Настаўнік СШ № 9 Баранавіч Мікалай Філімонаў расказаў, як зацікавіць школьнікаў фізічнай культурай

- 16:46Интервью

“Няма вучняў няздольных. Ёсць працавітыя і лянівыя”, — любіць паўтараць настаўнік фізічнай культуры і здароўя сярэдняй школы № 9 імя Героя Савецкага Саюза Г.М.Халасцякова Баранавіч Мікалай Філімонаў. Ён прыкладае максімум намаганняў, каб зацікавіць, пераканаць, навучыць кожнае дзіця працаваць не толькі на ўроках, але і дома. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Мікалай Мікалаевіч, стан здароўя сучасных дзяцей выклікае трывогу. Вялікі працэнт школьнікаў пакутуе ад гіпадынаміі, хвароб органаў зроку і паставы. Гэтую праблему хаця б часткова можна вырашыць на ўзроўні школы?

— Фізічная культура, па маім меркаванні, вучыць мастацтву быць здаровым, весці здаровы лад жыцця. У рабоце настаўніка фізічнай культуры важна сыхо­дзіць з зацікаўленасці і патрэбы дзіцяці, якому з нараджэння неабходна рухацца, падаць, кры­чаць і быць, быць здаровым!

У школу дзеці ходзяць дзеля атрымання ведаў, а на ўрокі фізічнай культуры — дзеля ўмацавання здароўя і фізічнага развіцця, і патрэбна гэта ў першую чаргу не настаўніку, а менавіта ім. А што ў рэальнасці? Праблема захавання здароўя насельніцтва ў Беларусі з кожным годам становіцца ўсё больш актуальнай. Асабліва гэта тычыцца дзяцей і падлеткаў. Вынікі масавых абследаванняў іх стану здароўя пагражальныя. Ад класа да класа зніжаецца колькасць здаровых дзяцей, могуць лічыцца здаровымі ў сярэднім каля 10—15% выпускнікоў.

Калі кожны прыгадае свае школьныя гады, то, напэўна, успомніць і тое, што ўрок фізічнай культуры практычна ўсе хацелі прапусціць. Але без гэтых урокаў, заняткаў спортам любое дзіця можа беззваротна згу­біць тое, чым надзяліла яго прырода. Урокі фізкультуры і здароўя ў школе — гэта вучэбны прадмет, які дапамагае выхаваць асобу дзіцяці паўнацэннай. Існуе памылковае меркаванне, што заняткі спортам і ўрокі фізічнай культуры садзейнічаюць толькі развіццю цела і абсалютна ніяк не ўплываюць на светапогляд і ўнутраны свет. Аднак фізічная культура валодае вялізнай сілай, і менавіта рух дазваляе быць у пастаянным тонусе і з’яўляецца перадумовай  паспяховага развіцця дзіцяці. Таму рэгулярныя заняткі фізічнымі практыкаваннямі ў спалучэнні з дакладным выкананнем рэжыму дня з’яўляюцца надзейным прафілактычным сродкам супраць многіх захворванняў, садзейнічаюць мабілізацыі жыццёва важных функцый арганізма, рухальных здольнасцей, выхоўваюць сілу волі, сабранасць і ўпэўненасць у сабе. Навукова даказана, што правільна арганізаваны рухальны рэжым навучэнцаў не толькі паляпшае фізічнае развіццё, але і садзейнічае павышэнню ўзроўню актыўнасці, узаемадзеянню з іншымі, паспяховасці ў школе.

Без перабольшання можна сказаць, што ўрокі фізкультуры ў школе — гэта сапраўдны прамень святла ў цёмных буднях без руху. Галоўнае — правільна матыва­ваць дзіця. І тады для яго англійская мова, матэматыка і фізічная культура будуць раўнацэннымі прадметамі.

— А як зацікавіць дзіця фізічнай культурай?

— Проста не сядзець склаўшы рукі. Усё напрамую залежыць ад настаўніка, ад яго жадання і ўменняў.

Прафесія настаўніка фізічнай культуры адказная, сур’ёзная і ў той жа час светлая, прыносіць радасць ад зносін з вучнямі. Перакананы, што навучанне, выхаванне і развіццё дзяцей пачынаюцца з развіцця асобы педагога. Заўсёды імкнуся да стварэння аптымальных умоў для развіцця школьнікаў, пастаянна шукаю штосьці новае, цікавае, каб яны атрымалі радасць ад маіх урокаў, ад зносін са мной і адно з адным. Пры падрыхтоўцы да кожнага ўрока дакладна падбіраю метады і прыёмы, адэкватныя тэме і мэтам урока, узроставым і індывідуальным асаблівасцям навучэнцаў. Імкнуся падабраць ключык да кожнага дзіцяці. Галоўнае крэда маёй работы — не нашкодзіць дзіцяці!

Цярпенне, увага і разуменне кожнага — вось мае прынцыпы. Я — люстэрка, у якое глядзяцца дзеці. Таму імкнуся быць чалавекам у поўным сэнсе гэтага слова: строгім, адказным, чулым, крэатыўным і з пачуццём гумару.

Дзіця павінна хацець, магчы і ўмець — гэтыя складнікі забяспечваюць цікавасць і патрэбу школьніка ў занятках фізічнай культурай.

“Хацець” — гэта пастаяннае жаданне дзіцяці быць актыўным на ўроку. Яно прыходзіць на заняткі, бо яму цікава, камфортна, бо яно ўпэўнена, што будзе непасрэдным удзельнікам, а не назіральнікам. А каб жаданне быць удзельнікам вучэбнага працэсу не прападала, кожны ўрок павінен быць з іскрынкай. Менавіта яна запамінаецца, жаданне прыйсці на наступныя заняткі падаграваецца цікавасцю да чагосьці не­звычайнага.

“Магчы” — гэта той рэальны індывідуальны паказчык здароўя школьніка, з якога даводзіцца зыходзіць настаўніку пры пабудове ўрока на працягу ўсяго перыяду навучання ў школе.

“Умець” — гэта паказчык, які вызначаецца майстэрствам настаўніка: наколькі ён здольны данесці свае прафесійныя веды да вучня, каб той навучыўся прымяняць іх на практыцы. У кожнага чалавека, на маю думку, ёсць свая планка — асабістая мяжа, асво­іць якую яму па сілах. І самае галоўнае — развіваць у вучня жаданне на гэтых дасягненнях не спыняцца.

На ўроку фізічнай культуры не павінна быць такога, калі 10 чалавек гуляюць, а астатнія на лаўцы назіраюць. Урок — для ўсіх. І для ўсіх ён павінен быць радасцю, якая нараджаецца праз гульню, зносіны, дапамогу, узаемаразуменне.

— Мікалай Мікалаевіч, якія вы бачыце шляхі дасягнення аптымальнага ўзроўню фізічнай актыўнасці школьнікаў?

— Адзін са шляхоў — правядзенне спартыўна-арыентаваных урокаў. Мяркую, што спартыўна-арыентаванае фізічнае выхаванне ў школе не азначае толькі выяўленне, развіццё і падрыхтоўку спартсменаў, а яго мэта больш глабальная — прадастаўленне ўсім школьнікам магчымасці атрымання карыснага спартыўнага вопыту. 

На павелічэнне фізічнай актыўнасці і павышэнне матывацыі навучэнцаў да заняткаў фізічнай культурай накіравана методыка арганізацыі ўрокаў з выкарыстаннем сродкаў баскетбола. Яна ўключае ўтварэнне міні-каманд (размеркаванне і выкананне ўнутрыкамандных ролей, судзейства), размінку ў камандах, унутрыкамандныя гульні, таварыскія гульні, правядзенне цырымоній адкрыцця і закрыцця спаборніцтваў, кульмінацыйныя гульні.

Навучэнцы М.М.Філімонава пастаянна ўдзельнічаюць у Рэспубліканскай алімпіядзе па фізічнай культуры і здароўі. Сёлета на другім яе этапе дыпломы заваявалі Ганна Акула (І ступені), Ілья Гурбуноў (ІІ ступені), Мацвей Гольдберг і Алег Шыбут (ІІІ ступені).

Названая методыка ўключае ў сябе тры этапы: падрыхтоўчы, трэніровачны і спаборніцкі. На падрыхтоўчым этапе каманды ўдзельнічаюць у трэніровачным працэсе, выкарыстоўваючы тэхналогіі спартыўнай, агульнааздараўленчай трэніроўкі, набываючы і вывучаючы тэхніку і тактыку баскетбола, і адначасова школьнікі асвойваюць правілы гульні. Трэніровачны этап прадугледжвае ўдзел каманд як ва ўнутрыкамандных гульнях, так і ў таварыскіх матчах з іншымі камандамі і практыкуюць судзейства спаборніцтваў. Гульні праходзяць па мадыфікаваных правілах: вучні гуляюць два на два альбо тры на тры ў адно кальцо. Адначасова праходзяць дзве і больш гульні. Каманды, якія не задзейнічаны ў гульнях, судзяць гэтыя гульні ці трэніруюцца на адведзеных ім месцах у зале. На апошнім этапе каманды ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, якія ідуць у агульны залік. Фармат спаборніцтваў можа быць розным, але самі школьнікі выступаюць у ролі не толькі ўдзельнікаў, але і суддзяў спаборніцтваў. На працягу ўрока фізічнай культуры школьнікі заўсёды дасягаюць рэкамендуемага ўзроўню рухальнай актыўнасці. Завяршаецца спаборніцкі пе­рыяд фінальнымі гульнямі і ўзнагароджваннем каманд-пераможцаў.

За час прымянення гэтай методыкі значна павысілася фізічная актыўнасць школьнікаў на фоне станоўчых эмоцый. Дзеці з задавальненнем удзельнічаюць у гульнях і судзействе.

Вялікай падмогай у аздараўленні дзяцей і аддушынай для мяне з’яўляецца пазакласная работа! Гэта тыя спартыўна-забаўляльныя святы, дзе дзеці не толькі развіваюць фізічныя якасці ў гульнявых сітуацыях, але і, лёгка ўжываючыся ў розныя ролі, вучацца сяброўству, узаемавыручцы, праяўляюць кемлівасць і знаходлівасць.

Формы і метады работы, якія выкарыстоўваюцца, не прэтэндуюць на ўніверсальнасць. Гэта толькі спроба вырашыць праблему захавання і ўмацавання здароўя дзяцей. Але гэта рэальныя крокі, якія, па ацэнках баць­коў, адміністрацыі школы, з’яўляюцца дзейснымі і эфектыўнымі.

— Што для вас з’яўляецца самай вялікай узнагародай за работу?

— Асаблівую радасць адчуваю, сустракаючы многіх маіх выпускнікоў, якія звязалі сваю прафесію з фізічнай культурай і спортам, якія бегаюць і гуляюць у вольны час на стадыёне, катку. Значыць, мая работа не прайшла дарма, у іх ёсць патрэба ў руху. А рух — гэта жыццё.

Нашы выпускнікі, якія вучацца ў іншых гарадах, на канікулах вяртаюцца дадому і абавязкова заходзяць у наш кабінет. Прыхо­дзяць — значыць, тут яны пакінулі часцінку душы і сэрца. Згадзіцеся: чалавек вяртаецца туды, дзе яму было добра, з чым звязаны светлыя і пазітыўныя ўспаміны, дзе ён быў прыняты і зразуметы такім, які ён ёсць. Ці не гэта галоўная ўзна­гарода за тое, што на працягу ўсёй сваёй педагагічнай дзейнасці я сэрца аддаю дзецям?

Правілы Мікалая Філімонава

  1. Не нашкодзь!
  2. Варта жыць жыццём школьнікаў, глядзець на свет іх вачыма — толькі тады зможаш зразумець іх.
  3. Трэба быць стрыманым і цярплівым.
  4. Давер да дзяцей дапамагае ім сталець.
  5. Не варта патрабаваць ад школьніка немагчымага, трэба ўлічваць яго ўзроставыя і індывідуальныя асаблівасці.
  6. Трэба шукаць розныя спосабы і метады, эфектыўныя прыёмы, каб навучыць школьніка таму, што ведаеш і можаш сам.

Наталля КАЛЯДЗІЧ