Намеры павінны стаць вынікамі

- 12:26Навіны рэгіёнаў

У Гарадку Віцебскай вобласці пачаў работу адноўлены рэсурсны цэнтр па падрыхтоўцы спецыялістаў для сельскагаспадарчай вытворчасці. У найбліжэйшым паўгоддзі мясцовы каледж прырасце станцыяй тэхнічнага абслугоўвання і рамонту энерганасычаных трактароў, а ў перспектыве тут плануецца стварыць першы ў рэспубліцы тэхнапарк на базе ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

Фота да матэрыялу: Намеры павінны стаць вынікамі.Ва ўрачыстым адкрыцці рэсурснага цэнтра Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа прынялі ўдзел старшыня Віцебскага аблвыканкама Мікалай Шарстнёў, намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды, рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі Валерый Галубоўскі, начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Дзмітрый Хома, старшыня Гарадоцкага райвыканкама Пётр Карабач, кіраўнікі вядучых айчынных прадпрыемстваў па вытворчасці сельскагаспадарчай тэхнікі.

Цэнтр рэалізуе адукацыйную дзейнасць па правядзенні лабараторных і практычных заняткаў па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” з 2004 года. За гэты час падрыхтоўку ў Гарадку прайшлі больш за 1000 навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі вобласці і каля 500 работнікаў арганізацый аграпрамысловага комплексу. Навучанне кожнай групы навучэнцаў і работнікаў АПК арганізуецца на працягу аднаго тыдня, паралельна праводзіцца стажыроўка майстроў вытворчага навучання. У выкананне даручэння старшыні Віцебскага аблвыканкама ў 2018 годзе матэрыяльна-тэхнічная база цэнтра істотна аднавілася.

За кошт сродкаў абласнога бюджэту для рэсурснага цэнтра Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа набыты лабараторнае абсталяванне і вучэбныя стэнды на суму каля 180 тысяч рублёў; абсталяваны тры лабараторыі і чатыры вучэбныя класы, пры гэтым асвоена больш за 90 тысяч рублёў. Важкі ўклад у аднаўленне цэнтра ўнеслі буйныя галіновыя прадпрыемствы краіны, сярод якіх адкрытыя акцыянерныя таварыствы “Мінскі трактарны завод”, “Гомсельмаш”, “Птушкафабрыка Гарадок”, “Бабруйскаграмаш”, “Лідаграпраммаш” і “Віцебскі маторарамонтны завод”, усяго пастаўлена сучаснай тэхнікі і абсталявання на суму звыш 700 тысяч рублёў.

— Зроблена многае, — расказаў дырэктар каледжа Уладзімір Шыцько. — Віцебскі аблвыканкам выдзеліў каля 200 тысяч рублёў для набыцця сучаснага дыягнастычнага абсталявання. Дзякуючы ўзважанаму падыходу Міністэрства прамысловасці Рэспублікі Беларусь і асабіста Віталю Воўку, які на той час узначальваў міністэрства, мы атрымалі падтрымку практычна ўсіх вытворцаў сельскагаспадарчай тэхнікі рэспублікі. Для падрыхтоўкі навучэнцаў яны бязвыплатна выдзелілі рэсурснаму цэнтру найноўшыя ўзоры сваёй прадукцыі. Самую вялікую дапамогу нам аказаў Мінскі трактарны завод: два сучасныя трактары, лабараторыя па вывучэнні энерганасычаных трактароў. Адкрываючы сёння адноўлены рэсурсны цэнтр, хачу сказаць, што спыняцца на гэтым мы не збіраемся. У найбліжэйшыя шэсць месяцаў адкрыем станцыю тэхнічнага абслугоўвання і рамонту энерганасычаных трактароў. Мэта на найбліжэйшую перспектыву — стварыць на базе цэнтра тэхнапарк. У сувязі з гэтым мы вельмі разлічваем на цеснае супрацоўніцтва з вытворцамі, у першую чаргу — з калектывам Мінскага трактарнага завода.

Фота да матэрыялу: Намеры павінны стаць вынікамі.Начальнік аддзела прафесійнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Сяргей Каваленка нагадаў, што ва ўсіх установах сярэдняй спецыяльнай і прафесійнай адукацыі Віцебшчыны істотна зменены падыход да арганізацыі вытворчай практыкі. Перагледжаны вучэбныя планы ў бок павелічэння практычнай падрыхтоўкі. Будучыя работнікі аграпрамысловага комплексу праходзяць яе ў перадавых гаспадарках рэгіёна і маюць пры гэтым добрую заработную плату. Так, за два месяцы практыкі ў час уборачнай кампаніі ў асобных навучэнцаў Гарадоцкага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа зарплата перавысіла дзве тысячы рублёў. Пры неабходнасці пасля здачы адпаведнага кваліфікацыйнага экзамену ва ўстановах адукацыі на перыяд практыкі тым навучэнцам, хто не дасягнуў прадугледжанага заканадаўствам узросту атрымання вадзіцельскага пасведчання, выдаюцца часовыя пасведчанні механізатараў.

