Настаўнікі сярод літаратараў

- 10:30Навіны рэгіёнаў

Паэты, празаікі, публіцысты, драматургі Палесся, а таксама іх калегі з Расіі і Украіны сустрэліся з чытачамі, каб падвесці вынікі літаратурнага года. XV Міжнароднае свята “Славянскія літаратурныя дажынкі” прайшло на некалькіх пляцоўках абласнога цэнтра і ў Жыткавіцкім раёне — на радзіме славутага палескага асветніка Кірылы Тураўскага. Між тым, адкрыццё свята адбылося ў ГДУ імя Францыска Скарыны.

На працягу трох дзён больш за 200 прафесійных пісьменнікаў і пачынаючых паэ­таў, празаікаў, драматургаў былі ўдзельнікамі насычанай фестывальнай праграмы. У межах пад­рыхтоўкі да сёлетніх “Літаратурных дажынак” на Гомельшчыне прайшоў конкурс мастацкіх твораў на саісканне прэміі імя Кірылы Тураўскага. Акрамя таго, ў Гомельскай вобласці прайшло сем літаратурных спаборніцтваў, у якіх удзельнічалі больш за дзве тысячы аўтараў-пачаткоўцаў і аматараў літаратурнай творчасці.

У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны прайшла творчая сустрэча пісьменнікаў Беларусі, Расіі і Украіны з выкладчыкамі і студэнтамі УВА. Госці расказвалі аб уласнай творчасці, літаратурным жыцці. Закранулі пытанне перспектыў агульнаславянскай мастацкай творчасці. Падчас сустрэчы паступіла цікавая прапанова: увекавечыць у Гомелі памяць знакамітага беларускага пісьменніка Янкі Маўра і яго сына Фёдара Фёдарава — заснавальніка школы беларускай фізікі, стварыўшы своеасаблівы агульны помнік фізікам і лірыкам.

Сярод тых, хто атрымаў галоўныя ўзнагароды фестывалю, — малады аўтар з Гомеля, член СПБ Дар’я Дарошка. Дзяўчына закончыла гомельскае медвучылішча і філалагічны факультэт ГДУ імя Ф.Скарыны. Па ацэнцы прафесіяналаў, яе вершы моцныя і кранальныя. Яна страціла зрок, аднак працягвае развівацца ў паэзіі. Дар’я прызнана лепшай у намінацыі “Паэзія”.

Літаратурным “Адкрыццём года” стала Майя Галіцкая. Настаўніца рускай мовы і літаратуры Нядойскай сярэдняй школы Буда-Кашалёўскага раёна прадставіла на конкурс цыкл апавяданняў “Выявы”. Майя Галіцкая неаднаразова станавілася пераможцай розных рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў, а цяпер яна яшчэ і ўладальніца сваёй першай кнігі прозы.

У намінацыі “Проза” перамога дасталася члену праўлення і прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі, Саюза пісьменнікаў Саюзнай дзяржавы, старшыні Гомельскага абласнога аддзялення СПБ Ула­дзіміру Гаўрыловічу. 75-годдзю Вялікай Перамогі ён прысвяціў аповесць “Святая Параскева”, якая дала назву будучай кнізе.

Таксама ўручаны першыя медалі Кірылы Тураўскага, заснаваныя Гомельскім абласным аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Беларусі. За гады правядзення фестываль стаў адным з брэндаў рэгіёна. Ён раскрывае Гомельшчыну як рэгіён літаратурнай і гістарычнай значнасці. Штогод удзельнікамі фестывалю становяцца каля 150 пісьменнікаў-прафесіяналаў і аўтараў-пачаткоўцаў.

Ірына АСТАШКЕВІЧ.
Фота аўтара.