Нашы ідэі табе, Магілёўшчына

Абласны этап Рэспубліканскага маладзёжнага конкурсу “100 ідэй для Беларусі” аб’яднаў прагрэсіўную моладзь з усяго Прыдняпроўскага краю. Свае творчыя і інавацыйныя праекты, якія павінны ўнесці якасныя змены ў інфармацыйна-камунікатыўную, сацыяльную, адукацыйную, прамысловую і экалагічную сферы жыццядзейнасці рэгіёна, удзельнікі прэзентавалі ў рамках экспазіцыі “Нашы ідэі табе, Магілёўшчына”. Усяго было прадстаўлена 35 неардынарных інтэлектуальных работ, з якіх 11 лепшых, згодна з рашэннем экспертнага савета, паедуць пакараць сталіцу.

У ліку фіналістаў — праект “Змена актыўнасці таксічнага глею і яго ўласцівасцей у часе на адкрытых пляцоўках і яго прымяненне ў гаспадарцы”, педагагічны праект “Суперважаты”, мабільны дадатак для валанцёраў “Wind Беларусь”, чат-бот BelGorTransBot, “Распрацоўка аналізатара для кантролю якасці вады”, “Беларуская авоська”, “Адлюстраванне праблем сучаснага грамадства ў вонкавай сацыяльнай рэкламе”, “Стварэнне прыбора для каларыметрычных даследаванняў паверхневых вод ва ўмовах школьнай лабараторыі”, “Ткацтва на дошчачках”, “Новыя матэрыялы ў барацьбе з абледзяненнем”, “SOS, або 7 хвілін, якія могуць выратаваць жыццё”.

На думку журы, у перспектыве адным з самых запатрабаваных можа стаць праект навучэнца Глускай гімназіі Дзмітрыя Трыбуша, які ў сваёй працы даказаў, што актыўны глей можна ўжываць і як угнаенне, і як альтэрнатыўнае паліва. Па падліках дзевяцікласніка, для ацяплення будынка спатрэбіцца ў 1,5 разу менш брыкетаў глею, чым дроў. Дарэчы, тэму даследавання Дзмітрый абраў невыпадкова: паблізу Глуска, размешчанага на беразе Пцічы, знаходзяцца біялагічныя ачышчальныя збудаванні. Назапашаныя там гадамі ападкі сцёкавых вод здольны забрудзіць не толькі глебу, але і сам вадаём. Ужо сёння юнак прапануе дзейсны варыянт, які дазволіць пазбегнуць экалагічнай катастрофы.

Культурна-адукацыйны праект “Ткацтва на дошчачках”, аўтарам якога выступіла выхавальнік групы прадоўжанага дня Дрыбінскай сярэдняй школы Дар’я Акінчыц, навучае старадаўнім тэхнікам пляцення паясоў. У свой час дзяўчыну настолькі ўразіла гэтае працаёмкае мастацтва нашых прабабуль, што яна вырашыла працягнуць шматвяковую пераемнасць пакаленняў і перадаць свае веды падрастаючаму пакаленню. Дзяўчына ўпэўнена, што праект спрыяе захаванню лепшых культурных традыцый беларускага народа і адраджэнню аўтэнтычных рамёстваў.

— Радуе, што на рэгіянальным этапе было прадстаўлена шмат цікавых і годных праектаў, колькасць якіх расце з году ў год, — адзначыў першы сакратар Магілёўскага абласнога камітэта ГА “БРСМ” Павел Алекса. — Усе ўдзельнікі абаранілі свае прэзентацыі на ўзроўні: у паўфінале не было ніводнай слабай работы. На жаль, пераможцамі сталі не ўсе. Пры падвядзенні вынікаў члены экспертнага савета ў першую чаргу арыентаваліся на практычнае прымяненне праекта, увядзенне яго ў масавую вытворчасць і, у перспектыве, прыбытковасць.

Таксама маладзёжны лідар рэгіёна падкрэсліў, што дыплом удзельніка — не падстава хвалявацца, а стымул ісці далей і ўдасканальваць сваю ідэю. Тым больш што кантакт не быў аднабаковым, і ў ходзе конкурснага адбору аўтары праектаў атрымалі выдатную магчымасць пачуць рэкамендацыі па ўдасканаленні і прасоўванні сваіх распрацовак, выслухаць меркаванні прафесіяналаў — членаў кампетэнтнага журы. Адным гэта дазволіць палепшыць гатовыя ідэі, другім — паглядзець на іх па-новаму.

Аўтары ўсіх адзінаццаці праектаў атрымалі прызы і адпаведныя сертыфікаты рэспубліканскага конкурсу. Акрамя гэтага, у іх з’явілася магчымасць — пры ўмове перамогі ў фінальным этапе — прадставіць Беларусь на Міжнародным маладзёжным конкусе “100 ідэй для СНД — 2018”, а таксама атрымаць рэкамендацыю Цэнтральнага камітэта ГА “БРСМ” для паступлення ва ўстанову вышэйшай адукацыі на спецыяльнасці, якія адпавядаюць профілю іх конкурснага праекта, альбо прайсці школу “Малады вучоны пад ключ” пры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі.

Па словах Паўла Алексы, з моманту правядзення ў 2011 годзе першага конкурсу БРСМ “100 ідэй для Беларусі” скарбонку Магілёўскай вобласці папоўніла не адна сотня ўнікальных ідэй. Многія з іх даказалі сваю эфектыўнасць і ўжо паспяхова рэалізаваны на Магілёўшчыне. Сярод іх — праект па стварэнні сістэмы камп’ютарнага кіравання асвятленнем спартыўных аб’ектаў, які дазваляе пры захаванні аптымальнага ўзроўню святла максімальна эканоміць электраэнергію.

— Дзякуючы конкурсу “100 ідэй для Беларусі”, у рэгіёне налічваецца ўжо каля 250 маладзёжных ініцыятыў, якія закранаюць розныя сферы жыццядзейнасці, — падкрэсліў суразмоўца. — Гэта яшчэ раз даказвае, што моладзі неабыякава будучыня нашай краіны і сваёй інтэлектуальнай працай яна здольна зрабіць навакольны свет лепшым.

Таксама Павел Алекса падкрэсліў, што рэспубліканскі конкурс спрыяе развіццю маладзёжнай навуковай думкі, укараненню і прасоўванню інавацыйных праектаў і навукова-тэхнічных распрацовак, дапамагае маладым людзям у пошуку крыніц фінансавання іх ідэй. З кожным годам папулярнасць конкурсу, як і колькасць яго ўдзельнікаў, расце. Так, з 2011 года ў ім прыняло ўдзел больш за 7500 маладых людзей, у тым ліку беларусы, якія пражываюць у Расіі, Малдове, Канадзе, Аргенціне. За адзначаны перыяд імі прэзентавана больш за 2000 праектаў.

Сёлета колькасць намінацый інтэлектуальнага спаборніцтва павялічана да дваццаці, а ўдзельнікі падзелены на тры ўзроставыя групы: вучні, курсанты ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі; студэнты, курсанты, слухачы ўстаноў вышэйшай адукацыі; маладыя навукоўцы да 35 гадоў, працоўная моладзь. Яшчэ адно новаўвядзенне “100 ідэй для Беларусі” — магчымасць для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ўдзельнічаць у любой групе і катэгорыі на агульных падставах.

Юлія БАЧКАРОВА.
Фота аўтара.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *