Настаўнік павінен усё жыццё быць вучнем, лічыць педагог рагачоўскай сярэдняй школы № 5 Іна Беразюк

- 13:41Учитель года

“Я працягвала шукаць сябе, вучыцца, удасканальвацца, мяняцца. Усё для таго, каб зразумець, як насамрэч трэба вучыць маленькіх дзяцей”, – патлумачыла сваю пазіцыю ў размове з карэспандэнтам “Настаўніцкай газеты” фіналіст конкурсу “Настаўнік года” педагог з рагачоўскай сярэдняй школы № 5 Іна Беразюк.

Бабуліна мара

 У 2013 годзе яна пайшла здаваць ЦТ разам з дачкой Дар’яй. Паступілі адначасова: дачка — на дзённае аддзяленне ў Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, а Іна Мікалаеўна — на завочнае ў Беларускі дзяржаўны эканамічны ўніверсітэт. Сёння настаўніца лічыць, што гэты крок быў неабходны, бо паспрыяў пераадоленню прафесійнага выгарання.

Цяпер веды ў галіне эканомікі дапамагаюць педагогу рыхта­ваць дзяцей да рэальнага жыцця. Задачкі па матэматыцы, якія настаўніца дае сваім вучням, — з зорачкай. Хлопчыкі і дзяўчынкі з азартам бяруцца за іх рашэнне, а потым ужо самастойна складаюць ураўненні і разважаюць пра розніцу паміж паняццямі “цана” і “вартасць”.

— Дзецям важна знайсці адказ самастойна, — упэўнена педагог.

Іна Мікалаеўна ўспамінае, што з выбарам прафесіі вызначылася яшчэ ў малодшых класах. На яе рашэнне паўплывала ў тым ліку і яе першая настаўніца.

Я дастаткова рана зразумела, што буду настаўніцай. Без школы я не ўяўляла сваёй будучыні. Любіла быць тут. Жыццё школы з пачатковых класаў было маім жыццём. Сваю першую настаўніцу Людмілу Віктараўну Чупрыгіну, якая цяпер жыве ў Мінску, вельмі хачу запрасіць на фінал конкурсу “Настаўнік года”. Я ўдзячна ёй не толькі за базавыя веды, але і за матывацыю. Менавіта яна дапамагла мне вызначыцца ў жыцці. Акрамя таго, мая бабуля жыла па суседстве з сем’ямі педагогаў, і ў яе была мара, каб я стала настаўніцай. Так што я, да таго ж, спраў­дзіла мару бабулі, а цяпер жыву ў яе доме. Я скончыла школу на выдатна і дакладна ведала, куды пайду вучыцца далей. У 1991 го­дзе паступіла ў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А.М.Гор­кага — цяпер педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка.

Вучыць і матываваць

Апошнія 12 гадоў Іна Міка­лаеўна выкладае ў той школе, дзе некалі вучылася сама. Дырэктар установы Наталля Аляксандраўна Зарэцкая і калегі падтрымліваюць настаўніцу, якая ў верасні будзе адстойваць гонар установы, Рагачоўшчыны і ўсёй Гомельшчыны на рэспубліканскім конкурсе педагагічнага майстэрства.

— Мне дагэтуль дапамагае тая адукацыйная база, якую заклала яшчэ савецкая школа. Я вельмі ўдзячна сваім настаўнікам, якія заўсёды заахвочвалі маё імкненне спазнаваць штосьці новае. Я чалавек старой загартоўкі, а цяпер жыццё зусім па-іншаму ўладкавана. Таму ўвесь час задаю сабе пытанне: ці таму мы вучым дзяцей сёння? У адзін момант я зразумела, што ў вучняў няма той матывацыі, якая была ў нас. Для нас вышэйшая адукацыя азначала стаць прафесіяналам у сваёй галіне. Многія прадстаўнікі сучаснага пакалення ідуць атрымліваць дыплом, а потым шукаюць сябе ў сферах, якія зусім не адпавядаюць атрыманай прафесіі. Наяўнасць дыплома аб вышэйшай адукацыі — ці нават двух — стала моднай. Але пры гэтым маладыя людзі не маюць мэты адбыцца як спецыялісты ў выбранай галіне.

Жыццёвыя падказкі

Пра Іну Мікалаеўну калегі кажуць: “Яна як бурны струмень. І побач з ёй усё таксама павінна круціцца і вярцецца”. Неўтаймаваную энергію настаўніца накіроўвае ў неабходнае рэчышча. Калі ёсць патрэба ў абнаўленні, знаходзіць, напрыклад, якія-небудзь курсы і едзе ўдасканальвацца.

