Настаўнік Суботніцкай сярэдняй школы Мікалай Бабяк: «Веру ў сваіх вучняў»

- 16:10Первое рабочее место

Мікалай Бабяк чатыры гады хадзіў на заняткі ва ўніверсітэт міма банера з выявай архітэктурнай славутасці вёскі Суботнікі Іўеўскага раёна і нават не падазраваў, што лёс звяжа яго жыццё з гэтымі мясцінамі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Яшчэ ў дзяцінстве (а вучыўся Мікалай Бабяк у сярэдняй школе № 7 Гродна, якую скончыў з залатым медалём) перад ім не стаяла пытанне, куды ісці вучыцца і якую атрымаць прафесію. Прымаючы ўдзел у днях самакіравання ў школе, адчуў, што атрымліваецца нешта дзецям расказваць, даносіць сваю думку, хвалілі і настаўнікі. Таму і паступіў у Беларускі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт імя Максіма Танка. Чатыры гады праляцелі хутка. І вось спецыяліст з чырвоным дыпломам трапляе ў невялікую школу ў вёсцы Суботнікі, дзе нарэшце на свае вочы ўбачыў культурную спадчыну, выява якой была на банеры, — касцёл Святога Уладзіслава.

Мікалай Русланавіч успамінае, як цёпла сустрэў маладога спецыяліста калектыў школы. Была нават цырымонія прыняцця ў педагагічны калектыў з абрадам пасвячэння і настаўніцкім хлебам. Прайшло ўжо амаль два гады, а настаўнік адчувае адносіны да сябе з боку вопытных калег, як да старэйшага сына, клопат і дапамогу ва ўсім.

— Мне вельмі пашчасціла з калектывам, ён цудоўны. Лю­дзі не проста не пакінуць цябе ў бядзе, а вельмі часта першымі, не чакаючы просьбы, прапануюць дапамагчы. За што я ім вельмі ўдзяч­ны, цаню гэта. Падтрымлівае і кіраўніцтва раёна, калі гэтага варты, абавязкова адзначыць, — расказаў М.Р.Бабяк.

Суботніцкая сярэдняя школа невялікая, з улікам падвозу дзяцей з іншых вёсак тут вучыцца каля 100 чалавек. І гэта накладвае свой адбітак. Малады педагог вядзе ўрокі гісторыі і грамадазнаўства ва ўсіх класах з 5-га па 11-ы. Да кожнага ўрока трэба пад­рыхтаваць новую тэму, гэта вялікая нагрузка. Ёсць тэмы, якія асабліва цікавыя педагогу, як, напрыклад, Першая сусветная вайна, пачатак XX стагоддзя, прыход да ўлады ў Беларусі бальшавікоў. Калі гараць вочы ў настаўніка, тады і дзеці пранікаюцца матэрыялам, узнікае жаданне даведацца больш, чым дае школьная праграма, самастойна пашукаць дадатковую інфармацыю. А звычайны на першы погляд урок адкрывае аконца ў свет новых, цікавых ведаў. Магчыма, нехта з сённяшніх вучняў у будучыні захоча больш глыбока вывучаць гістарычную навуку, стаць настаўнікам ці нават навукоўцам.

— Ёсць вельмі матываваныя дзеці. Разумею, што ў іх няма ўмоў, як у вялікіх гарадскіх установах адукацыі, але яны ні перад чым не спыняцца, калі паставілі перад сабой мэту, будуць дабівацца яе дасягнення. Мяне радуе, што прыйшлі вучні з малодшага звяна, якія цікавяцца гісторыяй, ёсць некалькі чалавек у сярэднім звяне. З такімі дзецьмі рыхтуем работы на канферэнцыі, у асноўным ідзе работа на перспектыву. Ёсць і дасягненні: у мінулым годзе Караліна Юхнік на раённай канферэнцыі заваявала дыплом III ступені. Мая задача як педагога не толькі даць дзецям неабходныя веды, а і зацікавіць іх сваім прадметам. Магчыма, тады матывацыя да яго вывучэння з’явіцца і ў тых, хто раней лічыў сябе больш матэматыкам, чым гуманітарыем, — расказаў Мікалай Бабяк.

Завалодаць увагай вучняў, калі яны, здаецца, стаміліся ад гістарычных падзей і дат, дапамагаюць разнастайныя сэрвісы, якія настаўнік актыўна выкарыс­тоўвае. Напрыклад, ён прапаноўвае замацаваць пройдзены матэрыял пры дапамозе сэрвісу Kahoot для стварэння анлайн-віктарын, тэстаў і апытанняў. Дзецям вельмі падабаецца. Педагогу нават прапанавалі правесці майстар-клас для калег раёна, і ён зняў для іх відэа, як карыстацца сэрвісам Kahoot.

Настаўнік і сам адкрыты для ўсяго новага, з задавальненнем прымае ўдзел у конкурсах. Як прызнаецца, “падабаецца кідаць сабе выклік, нягледзячы на вынік, заўсёды атрымліваеш новы вопыт, веды”. Ён стаў пераможцам раённага этапу рэспубліканскага фестывалю “Педагагічны дэбют — 2023” і прыняў удзел у абласным этапе.

Мікалай Бабяк ні на хвіліну не пашкадаваў, што стаў настаўнікам:

— Прафесія педагога — гэта работа, у якой аддаюць. Аддаюць свае сілы, час, нервы, часта ўсяго сябе з галавой. Гэта складаная работа. Акрамя сіл, прафесія педагога патрабуе таксама цярпення, стараннасці, а часам і акцёрскага майстэрства. Як не згарэць у такім рытме? У мяне ёсць адказ: вучні. Яны натхняюць на подзвігі. Менавіта дзеці даюць выдатную зваротную сувязь і станоўчыя эмоцыі. Галоўнае, каб была аддача. Ці шкадую я, што стаў часткай педагагічнай грамадскасці? Не. Аднак, ідучы на работу, кожны дзень сумняваюся: ці да ўсяго я гатовы, ці спраўлюся, ці варты? Але сумненні — акт мыслення. Чалавек, які думае, — існуе. Я жыву і веру ў сваіх вучняў. А яны — у мяне.

Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара