На працягу многіх гадоў — а сёлета конкурс прайшоў 19-ы раз — нязменнай застаецца яго мэта: сфарміраваць у дзяцей навыкі ўмелых дзеянняў у выпадку ўзнікнення надзвычайных сітуацый, а таксама прыцягнуць увагу грамадства да праблем прафілактыкі надзвычайных сітуацый сярод дзяцей і моладзі, прапаганды здаровага ладу жыцця.
Тысячы хлопчыкаў і дзяўчынак ва ўстановах адукацыі дэманстравалі свае веды правілаў бяспекі з дапамогай творчасці. Конкурс праходзіў па 8 намінацыях. Юныя мастакі прадстаўлялі свае работы ў намінацыях “Плакат” і “Малюнак”; разнастайныя тэхнікі, матэрыялы і ідэі прадэманстравалі юныя майстры ў намінацыях “Выраб”, “Мадэль пажарнай аварыйна-выратавальнай тэхнікі” і “Скульптура малых форм”; аматарам мастацкага слова прапанаваліся намінацыі “Казка”, “Аповед”, “Верш”.
Работы прайшлі праз школьны, раённы этапы агляду-конкурсу. Больш за 500 работ сталі ўдзельнікамі абласнога этапу. Урачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў конкурсу адбылася ў Палацы культуры Вілейкі.
Лепшыя работы і іх выканаўцы былі адзначаны дыпломамі Мінскага абласнога аддзялення Беларускай маладзёжнай грамадскай арганізацыі ратавальнікаў-пажарных і ўпраўлення адукацыі Мінаблвыканкама.
Ствараючы конкурсныя работы, дзеці не толькі праяўляюць свае творчыя здольнасці, але і паглыбляюцца ў тэму, засвойваюць правілы бяспечнай жыццядзейнасці, усведамляюць, што наша бяспека — гэта наша жыццё.
Дар’я РЭВА.
Фотаздымак прадастаўлены Мінскім абласным упраўленнем МНС.