Наказ пераможцаў

- 10:50Апошнія запісы, Рознае

22—23 чэрвеня ў Беларусі пройдзе V Усебеларускі народны сход. Новы праект саюза моладзі “Дыялог пакаленняў “Кветкі Вялікай Перамогі” дапаможа лепш да яго падрыхтавацца. Першая сустрэча ў рамках праекта прайшла ў пятніцу ў парку Перамогі ў Мінску. Яе ўдзельнікамі сталі 150 маладых дэлегатаў з усёй Беларусі, ветэраны вайны і працы, палітыкі, дзеячы культуры, прадстаўнікі спорту, бізнесу, навукі. Экспертамі ў дыялогу паміж двума пакаленнямі выступілі дзяржаўныя дзеячы.

Кожнае пакаленне робіць свой уклад у скарбонку перамог. Галоўнае, што нам падарылі прадзеды, — гэта мірнае неба і незалежная краіна, і цяпер слова за моладдзю. Што яна лічыць залогам перамог? Як выхоўваць моладзь, каб яна была верная сваёй Радзіме? Як прымяняць вопыт старэйшага пакалення ў рэаліях сённяшняга дня? Гэтыя і іншыя тэмы сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны былі вынесены на абмеркаванне ў дыялогу. Свой наказ моладзі далі тыя, хто некалі залажыў “Кветкі Вялікай Перамогі”, — пакаленне пераможцаў і тыя, хто дасягнуў поспехаў ужо ў незалежнай краіне.

Наталля Качанава, намеснік прэм’ер-міністра, падкрэсліла важнасць удзелу моладзі ў такім значным мерапрыемстве, як Усебеларускі сход: “Моладзь — гэта тое пакаленне, якому давядзецца рэалізоўваць сённяшнія планы. Правядзенне такога мерапрыемства, як “Дыялог пакаленняў”, — гэта магчымасць пачуць меркаванне маладых людзей, іх ацэнку таго, што зараз адбываецца ў нашай краіне. Але яшчэ больш важна адчуць клопат маладога пакалення пра нашу краіну”.

“Правядзенне Усебеларускага сходу — гэта традыцыя Беларусі з 1996 года, ніякай іншай формы абмеркавання надзённых пытанняў, калі непасрэдна раяцца з народам, сучаснае грамадства не прыдумала, — лічыць эксперт “Дыялогу пакаленняў” Лідзія Ярмошына, старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі. — Існуе і рэферэндум, але гэта дарагое мерапрыемства, у ім няма жывога голасу асобных грамадзян, якія могуць выступіць. Чаму моладзь? Менавіта ёй будаваць нашу краіну і рухаць яе наперад у найбліжэйшыя пяць, дзесяць і пятнаццаць гадоў. Лічу, што моладзь на вопыце Усебеларускіх сходаў не толькі дае парады, яна вучыцца кіраваць краінай”.

Дэлегаты актыўна выказвалі свае прапановы і парады, абмяркоўвалі, пра што абавязкова трэба спытацца на сходзе. Андрэй Савосцін заканчвае Гомельскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, і яго пытанне канкрэтнае: як пабудаваць кар’еру маладому спецыялісту? “Многія лічаць, што, каб стаць добрым кіраўніком, дастаткова добра вучыцца, дасягнуць пэўных вышынь у сваёй галіне, але на практыцы гэта не заўсёды так, — гаворыць Андрэй. — Мы павінны шукаць ініцыятыўных людзей, якія гэтага хочуць і маюць добрыя ідэі”.

Прафесійнай упэўненасці і хутчэйшаму кар’ернаму росту маладых спецыялістаў павінна паспрыяць і тое, што Міністэрства адукацыі Беларусі ўвяло паняцце “настаўніцтва” ў законапраект. Па словах Наталлі Пшанічнай, начальніка ўпраўлення па справах моладзі, юрысты прапанову падтрымалі, засталося дачакацца падтрымкі дэпутатаў.

Ідэі, выпрацаваныя ў пятніцу, будуць вынесены на абмеркаванне 22—23 чэрвеня. Арганізатары спадзяюцца, што іх будзе яшчэ шмат. Да названай даты “Дыялог пакаленняў” пройдзе ва ўсіх рэгіёнах краіны.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота БелТА.