Настаўнік Павел Кушнярэвіч: «Што можа быць лепшым, чым рабіць кожны дзень тое, што табе падабаецца?!»

- 13:06Учитель года

“Шчыра радаваўся, калі адчуў эмацыянальную аддачу ад вучняў, якія, па ўмовах конкурсу, бачылі мяне ўпершыню”, — адзначае ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” абсалютны пераможца сталічнага конкурсу “Настаўнік года — 2023” настаўнік інфарматыкі сярэдняй школы № 93 Мінска Павел Кушнярэвіч.

Прафесійны стаж Паўла Вячаслававіча складае 10 гадоў, але стыль зносін з дзецьмі ў яго не мяняецца. Да ўсіх вучняў ён звяртаецца на вы, а да некаторых увогуле па імені і імені па бацьку, і ім гэта падабаецца. Яны называюць свайго настаўніка “наш Павел Вячаслававіч” і з гордасцю рас­казваюць, што іх класны кіраўнік — малады чалавек. 

Павел Кушнярэвіч скончыў фізічны факультэт БДУ па спецыяльнасці “Фізік. Ме­неджар”. Звязаць сваё жыццё з педагогікай не планаваў. Але, калі вучыўся на 4 курсе, выпадкова ўбачыў аб’яву, якую, хутчэй за ўсё, складалі вучні, пра тое, што ў школу № 162 Мінска патрабуецца настаўнік інфарматыкі. У аб’яве было сказана: “Вас чакаюць удзячныя вучні, добрая адміністрацыя і дастойны заробак”. Такая шчырасць падкупіла. Ужо праз тыдзень Павел Кушнярэвіч працаваў у 162-й школе. Пасля ўніверсітэта ўзяў размеркаванне ў гэтую ўстанову. Спачатку крыху сумняваўся ў сваім выбары. Па­дзяліўся гэтай навіной са сваім былым класным кіраўніком настаўніцай рускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 5 Салігорска Раісай Іванаўнай Таміла — яна ва ўсім яго падтрымала.

Потым малады чалавек атрымаў спецыяльнасць выкладчыка інфарматыкі ў АПА. У прафесіі адразу адчуў сябе ўпэўнена. З цеплынёй і ўсмешкай успамінае першыя гады працы, цікавыя моманты.

— 1  верасня, лінейка, а я, учарашні студэнт, у натоўпе вучняў 5 “В”, дзе мяне прызначылі класным кіраўніком, — прыгадвае Павел Вячаслававіч. — Падыходзіць да мяне мама аднаго вучня з класа і, не здагадваючыся, што я педагог, гаворыць: “Хлопчык, чаго ты тут стаіш? Тут дзеці на лінейку прыйшлі”. Я адышоў і пачакаў, пакуль усе збяруцца. Нарэшце, падышоў да класа з адпаведнай таблічкай і прадставіўся. Той маме было няёмка, яна выбачалася. У выніку мы з ёй проста пасмяяліся з гэтага эпізоду. Бацькам маіх першых вучняў я вельмі ўдзячны. З іх боку я ніколі не адчуваў ніякіх стэрэатыпаў накшталт “будуць свае дзеці, тады і зоймешся выхаваннем чужых”. Яны прыслухоўваліся да мяне, раіліся, разам мы шукалі адказы на складаныя пытанні. Я імкнуўся стварыць роўныя ўмовы для ўсіх вучняў, каб яны не баяліся звярнуцца да мяне з любой просьбай, хацеў стаць для іх сваім. Мы з імі прыгожа і годна прайшлі шлях з 5 па 11 клас. У мінулым годзе адбыўся мой першы выпуск. І ўявіце: падчас выпускнога вечара сітуацыя з першай лінейкі паўтарылася. Фатограф рабіў агульны здымак класа і расказваў, як нам размясціцца: хлопчыкі прысаджваюцца ў ніжнюю лінію, дзяўчынкі становяцца ў верхнюю. Я, натуральна, стаў пасярэдзіне. “Хлопцы ўніз!” — строга паўтарыў фатограф. Ну як тут не пасмяяцца ад душы? Знаходжанне сярод дзяцей, мабыць, моцна амалоджвае.

Многія лічаць, што ўрок, які вядзе класны кіраўнік, не зусім паўнацэнны, бо настаўнік паспявае за адве­дзены час і абмеркаваць справы класа, і правесці разбор палётаў. Ды і дзеці спрабуюць паразмаўляць з класным кіраўніком на пабочныя тэмы. Павел Вячаслававіч адразу даў вучням зразумець, што на ўроку ён абмяркоўвае толькі асноўную тэму, а ўсе не вучэбныя справы, зносіны па душах, чаяванне адбываюцца ў вольны час. Вучні не раз адзначалі, што з імі быццам размаўляюць два Паўлы Вячаслававічы. Адзін строгі і патрабавальны, а другі вясёлы і кампанейскі. І гэта так. Але ў любым выпадку педагог справядлівы, адкрыты, спакойны, заўсёды з добрым настроем і пачуццём гумару.

