Настаўнік — больш, чым прафесія

- 11:02Навіны рэгіёнаў

Пад такой назвай праходзіла бацькоўская канферэнцыя, арганізаваная аддзелам адукацыі, спорту і турызму Чыгуначнага раёна Гомеля.

Ідэя правесці прафарыентацыйнае мерапрыемства, накіраванае на атрыманне будучымі выпускнікамі школ педагагічнай прафесіі, нарадзілася невыпадкова. Сёння ўзняцце прэстыжу прафесіі настаўніка — тэма даволі актуальная. З мёртвай кропкі яна ўжо зрушылася, многія маладыя людзі ўсвядомлена спыняюць свой выбар на педагагічных спецыяльнасцях. Але ж па-ранейшаму неабходна раскрываць перад старшакласнікамі вялікі сэнс настаўніцкай справы, тлумачыць, што быць педагогам — гэта не толькі даваць веды падрастаючаму пакаленню, але і вучыць разуменню свету, усведамленню маральных каштоўнасцей, наогул выхоўваць асобу.

Задуму аддзела адукацыі, спорту і турызму Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра падтрымалі педагагічныя каледжы Гомеля, Лоева і Рагачова, а таксама Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Францыска Скарыны, на базе якога і праходзіла мерапрыемства.

Канферэнцыя сабрала навучэнцаў 8—9-х класаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Чыгуначнага раёна Гомеля і іх бацькоў. Яны мелі магчымасць сустрэцца з прарэктарам па вучэбнай рабоце Гомельскага дзяржуніверсітэта імя Францыска Скарыны Андрэем Крукам, кіраўнікамі педагагічных каледжаў Гомеля і Гомельскай вобласці, начальнікам аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёна Ірынай Казіміравай, а таксама прадстаўнікамі іншых устаноў вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Гомельшчыны.

Дырэктары педкаледжаў расказвалі навучэнцам і бацькам аб прафесіях настаўніка, выхавальніка і музычнага кіраўніка дашкольнай установы, аб асаблівасцях паступлення і навучання, арганізацыі вольнага часу навучэнцаў. Прарэктар Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны азнаёміў прысутных з гісторыяй універсітэта, з асаблівасцямі работы прыёмнай камісіі, а таксама з пералікам педагагічных спецыяльнасцей. Можна было задаць пытанні і атрымаць адказы, як кажуць, з першых вуснаў.
Удзельнікі канферэнцыі таксама мелі магчымасць азнаёміцца з педагагічнымі дынастыямі Чыгуначнага раёна Гомеля, паглядзець невялікія канцэртныя нумары ў выкананні навучэнцаў каледжаў і студэнтаў. Асабліва ўразіла прысутных выступленне хору народнай песні педагагічнага каледжа імя Л.С.Выгоцкага, народнага фальклорна-харэаграфічнага ансамбля “Радзімічы” студэнтаў ГДУ імя Францыска Скарыны, агітбрыгады Лоеўскага педагагічнага каледжа.

Наталля ЛУТЧАНКА.