Настаўнік запасу

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Вадзім Паўлавіч Шпетны — пераможца Рэспубліканскага конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў “Настаўнік года — 2001”, выдатнік адукацыі Беларусі. У 2004 годзе ён скончыў аспірантуру БДПУ імя Максіма Танка, а з 2009 года працуе намеснікам старшыні Маларыцкага райвыканкама па пытаннях сацыяльна-культурнага комплексу, інфармацыйнай работы і сувязях з грамадскасцю.

Нягледзячы на чыноўніцкую пасаду, В.П.Шпетны ніколі не парываў са школай. Ён часта бывае ва ўстановах адукацыі раёна, цікавіцца пытаннямі вучэбна-выхаваўчага працэсу. Падчас сустрэч з педагогамі Вадзім Паўлавіч заўсёды падкрэслівае, што ў душы ён быў, ёсць і назаўсёды застанецца настаўнікам.

Сваім багатым педагагічным вопытам В.П.Шпетны не раз дзяліўся на старонках прадметных часопісаў (больш за 20 метадычных публікацый). У 2012 годзе ў адным са сталічных выдавецтваў убачыў свет яго дапаможнік “Геаграфія. У ІІ частках. Частка І. Фізічная геаграфія”, напісаны ў суаўтарстве з Яўгенам Мяшэчкам, кандыдатам геаграфічных навук, прафесарам кафедры геаграфіі Беларусі БрДУ імя А.С.Пушкіна.
За час работы ў школе з 1994 да 2009 года В.П.Шпетны правёў шмат урокаў геаграфіі і біялогіі. Пасля пераходу ў райвыканкам планы-канспекты ўрокаў мог “пісаць” толькі ў галаве. Нягледзячы на спецыфіку адказнай пасады, школа ўсё ж такі не адпускае Вадзіма Паўлавіча: час ад часу ў яго ўзнікае жаданне стаць ля класнай дошкі і карты з указкай і па старой завядзёнцы зноў пачаць любімы ўрок геаграфіі. Так атрымалася, напрыклад, у 2013 годзе, калі на Маларытчыну прыязджаў клуб “Крыштальны журавель” з метадычным семінарам. Затым быў першы ўрок 1 верасня ў 11 класе ў 2015 годзе. А нядаўна Вадзім Паўлавіч правёў адкрыты ўрок для настаўнікаў і дзесяцікласнікаў Маларыцкай раённай гімназіі. Гэта быў сапраўдны ўрок геаграфіі Беларусі па тэме “Структура сферы паслуг. Яе роля ў эканоміцы” (на прыкладзе Маларыцкага раёна).

Настаўнік запасу сур’ёзна рыхтаваўся да заняткаў: перачытаў метадычныя рэкамендацыі, успомніў матэрыял падручніка, прадумаў ход урока, яго этапы, пытанні для замацавання… Як заўсёды, на ўроку было месца і моманту-сюрпрызу. Пяць вучняў за лепшае пытанне настаўніку і лепшы адказ атрымалі кнігу “Некалькі дзён на Маларытчыне”, адным з аўтараў якой з’яўляецца В.П.Шпетны.

— Адважыцца на чарговы адкрыты ўрок падштурхнула жонка Нэлі Андрэеўна Шпетная, якая выкладае геаграфію ў 10-х класах Маларыцкай раённай гімназіі, — гаворыць Вадзім Паўлавіч. — Для заняткаў ёй патрабавалася свежая інфармацыя пра сацыяльна-эканамічнае развіццё Маларытчыны, якая якраз у мяне была пад рукой. Не выкарыстаць шанс, каб прыйсці ў клас і растлумачыць вучням новую тэму, я проста не мог. Урок вярнуў мяне ў звыклую і родную стыхію. Пасля яго з’явілася адчуванне, што я нібыта і не сыходзіў са школы, што гэта адзін з чарговых адкрытых урокаў семінара-акцыі “Настаўнік года — адукацыі рэгіёна”.

Мікалай НАВУМЧЫК,
намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Маларыцкай раённай гімназіі.
Фота аўтара.