— У сучасных дзяцей матывацыя да вывучэння інфарматыкі і праграмавання высокая, — адзначае настаўнік. — Гэта надзвычай жывы прадмет, які ўвесь час мяняецца. Таму кожны год урок па адной і той жа тэме я праводжу па-рознаму. Галоўнае для мяне — каб дзеці не страцілі цікавасць да прадмета, не расчараваліся. Так, ёсць падручнік па інфарматыцы, дзе ўсё апісана, але недастаткова проста ведаць азначэнне таго ці іншага элемента камп’ютара, напрыклад, што такое мацярынская плата. Трэба паказаць вучням, як яна выглядае, даць патрымаць у руках. Каб на ўроках заўсёды была нагляднасць, я разабраў некалькі сваіх старых камп’ютараў.

Быў у мяне адзін вучань, які выдатна ведаў тэорыю, разбіраўся ў матэматыцы. Усе азначэнні ў яго літаральна адскоквалі ад зубоў, але за камп’ютарам ён пачынаў нервавацца, ды так, што пот ліўся ручаём. Як я яго ні супакойваў, ён усё роўна хваляваўся, што ў яго нічога не атрымліваецца ў адрозненне, напрыклад, ад аднакласніка, які азначэнні не вучыў, але на практыцы ўсё можа. Я займаўся з вучнем дадаткова, і мы пераадолелі гэтую праблему.

У сярэдняй школе № 93 Мінска Павел Вячаслававіч працуе з верасня 2022 года. І зноў настаўнік перажыў адказны момант, калі яму як класнаму кіраўніку трэба было з’яднаць свой новы 5 “Г” клас ваенна-патрыятычнай накіраванасці.

— Інфарматыка пачынаецца з 6 класа, але з маімі пяцікласнікамі па іх запыце мы пачалі вывучаць прадмет загадзя, збіраліся па суботах у кабінеце інфарматыкі, — рас­казвае педагог. — Увесь год мы ездзілі на экскурсіі па музеях, памятных мясцінах, удзельнічалі ў патрыятычных мерапрыемствах. Час ляціць непрыкметна. Штодня прыходжу ў школу ў 7.30, вяду ўрокі (выкладаю яшчэ і матэматыку), потым дадатковыя заняткі — і на гадзінніку ўжо амаль 17.00. Дома чакае праверка сшыткаў і падрыхтоўка да заўтрашняга дня. У суботу — выхаваўчыя мерапрыемствы. А яшчэ настаўніку трэба паспяваць свой прафесійны ўзровень павы­шаць. Хтосьці бачыць у гэтым руціну. Для мяне ж школьнае жыццё як кругаварот разнастайных маленькіх і вялікіх па­дзей, конкурсаў, не падобных на папярэднія. Напрыклад, сёлета мы з класам вырашылі адзначыць заканчэнне навучальнага года ўрачыста — у актавай зале са сваёй творчай праграмай.

“Як нам пашанцавала з класным кі­раўніком”, — гавораць мне дзеці напярэдадні летніх канікул. “А як мне пашанцавала з класам”, — спяшаюся ім адказаць. Бацькі ў гэты момант ціха змахваюць з вачэй слязінкі. Так, мы знайшлі адно аднаго. І гэта надае сіл ісці наперад, развівацца.

Пераможцам сталічнага конкурсу “Настаўнік года” Павел Кушнярэвіч усвядоміў сябе не адразу. У той перыяд яму якраз даводзілася ўдзельнічаць у вялікай колькасці разнастайных мерапрыемстваў. У пятніцу, 5 мая, мэр сталіцы ўручыў Паўлу Вячаслававічу ўзнагароду, а ў суботу педагог ужо быў вядучым урачыстасці па прысваенні школе № 93 Мінска статусу “Школа міру”. 

— Самым складаным этапам прафесійнага конкурсу для мяне быў раённы: не хацеў падвесці школу, людзей, якія перажывалі за мяне і дапамагалі падрыхтавацца да выпрабаванняў, — гаворыць Павел Вячаслававіч. — Калі прайшоў на гарадскі этап, выдыхнуў, а далей мне проста хацелася выступіць годна, паказаць усё, што ўмею, правесці цікавыя для дзяцей урокі. Шчыра радаваўся, калі адчуў эмацыянальную аддачу ад вучняў, якія, па ўмовах конкурсу, бачылі мяне ўпершыню. Адпрацаваў па максімуме і зрабіў для сябе адкрыццё: аказваецца, усім, чым ты штодня займаешся ў школе, можна дзяліцца з іншымі, і гэта могуць высока ацаніць. Урок у незнаёмым класе — самае складанае выпрабаванне. Дзяцей і журы трэба здзівіць. Пры гэтым ёсць праграма па прадмеце, падручнікі, пэўная структура ўрока, якой неабходна прытрымлівацца, матэрыял, які павінны засвоіць навучэнцы. Прынцыповае значэнне мае тое, як педагог паднясе гэты матэрыял, ці ўбачыць разу­менне ў дзіцячых вачах, водгук у іх розумах і сэрцах.