Так ты заўсёды з новымі ідэямі, якія тут жа пачы­наеш рэалізоўваць у сваёй навучальнай установе. Мяне вельмі падтрымлівае дырэктар нашай школы. Наталля Аляксандраўна падхоплівае мае прапановы, і мы разам іх увасабляем у жыццё. Напэўна, важна ўмець ба­чыць жыццёвыя падказкі. Цяпер я ра­зумею, што тое, над чым я працавала ў 2021 годзе, — стварэнне элект­ронных адукацыйных рэсурсаў для адзінага адукацыйнага партала  — было вельмі важнай старонкай майго жыцця. Хоць гэта і было велізарным выпрабаваннем, бо працавалі мы падчас пандэміі. Я вельмі ўдзячна галоўнаму рэдактару навукова-метадычнага часопіса “Пачатковае навучанне: сям’я, дзіцячы сад, школа”, кандыдату педагагічных навук, дацэнту Нацыянальнага інстытута адукацыі Вользе Ігараўне Цірынавай. Па яе вучэбным дапаможніку і метадычных распрацоўках я стварала свае міні-ўрокі. Мы працавалі ў тандэме, і я рада, што апраўдала яе чаканні. Я зразумела важнасць таго, што зрабіла, калі пачула станоўчыя водзывы калег з Брэсц­кай вобласці, якіх дагэтуль не ведала.

Іна Мікалаеўна з захапленнем расказвае, як стварала ролікі працягласцю 5—7 мінут, як унікала не толькі ў методыку, але і ў тэхніку здымак і мантажу. І ўсё для таго, каб зацікавіць дзяцей урокамі:

Мы рабілі відэаролікі з агучкай, якія ўключалі і матывацыйныя пасылы. Я распрацавала 47 урокаў. На сваіх выхаванцах ролікі праверыць не атрымалася, паколькі стварала іх для першых класаў, а мае вучні ў той час былі ўжо ў другім класе. Інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі на сваіх уроках выкарыстоўваю вельмі даўно, як толькі камп’ютарызацыя актыўна ўвайшла ў наша жыццё. У мяне на ўроках дзеці працуюць з планшэтамі. У Парку высокіх тэхналогій я навучылася Scratch. Гэта пачатковы ўзровень праграмавання, які даз­валяе ствараць уласныя аніміраваныя і інтэрактыўныя гульні, прэзентацыі і праекты. Атрымала права праводзіць для дзяцей факультатыўныя заняткі па інфарматыцы.

У такога педагога былыя вучні паспяховыя і тады, калі пераходзяць у сярэднія, а потым і ў старшыя класы школы. Многія з іх ахвотна ўдзельнічаюць у алімпіядным руху.

— Цяпер бацькі ўважліва ставяцца да выбару першага настаўніка. Да мяне прыводзяць малодшых братоў і сясцёр маіх вучняў. Бацькі адзначаюць, што я актыўна працую з электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, таму лічаць, што змагу многаму наву­чыць іх дзяцей. А інфармацыйнымі тэхналогіямі  мяне заразіў ва УВА выдатны выкладчык методыкі выкладання матэматыкі Ула­дзімір Лявонцьевіч Дрозд. І цяпер матэматыка — мой любімы прадмет, — адзначае Іна Мікалаеўна.

“Свае” дзеці

1 верасня настаўніца будзе знаёміцца са сваімі новымі вучнямі. Праўда, яна адзначае, што ў душы яшчэ не адпусціла тых дзяцей, якія перайшлі ў сярэдняе звяно. Дарэчы, са “сваімі” старшакласнікамі і выпускнікамі школы Іна Мікалаеўна падтрымлівае вельмі трапяткія адносіны:

Да мяне ўвесь час прыхо­дзяць мае былыя вучні. У нас нават традыцыя склалася сустракацца ў чэрвені, каб падзяліцца ўражаннямі аб мінулым навучальным годзе. З Днём настаўніка заўсёды віншуюць мяне. Ды і нао­гул могуць проста так у клас да мяне зазірнуць на перапынку, каб пагутарыць. Цёплыя адносіны застаюцца і з бацькамі маіх выпускнікоў. Дзеці часта ад’язджаюць, знаходзяць сябе ў іншых гарадах. А з бацькамі я пастаянна сустракаюся ў горадзе.

У сказаным пераконваюся асабіста. Пакуль нядоўга ідзём разам па вуліцах Рагачова, Іну Мікалаеўну некалькі разоў спыняюць, штосьці пытаюць. Іншыя проста ўсміхаюцца і ветліва махаюць рукой. Гаворым пра тое, што верасень для яе выдасца асабліва складаным. Трэба будзе ўдзя­ліць час новым першакласнікам і іх баць­кам. І адначасова спатрэбяцца сілы для фінальнага этапу конкурсу “Настаўнік года”. Педагог шчыра ўсміхаецца: “Я як Мэры Попінс — адлятаю, але абавязкова вярнуся”.

— Некалі мне сказалі: “Ты настаўнік ад Бога”, — прыгадвае педагог. — Я працягвала шукаць сябе, вучыцца, удасканальвацца, мяняцца. Усё для таго, каб зразумець, як насамрэч трэба вучыць маленькіх дзяцей. Іх трэба рыхтаваць да жыцця. Каб яны потым самастойна здабывалі веды і рабілі выбар прафесіі. Настаўнік, дарэчы, павінен быць не транслятарам, а такім жа вучнем. Трэба вучыцца на працягу ўсяго свайго жыцця і імкнуцца да нейкай важнай мэты.

Ірына АСТАШКЕВІЧ
Фота аўтара