Напрамак падкажа “Компас”

- 11:52Навіны рэгіёнаў, Рознае

Нагодай для сустрэчы з начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму Аршанскага райвыканкама Андрэем Загурскім стала нядаўняе адкрыццё дзіцячай IT-акадэміі “Компас” на базе Аршанскага раённага цэнтра тэхнічнай творчасці дзяцей і моладзі.

— Здаецца, зусім нядаўна пры падтрымцы Парка высокіх тэхналогій у Оршы быў адкрыты рэсурсны цэнтр інфармацыйных тэхналогій…

— У 2009 годзе гэта быў для нас важны крок наперад. Як вынік — у сістэме адукацыі раёна сфарміравалася адзіная інфармацыйна-адукацыйная прастора, у якой ажыццяўляецца работа па актыўным выкарыстанні інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе. Так, на сёння ўсе школы раёна падключаны да паслуг высакаскораснага інтэрнэту, усе ўстановы адукацыі размешчаны на адзіным інтэрнэт-партале з адрасам http://goroo-orsha.by/. Непасрэдна ў аддзеле наладжана работа ўсіх службаў у рамках лакальнай сеткі, створанае сваімі сіламі і апрабаванае праграмнае забеспячэнне “План работы”, “Планёрка”, “Кадры”, “Алімпіяды”, АСК “Школа”, “Інтэрнэт-дзённік” дазваляе вырашаць праблемы работы з вялікімі аб’ёмамі інфармацыі. З лютага 2016 года аддзел падключыўся да ведамаснай сістэмы электроннага дакументаабароту.

— Аршаншчына — адна з пляцовак, дзе з 2012 года паспяхова рэалізоўваецца Рэспубліканскі інавацыйны праект “Укараненне мадэлі навучання з выкарыстаннем індывідуальных электронных прылад ва ўстанове агульнай сярэдняй адукацыі” (1 вучань — 1 камп’ютар). Назапашаны ўнікальны вопыт работы ў гэтым напрамку. Як ажыццяўляецца яго трансляцыя ў іншых рэгіёнах?

— Ва ўзгаданым інавацыйным праекце ў нас задзейнічаны 5 устаноў адукацыі. Акрамя таго, на базе 6 устаноў створаны рэсурсныя цэнтры па розных напрамках укаранення ІКТ у адукацыйны працэс і кіраўніцкую дзейнасць. Вялікі ўклад у агульную работу ўносіць віртуальная школа, адкрытая 1 верасня 2014 года ў гімназіі № 1 Оршы. Толькі за 2014—2015 гады нашы педагогі прадставілі вопыт выкарыстання інфармацыйна-камп’ютарных тэхналогій у адукацыйным працэсе на метадычнай выставе-прэзентацыі ў рамках III з’езда настаўнікаў і работнікаў адукацыі краін — удзельніц СНД для прадстаўнікоў дэлегацыі Малдовы, на пасяджэнні Асацыяцыі кіраўнікоў устаноў адукацыі Рэспублікі Беларусь (пры ўдзеле намесніка міністра адукацыі Раісы Станіславаўны Сідарэнка), а таксама на пасяджэнні абласнога клуба менеджараў у сферы адукацыі “Лідар”. Усе гэтыя мерапрыемствы праводзіліся ў Оршы. Таксама на абласным і рэспубліканскім узроўнях мы актыўна прадстаўляем свой вопыт па выкарыстанні індывідуальных электронных прылад, электронных адукацыйных рэсурсаў, інтэрактыўнай дошкі.

— Якія перспектывы з’яўляюцца у сувязі з адкрыццём дзіцячай IT-акадэміі?

— Гэтая знакавая для нас падзея адбылася дзякуючы падтрымцы Парка высокіх тэхналогій. Хацелася б, каб стала добрай традыцыяй раз у 5—6 гадоў адкрываць што-небудзь новае з падтрымкай Парка высокіх тэхналогій. Дзіцячая IТ-акадэмія паўстала не на пустым месцы, а на трывалай практыка-арыентаванай платформе. Педагогі некалькіх школ прайшлі навучанне праграмаванню ў асяроддзі Scratch на вучэбных курсах, арганізаваных Віцебскім абласным інстытутам развіцця адукацыі. А нашы вучні прымаюць актыўны ўдзел і атрымліваюць дыпломы пераможцаў у алімпіядах, конкурсах і праектах рознага ўзроўню. Гэта міжнародны сеткавы праект “Лесвіца поспеху”, конкурс сайтаў на базе Талінскай Ляэнемерэ гімназіі, Трэці конкурс навукова-тэхнічнай творчасці навучэнцаў Саюзнай дзяржавы “Таленты XXI стагоддзя”, дыстанцыйная алімпіяда з міжнародным удзелам па праграмаванні ў Scratch, Міжнародны конкурс па інфарматыцы і інфармацыйных тэхналогіях “Бабёр-2015” для вучняў 1—11 класаў, Рэспубліканскі турнір-спаборніцтва па робататэхніцы, “#IT_link” для навучэнцаў 1—11 класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі, арганізаваны Паркам высокіх тэхналогій, і яшчэ каля дзясятка конкурсаў гэтага кірунку. Сталі традыцыйнымі штогадовыя раённыя конкурсы, напрыклад, турнір інтэлектуальных камп’ютарных гульняў і дыстанцыйны конкурс “Інфазнайка”, у якіх прымаюць актыўны ўдзел навучэнцы практычна ўсіх устаноў адукацыі раёна. Мы спадзяёмся, гэта стане сур’ёзнай дапамогай у далейшым развіцці як педагогаў, так і навучэнцаў у засваенні і выкарыстанні магчымасцей інфармацыйных тэхналогій.

— Якімі бачацца асноўныя напрамкі работы дзіцячай IT-акадэміі?

— Гэта падрыхтоўка педагогаў да рэалізацыі рэспубліканскага інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі арганізацыі пазаўрочнай праектнай дзейнасці вучняў на I і II ступені агульнай сярэдняй адукацыі з выкарыстаннем асяроддзя праграмавання Sсratch”, у рамках якога з 1 верасня 2016 года будуць працаваць 8 устаноў адукацыі Оршы. Праз школьныя факультатывы будзем далучаць дзяцей 2—6 класаў да вывучэння асноў, каб у далейшым яны пераходзілі на больш складаныя мовы праграмавання. Парк высокіх тэхналогій таксама ў гэтым зацікаўлены — так ён будзе рыхтаваць для сябе кадры. Не менш перспектыўныя напрамкі — асваенне праграмавання ў асяроддзі Scratch, камп’ютарнай графікі, робататэхнікі, а таксама праектная і вучэбна-даследчая дзейнасць навучэнцаў з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій, выкарыстанне перадавых інфармацыйных тэхналогій у адукацыйным працэсе, у тым ліку і педагогамі дадатковай адукацыі, навучанне камп’ютарнай грамаце насельніцтва ў рамках праекта “50+”. Магніт компаса паказвае на поўнач і на поўдзень, выбар правільнага напрамку залежыць ад чалавека. Упэўнены, што цяпер у юных аршанцаў з’явіўся надзейны компас, які пакажа верны шлях у камп’ютарным свеце, а некаторыя з навучэнцаў з часам папоўняць калектывы кампаній — рэзідэнтаў Парка высокіх тэхналогій.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.