На XXIX Міжнароднай алімпіядзе па інфарматыцы (International Olympiad in Informatics — 2017), якая праходзіла ў іранскім Тэгеране з 28 ліпеня па 4 жніўня, беларускія школьнікі заваявалі 4 медалі. Выпускнік гімназіі № 8 Віцебска Артур Петухоўскі і навучэнец гімназіі № 2 Магілёва Аляксандр Кернажыцкі ўдастоены сярэбраных медалёў, выпускнік сярэдняй школы № 2 Лунінца Кірыл Гулін і выпускнік гімназіі № 51 Гомеля Фёдар Карабейнікаў — бронзавых. Дарэчы, юныя алімпіяднікі паўтарылі вынік мінулагодніх спаборніцтваў. Тады на рахунку беларусаў былі таксама 2 сярэбраныя і 2 бронзавыя медалі.
Кіраўнікамі каманд выступілі кандыдат фізіка-матэматычных навук дацэнт кафедры інжынернай псіхалогіі і эканомікі БДУІР Ірына Фёдараўна Кірыновіч і старшы выкладчык кафедры вылічальнай матэматыкі БДУ Аляксей Аляксандравіч Толсцікаў.
Усяго ў алімпіядзе прынялі ўдзел 304 школьнікі з 83 краін свету, што сведчыць пра вельмі сур’ёзную канкурэнцыю. Юныя інфарматыкі павінны былі прадэманстраваць майстэрства ў рашэнні алгарытмічных задач. Па водгуках удзельнікаў, задачы былі вельмі складанымі, цікавымі і шматэтапнымі, патрабавалі поўнай канцэнтрацыі і засяроджанасці. Навучэнцы спаборнічалі індывідуальна за камп’ютарам, а далей па сумарных балах за два туры фарміраваўся іх рэйтынг.
— Сёлетняе міжнароднае спаборніцтва было арганізавана на высокім узроўні — пачынаючы ад асабістай бяспекі ўдзельнікаў алімпіяды і заканчваючы арганізацыяй іх вольнага часу. Падчас знаходжання ў Іране мы былі акружаны клопатам і любоўю, — падзялілася сваімі ўражаннямі І.Ф.Кірыновіч. — Ужо ў аэрапорце адчулі цёплы прыём: дэлегацыі сустракалі фотарэпарцёры і журналісты, бралі бліцінтэрв’ю. Арганізатары стварылі цудоўныя ўмовы для правядзення рабочых тураў алімпіяды: сучасная тэхніка, магчымасць загадзя пазнаёміцца з праграмным асяроддзем і г.д. Праўда, алімпіядныя заданні былі самымі складанымі за апошнія гады, а я ў алімпіядным руху 15 гадоў. Ніякія вядомыя метады для рашэння, стандартныя алгарытмы не падыходзілі. Удзельнікам неабходна было шукаць свае спосабы рашэння. І нашы вучні не разгубіліся, справіліся з гэтай задачай. Чатыры медалі на рахунку беларусаў — гэта добры вынік. Па колькасці набраных балаў Беларусь увайшла ў пятнаццатку лепшых краін свету. Удзельнікі 19 краін, сярод якіх Японія, Кітай, Расія, Польшча, Карэя, атрымалі 26 залатых медалёў.
Пасля заканчэння двухдзённых спаборніцтваў юных праграмістаў чакала цікавая і насычаная культурная праграма. Арганізатары наладзілі экскурсію па Тэгеране. Навучэнцы наведалі самы высокі будынак у Іране, Нацыянальны батанічны сад, аквапарк і інш.
Лепшы вынік з чатырох членаў зборнай краіны паказаў Артур Петухоўскі. Ён заняў 43-е месца ў выніковай табліцы і стаў уладальнікам “серабра”. Артур — выхаванец добра вядомага віцебскага педагога Веранікі Паўлаўны Лакціной. Яе выпускнікі працуюць у буйных міжнародных ІТ-карпарацыях. Артур захапіўся праграмаваннем з 3 класа, калі старэйшы брат прывёў яго на заняткі да Веранікі Паўлаўны. Зараз за плячыма хлопца вялікі спіс перамог на самых прэстыжных спаборніцтвах. Ужо ў 6 класе ён атрымаў дыплом на абласной алімпіядзе, у 8 класе ўпершыню перамог на рэспубліцы, а летась прывёз “бронзу” з міжнародных спаборніцтваў. Толькі ў 2017 годзе Артур перамог у чатырох алімпіядах. А ў адкрытай алімпіядзе школьнікаў універсітэта Інопаліс Артур стаў бясспрэчным лідарам.
