Напярэдадні светлага свята Нараджэння Хрыстова ў рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці” Васіль Іванавіч Жарко, намеснік прэм’ер-міністра, і Ігар Васільевіч Карпенка, міністр адукацыі, наведалі Рудзенскую дапаможную школу-інтэрнат, дзе павіншавалі дзяцей з навагоднімі і каляднымі святамі і ўручылі ім падарункі ад кіраўніка дзяржавы.
У Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце выхоўваюцца 125 хлопчыкаў і дзяўчынак. Усе яны сіроты і маюць пэўныя асаблівасці псіхафізічнага развіцця. Ва ўстанове створаны неабходныя ўмовы для таго, каб дзеці не проста атрымалі адукацыю, а падрыхтаваліся да далейшага самастойнага жыцця. Вучацца яны ў добра абсталяваных кабінетах, адпачываюць у па-дамашняму ўтульных пакоях, прафесійныя навыкі набываюць у швейнай, тынкавальна-малярнай, сталярнай і слясарнай майстэрнях, для заняткаў спортам ёсць спартыўная і трэнажорная залы, для псіхалагічнай разгрузкі — сенсорны пакой.
Акрамя базавай адукацыі, выхаванцы могуць атрымаць у школе-інтэрнаце прафесію. На працягу двух гадоў яны наведваюць заняткі па паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўцы, дзе вучацца на жывёлаводаў, агароднікаў, слесараў па рамонце сельскагаспадарчай тэхнікі і абсталявання. Дзеці атрымліваюць кваліфікацыю і пасля заканчэння школы-інтэрната ўладкоўваюцца на работу. Таксама ў школе-інтэрнаце на высокім узроўні праводзіцца выхаваўчы працэс, шмат увагі ўдзяляецца спартыўным заняткам.
Каманды Рудзенскай дапаможнай школы-інтэрната не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных чэмпіянатаў па розных відах спорту па праграме Special Olympics. Шмат медалёў і кубкаў атрымалі ў настольным тэнісе, плаванні, футболе. У футболе, дарэчы, апошнім часам добрыя вынікі дэманструе дзявочая каманда. Пра ўсё гэта гасцям падчас экскурсіі па ўстанове расказаў яе дырэктар Валянцін Іосіфавіч Гілеўскі.
В.І.Жарко і І.В.Карпенка ўзялі ўдзел у святочным мерапрыемстве разам з выхаванцамі школы-інтэрната. Сярод ганаровых гасцей былі таксама рэктар Рэспубліканскага інстытута прафесійнай адукацыі В.М.Галубоўскі, начальнік упраўлення адукацыі Мінаблвыканкама Г.М.Казак, прадстаўнікі Пухавіцкага райвыканкама.
Пасля забаў з казачнымі героямі, танцаў і карагодаў ля ёлкі дзеці атрымалі салодкія падарункі, развіццёвыя гульні і тэлевізар. Васіль Іванавіч Жарко адрасаваў выхаванцам і калектыву ўстановы самыя шчырыя пажаданні шчасця.
Віцэ-прэм’ер падкрэсліў, што такія дзеці ніколі не застануцца без падтрымкі. І гэта пацвярджае акцыя “Нашы дзеці”, у рамках якой да іх прыязджаюць дзяржаўныя служачыя, грамадскія дзеячы, прадпрымальнікі. З пачатку акцыі ў Рудзенскай дапаможнай школе-інтэрнаце практычна кожны дзень вітаюць гасцей.
— Трагедыя гэтых дзяцей у тым, што імі займаецца толькі дзяржава, бацькі да іх амаль не прыязджаюць, — адзначыў В.І.Жарко. — Аднак дзяржавай гэтыя дзеці ніколі не будуць кінуты. Мы іх выгадуем, выхаваем, дадзім спецыяльнасць. Яны стануць годнымі грамадзянамі нашай краіны.
Падчас акцыі “Нашы дзеці” было зроблена мноства добрых спраў. Яна аб’яднала людзей у іх імкненні дапамагаць, спачуваць, радаваць тых, каму не хапае простага чалавечага цяпла. Заўтра акцыя завяршаецца, аднак за час яе правядзення яна натхніла многіх на дабрачыннасць. З заканчэннем акцыі не скончацца добрыя справы, пакуль ёсць дзеці, якім у жыцці выпала больш выпрабаванняў, чым іншым.
Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.