Словам і справай — такі жыццёвы прынцып закладзены ў аснову работы настаўніка працоўнага навучання сярэдняй школы № 2 Верхнядзвінска імя Героя Савецкага Саюза Н.В.Траян Дзмітрыя Мароза. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наватар і даследчык, прызёр абласнога этапу рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь — 2023”, дэпутат раённага Савета дэпутатаў, спартсмен, заўзяты турыст, кантэнт-менеджар школьнага сайта — неверагодна, але гаворка пра аднаго чалавека! Між тым, акрамя ўрокаў, Дзмітрый Мікалаевіч яшчэ вядзе заняткі па сталярным майстэрстве ў рамках прафпадрыхтоўкі для старшакласнікаў з усяго раёна, а таксама ў школьных аб’яднаннях па інтарэсах для юных інспектараў руху і ратавальнікаў-пажарных, аматараў стральбы, робататэхнікі і тэхнічнага мадэлявання. А дома ён клапатлівы муж і бацька дваіх дзяцей. Як гэты унікум усё паспявае? Запрашаем даведацца з першых вуснаў.
— Рашэнне стаць настаўнікам вы прынялі на мяжы стагоддзяў, калі прафесія педагога не лідзіравала ў топе самых папулярных, тым больш у хлопцаў. Чаму такі выбар?
— Калі не лічыць, што ў дзяцінстве марыў стаць касманаўтам, а пасля дальнабойшчыкам, прызнацца, я толькі на педагагічную сцежку і нацэльваўся. У старшых класах — сур’ёзна. Мае школьныя настаўнікі былі ідэалам для мяне. Глядзеў на іх і думаў: “Хачу сам весці ўрокі ў школе”. Слова “педагог” гучала для мяне прыгожа, высакародна і ганарова. Прадметны напрамак выбраў зноў жа ўсвядомлена. Колькі помню сябе, мне падабалася майстраваць, рамантаваць, вазіцца з тэхнікай — карацей, працаваць рукамі. Ды і ўмеў нямала. Хаця нарадзіўся ў Верхнядзвінску, вырас я ў вёсцы, дзе без гэтага зусім ніяк. У маёй роднай Каханавіцкай сярэдняй школе быў выдатны сталярны цэх, там многаму навучыўся. Мае бацькі мелі ўласны трактар у гаспадарцы, таму прайшоў падрыхтоўку ў вучэбна-вытворчым камбінаце на вадзіцеля катэгорыі А. Год стажу — і здаў экзамены на катэгорыю В. Дадатковыя карысныя магчымасці ёсць заўсёды і ў кожнага, у гэтым я з малых гадоў пераканаўся. Нельга іх упускаць, інакш потым спатрэбіцца — пашкадуеш. Калі заканчваў школу, у Полацкім дзяржаўным універсітэце якраз адкрылася спецыяльнасць “Тэхналогія. Інфарматыка”, дзе працоўнае навучанне ішло як адна з кваліфікацый. Туды і паступіў.
— Вы былі актыўным студэнтам?
— Так. Вучыцца спадабалася, у навуковую і грамадскую дзейнасць паглыбіўся дастаткова інтэнсіўна. Выступаў з дакладамі на многіх студэнцкіх форумах і канферэнцыях, удзельнічаў у сустрэчы з міністрам адукацыі Аляксандрам Радзьковым, быў на рэспубліканскім балі выпускнікоў вышэйшых навучальных устаноў з удзелам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. У той жа час заняўся велатурызмам і краязнаўствам — для душы. Меў надзейны варыянт уладкавацца ў ІТ-сферы, аднак не маё гэта. На практыках у школе намнога больш камфортна сябе адчуваў, чым за маніторам. Пасля адной з іх высветлілася: у класе былі дзеці маіх універсітэцкіх выкладчыкаў. Тыя гаварылі, што вучні ў захапленні ад заняткаў, раілі застацца ў Наваполацку. Падзякаваў, ды не скарыстаўся парадай. Мяне прыцягваў Верхнядзвінск, малая радзіма. Адно шкадаваў, што ў Каханавіцкай школе вакансіі не было. Накіравалі мяне ў сярэднюю школу № 2 райцэнтра, сёння яе таксама называю роднай.
— Адразу прыступілі да працы?
— Спачатку выканаў грамадзянскі абавязак перад Радзімай, тэрміновую службу праходзіў у войсках радыёэлектроннай разведкі. Затым быў на перападрыхтоўцы па спецыяльнасці “Менеджмент устаноў прафесійнай адукацыі” ў РІПА і, нарэшце, — прывітанне, школа!
— Не расчараваліся ў прафесіі?
— Відаць, я адналюб па натуры. Калі адкінуць жарты, у маім успрыманні настаўнік — гэта насамрэч найлепшая прафесія. На маіх уроках навучэнцы асвойваюць прыёмы апрацоўкі драўніны і металаў, мадэляванне, канструяванне, выпальванне і разьбу па дрэве. У сталярнай і слясарнай майстэрні праводжу ўрокі з прымяненнем праектнай, гульнявой, ІКТ-тэхналогій, тэхналогіі развіцця крытычнага мыслення.
