Нашы “залатыя”

- 12:01Спартыўныя падзеі

Удзельнікі ХХІХ Сусветнай летняй універсіяды вяртаюцца з Тайбэя. На працягу тыдня ў Нацыянальным аэрапорце Мінск праходзяць урачыстыя сустрэчы прадстаўнікоў беларускай каманды. У панядзелак вярнулася самая шматлікая дэлегацыя — 17 чалавек, сярод якіх двойчы “залаты” герой універсіяды плывец Ілья Шымановіч, а таксама сярэбраны прызёр у бегу на дыстанцыі 100 м з бар’ерамі Эльвіра Герман.

“Ілья! Ад усёй душы віншуем з перамогай!”, “Сярэбраны медаль у Эльвіры. Віншуем!” — такімі плакатамі, а таксама радаснымі ўсмешкамі сустракалі нашых спартсменаў прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, Рэспубліканскага цэнтра фізічнага выхавання і спорту навучэнцаў і студэнтаў, валанцёры з БДПУ імя Максіма Танка, БДУФК. Радавацца ёсць чаму. Тры залатыя, чатыры сярэбраныя, два бронзавыя медалі — гэта, безумоўна, удалае выступленне. Нашы спартсмены паказалі высокія вынікі, годна прадставілі краіну на Сусветнай універсіядзе, якая, як адзначыў старшыня Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту Аляксандр Багдановіч, па колькасці ўдзельнікаў і маштабнасці з’яўляецца другімі пасля Алімпійскіх гульняў спартыўнымі спаборніцтвамі.

— “Золата” — гэта заўсёды радасна. Мы ганарымся Ільёй Шымановічам, Ірынай Жук, якія заваявалі залатыя ўзнагароды. Не менш значнымі з’яўляюцца і сярэбраныя медалі Дар’і Навумавай, Паўла Барэйшы, Ганны Малышчык, Эльвіры Герман, а таксама “бронза” Ганны Бажко і Марыі Трубач. Студэнцкі спорт дае магчымасць спартсменам, якім крыху не хапіла, каб трапіць у нацыянальную зборную, рэалізаваць сябе, перагледзець фармат трэніровак, удасканаліць майстэрства і ў будучыні прадстаўляць краіну на Алімпійскіх гульнях. Дзяржава, профільныя міністэрствы і ведамствы робяць усё магчымае, каб студэнцкі спорт у Беларусі быў на высокім узроўні. Адсюль і годныя вынікі нашых спартсменаў, — адзначыў Аляксандр Віктаравіч.

Тым больш гэтыя вынікі з’яўляюцца значнымі, калі ўлічваць, што з кожнай універсіядай узровень падрыхтаванасці спартсменаў і ўзровень канкурэнцыі расце. “Шчыра кажучы, на такія высокія вынікі не разлічваў, проста працаваў, трэніраваўся ў сваім рытме. Калі фінішаваў, то чамусьці адразу падумаў, што чацвёрты, а потым гляджу на табло, а там — два першыя месцы і маё прозвішча. Эмоцыі, канечне, перапаўнялі. Адразу паглядзеў у бок нашых балельшчыкаў, якія горача падтрымлівалі”, — падзяліўся Ілья Шымановіч.

Як паведаміў начальнік упраўлення сацыяльнай, выхаваўчай і ідэалагічнай работы Міністэрства адукацыі Аляксандр Мікалаевіч Мацюшонак, у верасні падчас Рэспубліканскага тыдня спорту і здароўя пройдзе ўрачыстае ўшанаванне пераможцаў і прызёраў універсіяды. А пакуль што пажадаем нашым спартсменам новых перамог, якія ўсе мы з нецярпеннем чакаем.

Ігар ГРЭЧКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.