Настаўнік фізкультуры са Светлагорскага раёна расказаў, як натхніць дзяцей на актыўны лад жыцця

- 17:22Новости

У Гомельскай вобласці практычна кожны трэці школьнік займаецца ў спартыўных школах і секцыях. У вёсцы Якімава Слабада Светлагорскага раёна дзеці з задавальненнем прыходзяць на “Гадзіну здароўя і спорту” і ўрокі фізкультуры. Бо заняткі, якія праводзіць Раман Сяргеевіч Мяцель, проста немагчыма прагуляць. Навучыць дзяцей займацца спортам, зрабіць так, каб яны палюбілі актыўны лад жыцця, можна толькі на асабістым прыкладзе.

Пра свой шлях у прафесіі Раман Мяцель расказвае стрымана. Але за кароткімі адказамі — каласальная праца. Пасля заканчэння Мазырскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя І.П.Ша­мякіна па размеркаванні ён прыйшоў працаваць у Якімаслабадскую сярэднюю школу. І  вось ужо 15 гадоў не перастае паказваць вучням, як цудоўна быць са спортам на ты. За некалькімі дзясяткамі тысяч яго рабочых гадзін — сотні натхнёных дзяцей.

На пытанне, кім марыў стаць у дзяцінстве, педагог адказвае: “Дакладна не касманаўтам!” У старшых класах яго прыцягваў фізмат, думаў наконт юрыдычнай адукацыі, але ў выніку спыніўся на прафесіі настаўніка фізічнай куль­туры.

Выбар спецыяльнасці быў абумоўлены ў тым ліку захапленнем спортам: у дзяцінстве гэта быў футбол, затым дзюдо, картынг, тэніс. Актыўнасць педагога не спыняецца ні на дзень, бо ён прыязджае ў сельскую школу з горада на веласіпедзе: “Раніцай прачнуўся, паснедаў, сеў на веласіпед, прыехаў на работу, адвёў урокі, правёў секцыю па валейболе — і з чыстым сумленнем дадому”.

Навучэнцы чакаюць сустрэчы з педагогам кожны дзень. Яны, што называецца, на адной хвалі з ім, бо, як зазначае сам Раман Сяргеевіч, сучасны настаўнік павінен быць у курсе апошніх навін, падзей, якімі дыхаюць і за якімі ўважліва сочаць дзеці. Па яго словах, прасцей знаходзіць агульную тэму, калі настаўнік разумее дзяцей, а дзеці разумеюць настаўніка.

Раман Мяцель прадстаўляе раён на прафсаюзных спаборніц­твах, лёгкаатлетычных зборах і турзлётах. Дзеці задзейнічаны ў школьных і пазашкольных спаборніцтвах, прычым па самых розных відах спорту.

Як адзначае педагог, за апошні час стаўленне дзяцей да спорту змянілася: “Калі параўнаць з тым часам, калі я прыйшоў працаваць, то цікавасць дзяцей да фізкультуры была іншая. Гэта быў іх самы любімы занятак. Цяпер, мабыць, вельмі шмат часу ў іх займаюць гаджэты, мабільныя тэлефоны, ноўтбукі і таму падобнае. Цяжэй становіцца адваёўваць увагу вучняў у тэлефона. Але трэба імкнуцца да гэтага”.

Намаганні настаўніка недарэмныя, аб чым сведчыць хаця б тое, што пастаянныя наведвальнікі яго вячэрніх спартыўных секцый — выпускнікі. Раман Сяргее­віч адзначае: “У нашай школе былым вучням заўсёды рады, а дзверы спартзалы адчынены для ўсіх”.

Нават калі першапачаткова які-небудзь від фізічнай актыўнас­ці не прыносіць навучэнцу за­давальнення, калі ёсць нейкія цяжкасці, не трэба спыняцца, лічыць настаўнік. Ён падкрэслівае: “Жаданне, цярпенне, цікавасць і працавітасць — вось што дапаможа, калі ёсць нейкія пытанні. Усё цалкам выканальна, калі дзеці задаюцца мэтай. Тады не будзе невыканальных нарматываў ці задач, усё будзе атрымлівацца”.

Работа настаўніка фізкультуры Якімаслабадской школы не абмяжоўваецца ўрокамі: дзяцей таксама чакаюць у спартыўнай секцыі і аб’яднаннях па інтарэсах.

Так, педагог з’яўляецца кі­раўніком школьных каманд Клуба вясёлых і знаходлівых. На гэты момант у абласной школьнай лізе прымаюць удзел каля 95 каманд КВЗ з усіх куткоў Гомельскай вобласці. 15 гадоў у ліку ўдзельнікаў і прадстаўнікі вёскі Якімава Слабада. Калісьці Раман і сам гуляў ва ўніверсітэцкай камандзе КВЗ. Прыйшоўшы на работу ў школу, ён прапанаваў адзін з гурткоў прысвяціць займальнай гульні. З таго часу яго выхаванцы паспяхова выступаюць на раённых і абласных спаборніцтвах. У гэтым годзе ён кіруе дзвюма камандамі — Skittles і “Светлая будучыня”. Рэпетыцыі актыўна прахо­дзяць у Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі “Ювента” Светлагорска. З кожным новым навучальным годам у якімаслабадскі школьны Клуб вясёлых і знаходлівых прыходзіць усё больш дзяцей.

Вельмі важным Раман Сяргее­віч лічыць і прытрымліванне здаровага ладу жыцця ў сям’і: “Баць­кам раю як мага больш часу праводзіць з дзецьмі, кудысьці выбірацца разам — на прагулкі, спартпляцоўкі, удзельнічаць у тэматычных святах і спаборніцтвах накшталт “Мама, тата, я — спартыўная сям’я”. Памятайце, што ў выхадны вы з дзецьмі можаце прыйсці ў спартзалу, а не сядзець у гаджэтах. Правядзіце час цікава!”

Для педагога быць шчаслівым у прафесіі — значыць атрымлі­ваць штодзённую аддачу ад сваіх вучняў. Ведаць, што цяжкая праца прынесла плён у выглядзе ўзна­гарод і дасягненняў выхаванцаў. І верыць у кожнага з дзяцей.

Вольга ГРЫНЬ