Гэта робіць вучэбныя заняткі не толькі сучаснымі, актуальнымі і эфектыўнымі, але і дае магчымасць дабівацца нядрэнных вынікаў у конкурсах і алімпіядах рознага ўзроўню. Метадычная праблема, над вырашэннем якой я цяпер працую, — выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій для актывізацыі пазнавальнай дзейнасці школьнікаў на ўроках працоўнага навучання і ў пазаўрочнай дзейнасці. Перспектыўны фармат, бо дазваляе разнастаіць дзейнасць вучняў, актывізаваць іх увагу, павысіць творчы патэнцыял.
На базе нашай школы ажыццяўляецца прафесійная падрыхтоўка. У прыватнасці, па суботах старшакласнікі з усяго раёна збіраюцца на міжшкольны факультатыў, дзе пад маім кіраўніцтвам вывучаюць сталярную справу з магчымасцю атрымаць працоўны разрад.
— Як лічыце, працоўнае навучанне цесна звязана з прафарыентацыяй?
— Упэўнены, што мае ўрокі ідэальна інтэгруюцца з хіміяй, фізікай, матэматыкай і інфарматыкай, чарчэннем. Ажыццяўленне метапрадметных сувязей фарміруе ў вучняў больш цэласнае разуменне працэсаў, якія адбываюцца ў прыродзе, дапамагае арганізаваць удзел у даследчай дзейнасці. Працоўнае навучанне дазваляе знаёміць навучэнцаў з прафесіямі дызайнера, інжынера, цесляра, сталяра і многімі іншымі, выхоўваць цікавасць да іх і павагу да стваральнай працы. Школьнікі ў працэсе стварэння вырабаў набываюць спецыяльныя ўменні і навыкі, авалодваюць практычнай дзейнасцю, развіваюць прафесійныя інтарэсы і здольнасці. А стварэнне вырабаў з улікам нацыянальнага каларыту, з веданнем народных сакрэтаў мастацкага рамяства развівае мастацкі густ і выхоўвае пачуццё прыгожага. Неяк летась пачуў, як адзін з вучняў прабурчэў убок: “Я кіраўніком стану, калі вырасту. А там трэба працаваць не рукамі, а галавой”. Ведаеце, зачапіла. Што кожнаму мужчыне гаспадарскія навыкі неабходны, неаднойчы казаў — відаць, гэтага аказалася недастаткова. Вырашыў даць яскравы прыклад. Чакаў выпадку, пакуль побач апынецца высокі кіраўнік. У мінулым жніўні мы з вучнямі ўдзельнічалі ў выставе, якая арганізоўвалася ў рамках абласной педканферэнцыі. Прадстаўлялі ў тым ліку работу майстэрань. Калі да нас падышоў старшыня аблвыканкама Аляксандр Субоцін, я адчуў: зараз або ніколі! І прапанаваў яму… сабраць з дэталей табурэтку. Той усміхнуўся, спакойна і спрактыкавана ўзяў шрубавёрт, хуценька сабраў. Здзіўленне вучняў варта было на відэа здымаць. Спадзяюся, урок атрымаўся пераканаўчы.
— Выкарыстоўваеце ІКТ у пазаўрочнай дзейнасці?
— З робататэхнікай па азначэнні сувязь непасрэдная. На занятках аб’яднанняў па інтарэсах “Юны інспектар руху”, “Юны ратавальнік-пажарны” рашаем тэсты ПДР, праглядаем відэаролікі аб аказанні першай дапамогі пацярпеўшым у надзвычайных сітуацыях, а затым мадэлюем гэтыя сітуацыі з выкарыстаннем спружынна-механічнага трэнажора сардэчна-лёгачнай і мазгавой рэанімацыі з індыкацыяй правільнасці выканання і тэставымі рэжымамі “МАКСІМ III-01”. У гуртку “Выдатны стралок” задзейнічана электронная мішэнь для навучання першасным навыкам стральбы з пнеўматычнай вінтоўкі. На тэхнічным мадэляванні навучэнцы карыстаюцца распрацаваным мной электронна-метадычным дапаможнікам па тэхнічнай творчасці. Акрамя таго, школьнікі атрымліваюць навыкі працы на лазерна-гравіравальным, фрэзерна-гравіравальным станках з лікавым праграмным кіраваннем і 3D-прынтары.
— У дэпутаты вы з якой мэтай пайшлі?
— Бачу ў гэтым больш магчымасцей, каб зрабіць свой горад і раён яшчэ прыгажэйшым і больш камфортным для жыхароў, прывабным для гасцей. Мэты канкрэтныя. Дарэчы, мае вучні таксама далі даручэнне, яшчэ пакуль быў кандыдатам: хакейную каробку папрасілі абсталяваць. Думаю, зробім.
— Вы ведаеце сакрэт, як спыніць час? Інакш, здаецца, столькі паспяваць нерэальна…
— Не, дзеянне законаў фізікі перапыняць небяспечна. Сакрэту няма, ёсць дакладнае, удумлівае планаванне. Калі па-сапраўднаму хочацца, то час на гэта знойдзецца.
Таццяна БОНДАРАВА