Настаўнікі перамагаюць

- 11:46Апошнія запісы

Настаўнік, рэжысёр і журналіст сталі пераможцамі абласнога этапу конкурсу “Малады спецыяліст XXI стагоддзя”, які арганізоўвае галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама.
Абласному этапу папярэднічалі раённыя і занальныя туры, у якіх прыняло ўдзел звыш 200 маладых спецыялістаў з усіх раёнаў Гродзеншчыны. У фінал выйшлі восем чалавек, пяць з іх прадстаўлялі сістэму адукацыі: настаўніца беларускай мовы і літаратуры Барунскага ясляў-сада — сярэдняй школы Ашмянскага раёна Марта Мацкевіч, настаўнікі англійскай мовы Юлія Захарава з Вялікабераставіцкай сярэдняй школы імя С.В.Прытыцкага Бераставіцкага раёна і Тарас Орсік з сярэдняй школы № 3 Дзятлава, выхавальнік дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 1 Ліды Вераніка Май, дацэнт кафедры фундаментальнай і прыкладной матэматыкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы кандыдат фізіка-матэматычных навук Дар’я Шпак.
Пачаўся фінал конкурсам “Да вяршынь майстэрства”, у якім удзельнікі расказалі пра сябе і свой выбар прафесіі. Захапленні і таленты маладыя спецыялісты прадэманстравалі ў конкурсе “Творчасць — адлюстраванне асобы”. Журы ацэньвала таксама эсэ “Сваёй прафесіяй ганаруся”, відэаролікі ўдзельнікаў, групы падтрымкі.
Па выніках усіх конкурсаў лепшым маладым спецыялістам быў прызнаны настаўнік англійскай мовы і інфарматыкі Тарас Орсік. Настаўнікі былі лепшымі ва ўсіх конкурсах. Тарас адзначаны за відэаролік і візітную картку. Лепшай была і яго група падтрымкі. У творчым конкурсе перамагла Дар’я Шпак, за лепшае эсэ адзначылі Юлію Захараву.
Павіншаваўшы Тараса і яго групу падтрымкі — калектыў школы, даведаліся, што малады спецыяліст скончыў Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт і вярнуўся працаваць у сваю родную школу. Яго можна лічыць прадаўжальнікам сямейнай традыцыі: настаўнікам быў яго прадзядуля, мама Ірына Сцяпанаўна працуе настаўніцай рускай мовы і літаратуры ў 1-й дзятлаўскай школе. Выбарам сваёй прафесіі настаўніка Тарас Орсік вельмі задаволены.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Кацярыны МАРОЗ.