Па словах В.П.Лакціной, Артур — мэтанакіраваны і працаздольны юнак з вялікім патэнцыялам, бо дасягнуць такога ўзроўню развіцця, якога дасягнуў хлопец, можа не кожны. Ды і вытрымаць алімпіядны марафон няпроста. Каб прысвяціць сябе інфарматыцы, Артуру давялося зрабіць няпросты выбар і адмовіцца ад вялікага тэнісу, якім ён прафесійна займаўся.
Уладальнік бронзавага медаля навучэнец сярэдняй школы № 2 Лунінца Кірыл Гулін займаўся праграмаваннем з настаўнікам Іванам Альфрэдавічам Трэгубавым і да сваёй перамогі мэтанакіравана ішоў 6 гадоў. Сёлета хлопец быў адзначаны дыпломам І ступені на рэспубліканскай алімпіядзе. Толькі за 2016/2017 навучальны год Кірыл заваяваў дыпломы І ступені ў XI Адкрытай алімпіядзе школьнікаў па праграмаванні ў Маскве, у алімпіядзе па праграмаванні “Тэхнакубак-2017”, у XVII Усерасійскай алімпіядзе школьнікаў па інфарматыцы і праграмаванні ў Санкт-Пецярбургу і іншых спаборніцтвах.
Нягледзячы на тое, што на падрыхтоўку да шматлікіх спаборніцтваў затрачвалася шмат часу, вучоба не пакутавала — хлопец паспяхова скончыў школу. Педагог Кірыла лічыць, што да поспеху прыводзяць працаздольнасць і мэтанакіраванасць. Немалаважнае значэнне мае і сіла волі: калі яна ёсць, то, нават калі штосьці і не атрымліваецца, можна перасіліць сябе, і вынік абавязкова будзе. Усімі гэтымі якасцямі і валодае Кірыл Гулін.
Увайсці ў чацвёрку лепшых юных інфарматыкаў з усёй краіны і заявіць аб нашай краіне на міжнародным узроўні магілёўскаму дзесяцікласніку Аляксандру Кернажыцкаму ў многім дазволіла перамога ў рэспубліканскім этапе прадметнай алімпіяды. Аднакласнікі называюць яго геніем, а настаўнікі прыгадваюць, што ў 3 класе ён без памылак пісаў дыктанты за 9 клас. Яшчэ з пачатковай школы хлопец схопліваў усё на ляту і па развіцці значна апераджаў сваіх равеснікаў. Гэта заўважыла першая настаўніца і звярнулася ў магілёўскую гімназію з просьбай развіць схільнасці дзіцяці.
Інфарматыкай і праграмаваннем з Аляксандрам займаецца педагог з больш чым 20-гадовым стажам Алена Іванаўна Качанава. Трэніроўкі арганізоўваліся практычна кожны дзень мінімум па тры гадзіны, бо праграмаванне — тонкая навука. Тут няма нейкага традыцыйнага ці аптымальнага спосабу рашэння задач, як, напрыклад, у матэматыцы. Актыўна хлопец прымае ўдзел і ў інтэрнэт-спаборніцтвах. Саша адкрыў для сябе праект Codeforces, што аб’ядноўвае людзей, якія цікавяцца праграмаваннем і ўдзельнічаюць у алімпіядах па гэтай дысцыпліне. Гэты рэсурс дае магчымасць правесці ўласную інтэрнэт-алімпіяду. Чым, дарэчы, юнак і скарыстаўся. Сваё жыццё Аляксандр плануе звязаць з праграмаваннем.
Узнагарода з Тэгерана не першая і для выпускніка гімназіі № 51 Гомеля Фёдара Карабейнікава. На яго рахунку многа перамог у конкурсах і чэмпіянатах. Сёлета, напрыклад, хлопец заваяваў залаты медаль па інфарматыцы на Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіядзе па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы ў Алматы.
Любоў да дакладных навук у Фёдара перадалася ў спадчыну. Дзядуля юнака — кандыдат навук па матэматыцы і працуе ў адной з вышэйшых навучальных устаноў Гомеля, мама доўгі час выкладала інфарматыку. Праграмаваннем з юнаком займаўся настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 27 дацэнт кафедры матэматычных праблем кіравання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны Міхаіл Сямёнавіч Далінскі.
Як адзначыў Фёдар, сваім поспехам ён абавязаны педагогам, якія падрыхтавалі яго, навучылі не пасаваць перад цяжкасцямі. З 1 верасня юнак пачне вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на факультэце прыкладной матэматыкі і інфарматыкі.
Малайцы, хлопцы! Так трымаць! Поспехаў вам і новых перамог!
Наталля КАЛЯДЗІЧ.