— Многія з вас былі на нарадзе па забеспячэнні сельскагаспадарчых арганізацый вобласці кадрамі рабочых і спецыялістаў, якая адбылася ў каледжы ў мінулым годзе. Час ляціць хутка, запланаванае ажыццяўляецца, вынікі відавочныя, — адзначыў Мікалай Шарстнёў, звяртаючыся да навучэнцаў. — Па-першае, гэта ўзмацненне практычнага складніка навучання і аплатная практыка. Яна і павінна займаць у прафесійным навучанні асноўны час, бо інакш мы не атрымаем спецыяліста. Калі падчас практыкі адчуеце дэфіцыт пэўных тэарэтычных ведаў — вы далей будзеце вучыцца з разуменнем, навошта патрэбна тэорыя. Мы сфарміравалі матэрыяльную базу, каб будучыя спецыялісты вучыліся без адрыву ад вытворчасці. Нашы заводы паставілі вам сучасную тэхніку, на ёй вы атрымаеце ўсе патрэбныя прафесійныя веды. У дачыненні да месца практыкі падыход застаецца цвёрды: толькі лепшыя сельскагаспадарчыя прадпрыемствы, дзе ёсць сучасная тэхніка. Думаю, літаральна праз некалькі гадоў слабых прадпрыемстваў АПК у вобласці не застанецца. Будзе новая сельская гаспадарка, і вам яе развіваць на новай тэхніцы, з дастойнай зарплатай і ўмовамі пражывання. Можа, зараз не кожнаму ў сказанае верыцца, але гэтак жа праляціць час, цяперашнія планы стануць вынікамі.

Уладзімір Шыцько: “Сёння суадносіны практычных і тэарэтычных заняткаў складаюць прыкладна 40 на 60 працэнтаў. Лічу, што нам трэба ісці ў напрамку павелічэння практычных заняткаў. Выканаць пастаўленую губернатарам вобласці задачу, каб навучэнцы старшых курсаў праходзілі бесперапынную практыку на працягу не менш як 6 месяцаў у самы разгар сельскагаспадарчых работ, цалкам рэальна. Наш калектыў разам з Рэспубліканскім інстытутам прафесійнай адукацыі гатовы ў будучым годзе такі эксперымент правесці”.

У размове аб планах развіцця рэсурснага цэнтра старшыня аблвыканкама асобна акцэнтаваў увагу: яго трэба ўкамплектаваць не толькі найноўшай айчыннай, але і імпартнай тэхнікай. Навучэнцы павінны супастаўляць яе ўзоры, выразна бачыць перавагі і недахопы, уносіць свае прапановы па эфектыўным выкарыстанні і ўдасканальванні. Менавіта пры такім падыходзе і з падтрымкай прамысловых прадпрыемстваў будзе паспяховай сельская гаспадарка. Варта дадаць, што ў цэнтры ўжо ўстаноўлена лабараторнае абсталяванне АТ “Пецярбургскі трактарны завод”. У снежні ў каледж будуць пастаўлены трэнажоры-сімулятары трактара “Беларус-1221” і збожжаўборачнага камбайна “Вектар” расійскай вытворчасці кампаніі “Форвард” для адпрацоўкі першапачатковых навыкаў работы на сельскагаспадарчай тэхніцы.

— Рэсурсны цэнтр працуе для таго, каб будучыя работнікі аграпрамысловага комплексу як мага хутчэй атрымлівалі прафесійныя веды, удасканальвалі іх і прыходзілі на вытворчасць у поўнай меры падрыхтаванымі, — падкрэсліў Мікалай Шарстнёў. — Каб не даводзілася інжынерам і механікам вучыць маладых спецыялістаў, а, наадварот, у моладзі вучыліся, бо яна лепш падрыхтаваная і валодае сучаснымі ведамі. Мы ствараем для гэтага ўсе ўмовы.

