Наперад, за здароўем!

- 10:37Навіны рэгіёнаў

З мэтай прапаганды фізічнай культуры і спорту, фарміравання здаровага ладу жыцця сярод педагагічных работнікаў на Магілёўшчыне на мінулым тыдні па ініцыятыве мясцовых выканкамаў галіновага прафсаюза ў Бабруйску адбыліся спаборніцтвы па плаванні, а ў Мсціславе — па лыжных гонках.

Турнір па плаванні сабраў разам звыш 100 педагогаў з трыццаці дзвюх устаноў адукацыі. Згодна з праграмай, заплывы праводзіліся ў вольным стылі. Адрознівалася толькі даўжыня дыстанцыі. Мужчыны плылі сто метраў, жанчыны — пяцьдзясят.
— Правядзенне гэтага турніру — гэта ўжо традыцыя. Спаборніцтвы па розных відах спорту праводзяцца на працягу года. Такія сустрэчы ў значнай ступені гуртуюць педагагічныя калектывы, служаць для іх добрым адпачынкам, карысным правядзеннем вольнага часу, — адзначыла старшыня Бабруйскага гаркама прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Руслана Краўцова.Каб кожны мог праявіць сябе, усе ўдзельнікі спаборніцтваў былі падзелены на тры ўзроставыя катэгорыі: да 35 гадоў, ад 36 да 50, старэй за 50. Волю да перамогі праявіў кожны з аматараў плавання. Барацьба за прызавыя месцы разгарнулася напружаная. У выніку сярод жанчын уладальніцамі пераможных дыпломаў сталі настаўніца фізкультуры сярэдняй школы № 6 Бабруйска Наталля Серада, загадчыца касцюмернай Цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі “Росквіт” Марына Нямцова і выхавальніца гарадскога ясляў-сада № 79 Галіна Ярмоленка. Сярод мужчын перамогу святкавалі настаўнікі фізкультуры Віталь Крычко з сярэдняй школы № 8, Дзмітрый Парахневіч з сярэдняй школы № 17 і Ігар Яловік з сярэдняй школы № 27 горада.
Спаборніцтвы ў Мсціславе праходзілі не менш насычана. На старты тут выйшлі трыццаць пяць педагогаў з дзевятнаццаці ўстаноў адукацыі. Жанчыны пераадольвалі дыстанцыю ў 1,5 кіламетра, мужчыны паказвалі свой спрыт на лыжні працягласцю 3 кіламетры. Па выніках гонкі дыпломы трэцяй ступені заваявалі педагогі Шамоўшчынскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Аляксей Аляксандраў і Ірына Рыбакова, другое месца — за прадстаўнікамі Капачоўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Сяргеем Фядосавым і Таццянай Волк. Пераможцамі ж сталі настаўніца фізкультуры гімназіі Мсціслава Наталля Чарнякова і настаўнік фізкультуры сярэдняй школы № 2 горада Генадзь Піскіжаў.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Федэрацыяй прафсаюзаў па Магілёўскай вобласці.