Лідары “нармандскай чацвёркі” (Расія, Францыя, Украіна і Германія) адзначылі важнасць поўнага спынення агню ў Данбасе пры кругласутачным маніторынгу наглядальнікаў Спецыяльнай маніторынгавай місіі (СММ) АБСЕ. Аб гэтым паведаміла прэс-служба прэзідэнта Украіны Пятра Парашэнкі па выніках праведзеных тэлефонных перагавораў.
“Субяседнікі (прэзідэнты Уладзімір Пуцін, Эмануэль Макрон, Пётр Парашэнка і канцлер Ангела Меркель) адзначылі важнасць поўнага спынення агню, вываду цяжкага ўзбраення і развядзення сіл з кругласутачным маніторынгам сітуацыі СММ АБСЕ”, — гаворыцца ў паведамленні.
Акрамя таго, бакі дамовіліся ўзгадніць канчатковыя крокі па бяспецы і прадоўжыць работу над дарожнай картай імплементацыі мінскіх дамоўленасцей. “З гэтай мэтай у другой палове жніўня павінна адбыцца сустрэча знешнепалітычных саветнікаў кіраўнікоў дзяржаў нармандскага фармату”, — падкрэслілі ў прэс-службе.
Між тым прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон назваў тэлефонныя перагаворы “нармандскай чацвёркі” прамым дыялогам у мэтах канкрэтных дзеянняў. “Гэта прамы дыялог дзеля канкрэтных дзеянняў, — адзначыў Эмануэль Макрон у Твітары. — Мы пацвердзілі дынаміку сумеснай работы Берліна, Парыжа, Масквы і Кіева па ўкраінскім крызісе”.
Нармандскі фармат перагавораў па Украіне (“нармандская чацвёрка”) існуе з чэрвеня 2014 года. Тады ў ходзе святкавання 70-годдзя высадкі войскаў саюзнікаў у Нармандыі лідары Расіі, Украіны, Францыі і Германіі ўпершыню абмеркавалі ўрэгуляванне канфлікту на ўсходзе Украіны. У лютым 2015 года Уладзімір Пуцін, Ангела Меркель, Франсуа Аланд і Пётр Парашэнка правялі 17-гадзінныя перагаворы ў Мінску, у выніку якіх быў прыняты комплекс мер па выкананні мінскіх пагадненняў — аснова для мірнага ўрэгулявання ў Данбасе.