У 2018/2019 навучальным годзе ў Гарадку навучанне пройдуць 270 навучэнцаў і стажыроўку — 11 майстроў вытворчага навучання ўстаноў адукацыі вобласці. Таксама будзе арганізавана перападрыхтоўка і павышэнне кваліфікацыі работнікаў сельскагаспадарчых арганізацый. Генеральны дырэктар Мінскага трактарнага завода Фёдар Дамаценка выказаў упэўненасць, што цеснае партнёрскае ўзаемадзеянне вытворчых прадпрыемстваў з установамі прафесійнай адукацыі — жыццёвая неабходнасць.

— У адпаведнасці з задачамі, пастаўленымі Прэзідэнтам Рэспублікі Беларусь Аляксандрам Лукашэнкам на Усебеларускім народным сходзе, трэба ўзмацніць практычную падрыхтоўку навучэнцаў і студэнтаў у рэальных умовах. Мы перафармаціравалі свой навукова-тэхнічны цэнтр, стварылі галіновую лабараторыю, кафедру Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта на заводзе, — паведаміў кіраўнік МТЗ. — Пасля гэтага было вырашана пашырыць супрацоўніцтва з каледжамі і тэхнікумамі, якія рыхтуюць спецыялістаў для нашай галіны. Названая тэма будзе развівацца ва ўсіх абласцях, але за зыходную кропку быў выбраны Гарадоцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж. Віцебшчына з’яўляецца рэгіёнам, дзе мы праводзім эксплуатацыйнае выпрабаванне прадукцыі, менавіта сюды ў 2016 годзе завод накіраваў першыя 10 энерганасычаных трактароў (цяпер у вобласці працуе больш за 1000 адзінак падобнай тэхнікі). Тады ж мы сутыкнуліся з кадравай праблемай: як галаўному прадпрыемству нам давялося адкрыць у сябе курсы і арганізаваць падрыхтоўку спецыялістаў для работы на новай тэхніцы. Сёння падрыхтоўка такіх спецыялістаў на высокім узроўні вядзецца ў Гарадку. Мяркуйце самі: выпускнікі каледжа паспяхова выконваюць сістэмнае дыягнаставанне трактара — тое, што зусім нядаўна і ў нас на заводзе не рабілі. У холдынг уваходзяць прадпрыемствы сельгаспрофілю, у тым ліку ў Віцебскай вобласці, і мы збіраемся па пэўнай квоце рабіць заказ на выпускнікоў з Гарадка. Нам таксама патрэбны маладыя прафесіяналы, адданыя сваёй справе, працы і радзіме. Падтрымліваю ідэю стварэння на базе рэсурснага цэнтра тэхнапарка, што дазволіць каледжу прыцягнуць сродкі інавацыйнага фонду і яшчэ больш эфектыўна і плённа развівацца.

На цяперашні момант матэрыяльна-тэхнічная база каледжа ўключае вялікую колькасць лабараторнага абсталявання і больш за 70 адзінак трактароў і сельскагаспадарчых машын. Па дамоўленасці, у наступным годзе прадастаўленая сёлета ў часовае карыстанне рэсурснаму цэнтру энерганасычаная тэхніка будзе вернута прадпрыемствам-партнёрам. У сваю чаргу каледж наўзамен атрымае найноўшыя ўзоры іх прадукцыі. Падобная мадэль супрацоўніцтва з вытворцамі ўнікальная для айчыннай адукацыйнай прасторы.

Улічваючы, што каледж ажыццяўляе падрыхтоўку майстроў вытворчага навучання для ўстаноў прафесійнай адукацыі вобласці, актуальнасць вопыту рэсурснага цэнтра бачыцца яшчэ больш высокай. Для навучэнцаў ужо цяпер працуе факультатыў па дыягнаставанні і тэхнічным абслугоўванні энерганасычаных трактароў. Намер адкрыць станцыю абслугоўвання для энерганасычаных трактароў “МТЗ” і “Кіравец” абгрунтаваны распрацаванай рэсурсным цэнтрам адпаведнай вучэбнай праграмай. На базе цэнтра абсталяваны спецыяльны клас дыягнаставання са стэндамі прыватнага вытворчага ўнітарнага прадпрыемства “НТП “Цэнтр”. У перспектыве будзе распрацавана вучэбная праграма па дыягнаставанні сельскагаспадарчых машын і збожжаўборачных камбайнаў. У рамках рэалізацыі адукацыйных праграм каледж плануе заключэнне дагавораў аб падрыхтоўцы навучэнцаў устаноў адукацыі іншых рэгіёнаў і суседніх краін, у першую чаргу Расіі, Літвы, Латвіі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.