Настаўніцкае шчасце

- 11:21Навіны рэгіёнаў

У жыцці настаўніцы біялогіі, геаграфіі і па сумяшчальніцтве працоўнага навучання Бельскага ВПК Дрыбінскага раёна Святланы Бяловай было шмат складанасцей. Аднак, вызначыўшы для сябе яшчэ ў дзяцінстве прафесійны шлях педагога, у далейшым Святлана Дзмітрыеўна з яго амаль не зварочвала. І гэта нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія пасылаў ёй лёс.

Напэўна, і сама прафесія настаўніка была наканавана ёй звыш. Са сферай адукацыі Святлана Бялова моцна звязана са свайго першага школьнага званка. Усё піянерскае дзяцінства і камсамольскую маладосць яна была важатай, з задавальненнем працавала з малышамі. Атрымаўшы школьны атэстат, канчатковы выбар на карысць педагогікі Святлана Дзмітрыеўна зрабіла дзякуючы прыкладу сваіх настаўнікаў.

— Педагогі ў нас былі проста цудоўныя. Як вынік — з дваццаці сямі вучняў нашага класа пятнаццаць працуюць у сферы адукацыі. У іх ліку і я. Прычым, калі вызначалася з профілем, у мяне не ўзнікла ніякіх сумненняў — толькі біялогія. У гэтым заслуга майго школьнага класнага кіраўніка настаўніцы біялогіі Галіны Аляксандраўны Шалянок, якая, не зважаючы на сталы ўзрост, да гэтай пары працуе, — адзначыла Святлана Дзмітрыеўна.

Вызначыўшы для сябе арыенцір, яна мэтанакіравана пачала ажыццяўляць мару. Адвучылася ў Іркуцкім педагагічным інстытуце і з энтузіязмам стала настаўнічаць. За больш чым шэсць гадоў выкладання ў адной з малакамплектных сібірскіх школ Святлана Бялова сфарміравалася як педагог, выпрацавала свае эфектыўныя методыкі выкладання. Здавалася, змен у жыцці не прадбачыцца, але яны адбыліся, прычым кардынальныя. Па пэўных абставінах Святлана Дзмітрыеўна пераехала з сям’ёй у Казахстан.

— Гэта быў досыць складаны жыццёвы перыяд. Менавіта тады я вымушана была на некаторы час пайсці з прафесіі. Усё змянілася, калі мы з сям’ёй перабраліся на пастаяннае месца жыхарства ў Беларусь — радзіму маёй мамы. Тут, у дрыбінскай вёсцы Белай, я зноў вярнулася да педагагічнай дзейнасці. Магчымасць зноў выкладаць стала для мяне сапраўдным падарункам лёсу, бо мне вельмі не хапала дзяцей і школы, — гаворыць суразмоўца.

Яе вяртанне ў школу праходзіла цяжка. Ды і як інакш: вучэбная праграма крыху іншая, ды і мова навучання беларуская, якая для Святланы Бяловай тады была малазнаёмай. Аднак цяжкасці для таго і даюцца, каб іх пераадольваць. Вялікае жаданне выкладаць дапамагло Святлане Дзмітрыеўне з усім справіцца. Першыя часы ёй прыходзілася шмат займацца самаадукацыяй. Давялося і падручнікі перакладаць, і па начах пісаць планы ўрокаў. Пасля стала лягчэй, але настаўніца вырашыла на дасягнутым не спыняцца і для павышэння сваёй кваліфікацыі скончыла факультэт прыродазнаўства МДУ імя А.А.Куляшова.

Сёння на сваіх занятках Святлана Бялова галоўным чынам стараецца прывіць дзецям ключавыя веды, уменні і кампетэнцыі, неабходныя ў жыцці. Гэтую задачу яна вырашае з дапамогай сістэматычнай работы, накіраванай на ўсебаковае развіццё асобы навучэнцаў. Настаўніца шукае свой падыход, свой ключык да кожнага вучня, бо асноўны прынцып паспяховага навучання — паразуменне дзяцей і педагога.

