З мэтай далучэння да вытокаў беларускай народнай культуры ў Дашкольным цэнтры развіцця дзіцяці Свіслачы рэалізаваны пазнавальна-творчы праект “Беларуская народная цацка”. Яго ўдзельнікамі сталі выхаванцы другой малодшай групы, навучанне ў якой вядзецца на беларускай мове, і іх бацькі.
У рамках праекта выхаванцы цэнтра пазнаёміліся з гісторыяй народнай цацкі, яе нацыянальнай адметнасцю і своеасаблівасцю, развучылі беларускія народныя забаўкі, песенькі. На занятках па выяўленчай дзейнасці дзеці навучыліся ўпрыгожваць цацкі (“Упрыгожым коніка”, “Курачка”, “Вясёлы пеўнік”), ляпіць цацкі (“Птушачка”). З дзіцячых работ аформлена кніжка-самаробак “Фартух для лялькі”.
Арганізавана выстава сумеснай творчасці “Беларуская народная цацка”, якая стала цэнтрам прыцягнення для малышоў. Дзеці з задавальненнем разглядвалі цацкі, гулялі з імі (“Нашы лялькі”, “У магазіне цацак”, “Гарадок цацак”).
Рэалізацыя праекта дапамагла актыўна ўключыць у адукацыйны працэс бацькоў, спрыяла развіццю маўленчых зносін, фарміраванню ў дзяцей эмацыянальна-эстэтычных адносін да цацак, цікавасці да беларускай народнай творчасці.
Святлана ПЯСНЯК,
намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці
Дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Свіслачы.