Нашы ў Абу-Дабі

- 10:05World Skills

14 кастрычніка ў сталіцы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Абу-Дабі пачаўся 44-ы Міжнародны чэмпіянат WorldSkills Abu Dhabi 2017. У ім прымаюць удзел каманды-ўдзельнікі з 77 краін свету. Сярод іх і наша нацыянальная зборная, у склад якой уваходзяць 29 канкурсантаў, што будуць выступаць у 27 прафесійных кампетэнцыях.

У першы дзень чэмпіянату члены нашай каманды наведалі прадпрыемства сферы гасціннасці, якое лічыцца вядучым у развіцці турыстычнага бізнесу ў ААЭ і з’яўляецца афіцыйным спонсарам чэмпіянату WorldSkills Abu Dhabi 2017.

Удзельнікі чэмпіянату прысутнічалі на прэзентацыі навучальнай установы, дзе рыхтуюць кадры для гэтай галіны, пазнаёміліся з праграмамі падрыхтоўкі спецыялістаў, агледзелі матэрыяльна-тэхнічную базу, сустрэліся з калектывам установы. На працягу ўсяго знаходжання нашай каманды ў Абу-Дабі канкурсанты будуць наведваць іншыя навучальныя ўстановы ў рамках праекта “Адна школа — адна краіна”, расказваць пра Рэспубліку Беларусь сваім равеснікам з сяброўскай краіны. У рамках чэмпіянату будзе праходзіць семінар “Сучасныя падыходы да падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў. Вопыт Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў”.
У канцы дня адбудзецца ўрачыстая цырымонія адкрыцця 44-га Міжнароднага чэмпіянату WorldSkills Abu Dhabi 2017.

Наша газета накіравала ў Абу-Дабі спецыяльнага карэспандэнта, які будзе рэгулярна дзяліцца з нашымі чытачамі навінамі з Нацыянальнага выставачнага цэнтра Абу-Дабі, дзе будуць выступаць нашы канкурсанты і дзе будуць праходзіць мерапрыемствы.