілі ў выглядзе дыскусіі. У кожным раўндзе каманды выступалі ў адной з чатырох роляў: дакладчыка, апанента, рэцэнзента і назіральніка. Трэба адзначыць, што вучні паспяхова справіліся з гэтымі ролямі, паказаўшы ўменне карэктна весці навуковую дыскусію і граматна аргументаваць сваю пазіцыю.
— Мы жылі турнірам больш за месяц, — расказвае настаўніца каманды-пераможцы Алена Шылко. — Да ўдзелу ў турніры была сфарміравана каманда: шасцікласнікі Аляксей Пырко — капітан, Арцём Рудакоў, Марат Сацкевіч, Аляксей Шчарбаты, а таксама сямікласнікі Яўген Патурыла і Андрэй Хомбак. Рыхтаваліся да турніру на факультатыўных занятках. У дзяцей штодзень з’яўляліся новыя ідэі пры выкананні заданняў, таму працаваць было вельмі цікава.
Другое месца занялі каманды з сярэдняй школы № 11 і гімназіі № 1 Гродна, на трэцім месцы — прадстаўнікі гродзенскіх гімназій № 7 і № 10. Кацярына Цюлькевіч з гімназіі № 7 была адзначана за самы лепшы даклад. Усе ўдзельнікі турніру атрымалі сертыфікаты і падарункі.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Настассі КАЧАН.