Усе лепшыя метадычныя ідэі і фішкі, якія Павел Вячаслававіч уключаў у свае конкурсныя ўрокі, ён прыдумваў літаральна ў апошні момант. Першы ўрок педагог правёў у 6 класе адной са сталічных гімназій.

— Зайшоў у кабінет, паглядзеў дзецям у вочы, убачыў іх засяроджаныя позіркі. Мы шчыра ўсміхнуліся адно аднаму, і адразу на душы стала цёпла, — успамінае Павел Вячаслававіч. — Калі ты зразумеў настрой дзяцей, знайшоў з імі псіхалагічны кантакт, гэта ўжо палова поспеху. Мы разглядалі новую тэму “Алгарытмы”. Прыйшла ідэя правесці заняткі ў форме квеста, зрабіць штосьці падобнае на “Форт Баярд”. Што такое алгарытм? Правільная паслядоўнасць дзеянняў, якая прыводзіць ад зыходнага выніку да патрэбных даных. У метадычным плане тэхналогія квеста і алгарытмы суадносяцца ідэальна. У самым пачатку я расказаў вучням паданне аб сямі ключах. Адзін хлопчык падняў руку і сказаў, што чытаў кнігу, дзе пра гэта напісана. За кожнае правільна выкананае заданне я даваў вучню ключык. Сфарміраваліся дзве каманды. У шафках, размешчаных у класе, былі схаваны розныя рэчы, а зверху прымацаваны азначэнні па тэме ўрока. Да ключоў прымацаваны тэрміны. Дзеці павінны былі падабраць ключы да шафак. У адным з іх знаходзіліся куфар, перавязаны кодавым замком, карта, манеткі і флэшка. Як адкрыць куфар? Вучні пачынаюць падбі­раць лічбы ад замка, але гэта тысячы камбінацый. Успамінаюць пра флэшку, садзяцца за камп’ютар, адкрываюць флэшку, а там карцінка, якая падказвае, у якой паслядоўнасці трэба раскласці манеты, каб даведацца код. Замок адкрыты. Што было ў куфры? Дамашняе заданне.

“Ніколі не бачыў, каб вучні так змагаліся за дамашняе заданне”, — пажартаваў я тады. Урок завяршыўся, дзеці атрымалі ад мяне невялікія салодкія прызы.

Не менш займальным быў другі конкурсны ўрок Паўла Вячаслававіча ў 9 класе па тэме “Мадэляванне”. Чым на гэты раз здзівіў педагог? Прынёс з сабой 3D-прынтар.

— Мы вывучалі мадэляванне менавіта на практыцы, — тлумачыць настаўнік. — Увагу засяродзілі на будынку Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі. Даведаліся пра гісторыю яго стварэння, прыгадалі архітэктурныя праекты, якія прапаноўваліся першапачаткова. Затым на 3D-прынтары раздрукавалі існуючую мадэль бібліятэкі. Далей звярнуліся да гісторыі стварэння ідэальнага браняносца для брытанскага флоту — карабля “Кэптэн”, які, на жаль, затануў. Што магло прадухіліць гібель? Канструктар, якога звалі Рыд, загадзя зрабіў мадэль карабля і запусціў у ёмістасць з вадой, дзе стварыў штармавую сітуацыю. Адразу выявіліся памылкі ў канструкцыі, якія прывялі да таго, што доследная ма­дэль карабля перавярнулася. “Гэта непазбежна павінна адбыцца…” — Рыд папярэджваў адміралцейства аб катастрафічна маленькай астойлівасці “Кэптэна”. Але яго не паслухалі, адбылася трагедыя. Мы з вучнямі раздрукавалі ідэальны браняносец на 3D-прынтары і правялі аналагічны эксперымент.

Гэта былі два цудоўныя ўрокі. Дзеці пасля падыходзілі, задавалі ўдакладняючыя пы­танні, дзяліліся ўражаннямі. Ва ўсіх быў выдатны настрой. Падчас конкурсу я чарговы раз зразумеў, што мне ў жыцці вельмі пашанцавала: я знайшоў сябе і шчаслівы. За 10 гадоў у педагогіцы я ніводнага дня не адчуваў, што мне цяжка. Наадварот, мне было лёгка, бо я атрымліваў задавальненне ад сваёй дзейнасці. Што можа быць лепшым, чым ра­біць кожны дзень тое, што табе падабаецца?! Зараз жыву ў гэтым шчаслівым моманце. А што далей? На гэты конт у мяне ёсць жарт, што мне 30 гадоў і я не ведаю, кім стану, калі вырасту. Пакуль адпачываю пасля напружанага навучальнага года, а потым пачнецца падрыхтоўка да заключнага этапу рэспуб­ліканскага конкурсу “Настаўнік года”.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара