Настаўнік назаўжды. Васіль Тамашэўскі ўпэўнены, што не бывае няздольных вучняў, у кожным ёсць таленты

- 17:10Образование

Васіль Макаравіч Тамашэўскі адзначыў 91­-ы год нараджэння. У першую чаргу ён атрымаў віншаванні ад дачкі, двух сыноў, трох унукаў, дзвюх унучак і васьмі праўнукаў. А вось іншым людзям застаць яго дома было няпроста.

Жыццярадасны чалавек і цікавы расказчык, Васіль Макаравіч знаходзіцца ў пастаянным руху, бо яго хобі — хадзьба ў любое надвор’е па 4—5 км штодзень.

Васіль Макаравіч прайшоў вялікі педагагічны шлях, працаваўшы настаўнікам пачатковых класаў у Барунскай школе, матэматыкам у роднай Суцькаўскай сярэдняй школе, што на Ашмяншчыне.

Лёс Васіля Тамашэўскага звычайны для людзей таго часу. Сям’я яго бацькоў, Макара Сідаравіча і Фёклы Восіпаўны, была мнагадзетная. Аднак з семярых дзяцей да дарослага ўзросту дажылі толькі чацвёра хлопцаў. Тулілася ўся сям’я ў невялікай хатцы ў вёсцы Наваспаск.

Першы клас пачатковай школы Васіль паспяхова скончыў перад пачаткам Вялікай Айчыннай, а сямігодку — толькі праз тры гады пасля заканчэння вайны. У тым жа годзе ў ліку васьмярых аднакласнікаў-камсамольцаў паступіў у Ашмянскае педвучылішча.

З вялікай цеплынёй і ўдзячнасцю ўспамінае Васіль Макаравіч сваю першую настаўніцу Ванду Людвігаўну і яе мужа, дырэктара школы Даната Данатавіча Дзеўняровіча. З вялікай любоўю адгукаецца аб выкладчыках-прафесіяналах Ашмянскага педвучылішча, якія вучылі матэматыцы, гісторыі, мовам і літаратуры, педагогіцы і методыцы выкладання — рыхтавалі сапраўдных педагогаў.

Цяжкае ваеннае і пасляваеннае дзяцінства В.М.Тамашэўскі запомніў на ўсё жыццё. Жыць у тых мясцінах, дзе ў свой час ішлі баі, у тым ліку і ў Першую сусветную вайну, было не толькі цяжка, але і небяспечна. Уся мясцовасць была ў акопах і варонках ад бомб і снарадаў. Зямля вакол вёскі захоўвала шмат мін, іншых выбухованебяспечных прадметаў, на якіх не толькі падрываліся свойскія жывёлы, але і гінулі ці заставаліся на ўсё жыццё інвалідамі людзі.

Трывожнымі і напаўгалоднымі былі і студэнцкія гады Васіля Макаравіча, якія прыпалі на неспакойны пасляваенны час. Тады ў лясах Смаргонскага і Ашмянскага раёнаў яшчэ бясчынствавалі банды “лясных братоў”, якія забівалі і запалохвалі старшынь калгасаў, міліцыянераў, настаўнікаў, рабавалі магазіны. Але гэта не спыніла пачынаючага педагога — ён вучыў дзяцей у сельскай мясцовасці далёка ад раён­нага цэнтра.

Кіраўніцтва аддзела адукацыі, разгле­дзеўшы ў Васілю Тамашэўскім вялікія арганізатарскія здольнасці, угаварыла ваенкама адтэрмінаваць маладому педагогу службу ў арміі на два гады. У той час дзяцей школьнага ўзросту ў кожнай сельскай сям’і прыбаўлялася, а настаўнікаў не хапала. Вось і даводзілася Васілю Макаравічу ў дзве змены праводзіць заняткі ў звычайных сялянскіх хатах, нанятых на час: да абеду — у адной вёсцы, пасля абеду — у іншай.

Да самых замаразкаў амаль усе вучні хадзілі басанож, а многія да глыбокай восені не былі на занятках: разам з бацькамі працавалі на зямлі. Старажылы вёсак Ябравічы, Стрыпуны, Гамзічы сёння памятаюць жыццярадаснага настаўніка, які навучыў іх чытаць, пісаць і лічыць.

Пасля трохгадовай службы ў арміі Васіль Макаравіч пачаў вучыць дзяцей ужо ў Чаркаскай сямігадовай школе. А пасля атрымання завочнай вышэйшай адукацыі ў педінстытуце імя А.М.Горкага яго назначылі дырэктарам гэтай школы. Затым, на працягу амаль 30 гадоў, Васіль Тамашэўскі выкладаў матэматыку ў роднай Суцькаўскай школе, куды некалі прыйшоў першакласнікам.

Па-добраму ўспамінае сваіх суцькаўскіх калег, вучняў. Яны памятаюць свайго матэматыка, тэлефануюць, дасылаюць цёплыя віншаванні. Значыць, у іх жыцці гэты чалавек зрабіў штосьці добрае, а гэта для педагога важнейшае за ўсё.

Васіль Макаравіч упэўнены, што не бывае няздольных вучняў. У кожным ёсць таленты, і педагогу важна раск­рыць іх. Ён прыгадвае Міхаіла Аляксандравіча Кілачыцкага, выкладчыка беларускай мовы і літаратуры педвучылішча, Аляксандра Ільіча Мазаніка, загадчыка райана, удзельніка вайны, далёкага сваяка Алены Мазанік, які вучыў педагогаў раёна пера­адольваць любыя цяжкасці, дасягаць поспехаў у выхаванні вучняў і заўсёды быць для іх прыкладам.

Па словах педагогаў Соф’і Сцяпанаўны Залескай і Марыі Віктараўны Кітаевай, якія працавалі з Васілём Макаравічам, ён для ўсіх з’яўляецца эталонам мудрасці, справядлівасці, дабрыні і чыстага сумлення.

Мікалай БАЛЫШ