На ўроках Святлана Дзмітрыеўна выкарыстоўвае як прыёмы класічнай педагогікі, так і сучасныя адукацыйныя тэхналогіі. Яна імкнецца навучыць вучыцца, матывуе дзяцей на самастойны пошук. Настаўніца пераканана: дзеці вучацца з задавальненнем, калі іх з задавальненнем вучаць. Калі ўрок будзе зводзіцца да пераказу інфармацыі з падручніка, наўрад ці даб’ешся добрых вынікаў. Заняткі павінны быць дыялогам, якім настаўнік кіруе як рэжысёр.

— А яшчэ не трэба забываць, што біялогія і геаграфія — навукі, якія акружаюць нас паўсюль, таму ўрокі павінны быць практыка-арыентаванымі. Дзецям неабходна разумець, якім чынам прымяніць атрыманыя веды. Асаблівую важнасць практыкаарыентаванасць набывае і на ўроках працоўнага навучання. Тут увогуле тэарэтычная інфармацыя не настолькі значная, як прывіццё навучэнцам тых навыкаў, якія яны змогуць выкарыстаць у тыповых штодзённых сітуацыях. Падчас заняткаў працоўным навучаннем пэўную ролю адыгрывае і ўласны станоўчы прыклад педагога. Тое, чаму вучыш дзяцей, трэба ўмець добра рабіць самому, — адзначыла Святлана Бялова.

Пры такім падыходзе нядзіўна, што на ўроках у гэтага педагога ўсе вучні працуюць, разважаюць, абмяркоўваюць. Прычым робяць гэта з імкненнем да новых ведаў. А Святлана Дзмітрыеўна гэтыя імкненні ўсяляк падтрымлівае. Яна ўпэўнена: дазваляючы вучням здзяйсняць свае маленькія адкрыцці, самастойна знаходзіць адказы на пытанні, атрымліваецца дасягнуць дастаткова добрай паспяховасці па прадметах.

Працу з адоранымі навучэнцамі Святлана Бялова вядзе таксама паспяхова. Падрыхтоўка навучэнцаў арыентавана ў асноўным на іх удзел у алімпіядным руху і конкурсах даследчага характару. Некалькі разоў на тыдзень настаўніца сустракаецца са здольнымі дзецьмі на факультатыўных і стымулюючых занятках, праводзіць спецыяльныя хвілінкі алімпіяднікаў кожны дзень на ўроках, распрацоўвае для іх заданні для самастойнага вывучэння, не забывае і аб маральнай падтрымцы, матывацыі.

— Вядома, на работу са здольнымі дзецьмі ідзе многа асабістага часу. Але ж яго зусім не шкада, бо ўзамен бачыш захопленыя жаданнем вучыцца дзіцячыя вочы, таму не заўсёды нашы сустрэчы з навучэнцамі абмяжоўваюцца сценамі школы. Яны часта прыходзяць да мяне дадому, дзе мы зноў карпатліва рыхтуемся да алімпіяды ці конкурсу. А потым таксама разам радуемся заслужаным перамогам, — кажа Святлана Дзмітрыеўна.

А нагод для такой радасці ў Святланы Бяловай і яе навучэнцаў дастаткова кожны навучальны год. Пад чулым кіраўніцтвам сваёй настаўніцы бельскія школьнікі са сваімі даследчымі праектамі па біялогіі перыядычна становяцца прызёрамі абласных, рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, вынікова выступаюць на алімпіядах. Так, летась яе навучэнка была адзначана прызавым дыпломам на заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні.

У педагагічнай дзейнасці Святланы Бяловай было нямала асабістых перамог. Плённая праца неаднаразова адзначалася ганаровымі граматамі і дыпломамі. Але самыя каштоўныя для яе поспехі не асабістыя, а вучнёўскія. Сваім галоўным дасягненнем Святлана Дзмітрыеўна лічыць тое, што яе навучэнцы смела ідуць у дарослае жыццё, ведаюць, чаго хочуць і як дасягнуць пастаўленай мэты. Многія выпускнікі па яе прыкладзе вырашылі стаць педагогамі. У гэтым і заключаецца настаўніцкае шчасце Святланы Бяловай.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота з архіва Святланы БЯЛОВАЙ.