“Мы — адна каманда”, — прызнаецца настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 2 Шчучына Святлана Юр’еўна Краўчук, якая аб’яднала вакол сябе не толькі навучэнцаў 9 “А” класа, але і іх бацькоў. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Святлана Юр’еўна выдатна ведае, які ўплыў на станаўленне маладых людзей, у тым ліку і на іх прафесійны выбар, аказвае настаўнік, мікраклімат у школьным калектыве. Некалі і яе выбар прафесіі быў абумоўлены цікавасцю да прадмета, які прывіў вучаніцы невялікай школы ў вёсцы Скрыбаўцы Шчучынскага раёна настаўнік англійскай мовы Расціслаў Іванавіч Ясюкевіч.
Па накіраванні аддзела адукацыі яна паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. І ўжо дыпламаваным спецыялістам вярнулася ў родны раён. Стала працаваць у сярэдняй школе № 2 Шчучына. Маладога спецыяліста адразу забяспечылі жыллём. З таго часу працуе ва ўстанове адукацыі амаль 13 гадоў і практычна ўвесь час з’яўляецца класным кіраўніком.
— З сённяшнімі 9-класнікамі мы разам з 5 класа, — расказвае педагог. — З імі я больш адчула сябе класным кіраўніком, бо бачыла іх станаўленне, сталенне. Падлеткавы ўзрост вельмі цікавы, ты бачыш, як твае вучні мяняюцца, растуць на вачах. Быць класным кіраўніком таксама важна і адказна, як і выкладаць прадмет. Класнае кіраўніцтва развівае цябе ў многіх напрамках, ты і псіхолаг, і другая мама, падтрымліваеш сувязь з бацькамі дзяцей. Магчыма, стала больш разумець вучняў, калі з’явілася ўласнае дзіця. З цягам часу набыла вопыт. Адаптавацца ў калектыве дапамагла свякроў, настаўніца гэтай школы Людміла Іосіфаўна Краўчук.
У 9 “А” свае правілы. Галоўнае з іх — пачуццё калектыву. Калі прымаць удзел у патрыятычнай акцыі, ісці на мерапрыемства ў шосты школьны дзень ці ехаць на экскурсію, то абавязкова разам, і класны кіраўнік таксама побач.
“Мы разам — гэта важна”, — упэўнена педагог. І дзеці самі нярэдка выступаюць ініцыятарамі цікавых сумесных спраў. Яшчэ з 5 класа школьнікі з задавальненнем хадзілі на рэпетыцыі тэатральнага гуртка, а сёння ўжо самі пішуць сцэнарыі п’ес і мерапрыемстваў, рыхтуюць касцюмы. За апошні час паставілі 4 пастаноўкі. Заўсёды з захапленнем рыхтуюцца да чарговай гульні КВЗ, у мінулым годзе занялі 1-е месца ў школьнай лізе і цяпер прадстаўляюць школу на ўзроўні раёна. Не сумавалі і летам, падлеткі выказалі жаданне і дружна адправіліся працаваць у будатрад.
Традыцыйнымі сталі паходы з начоўкай, якіх дзеці чакаюць з нецярпеннем, далучаюцца да іх і бацькі. І гэта не толькі рамантыка, песні ля вогнішча, у такіх паходах дзеці бачаць прыгажосць малой радзімы, знаёмяцца са славутасцямі, даведваюцца цікавыя гістарычныя факты. Не абыходзіцца і без спартыўных спаборніцтваў, гульняў. Дарэчы, дзевяцікласнікі сябруюць са спортам і класны кіраўнік падтрымлівае іх захапленні. На базе класа нават сабралася баскетбольная каманда, якая выступае за гонар школы. На перапынках падлеткі не толькі самі гуляюць у шахматы, але і дапамагаюць малодшым вучням асвоіць гэты від спорту.
— Усё залежыць ад класнага кіраўніка, — упэўнена дырэктар сярэдняй школы № 2 Шчучына Жанна Генрыхаўна Гайда. — Адносіны ў класе, сяброўская атмасфера, пачуццё калектыву, работа з бацькамі — усё гэта заслуга класнага кіраўніка, які ўвесь час працуе, не апускае рукі з-за цяжкасцей. І таму ўзаемадзеянне добрае і з навучэнцамі, і з іх бацькамі.
Адміністрацыя ўстановы адукацыі пайшла насустрач жаданню дзяцей і бацькоў — і ў наступным годзе клас стане інжынерным.
Такая прафілізацыя дазволіць старшакласнікам на павышаным узроўні вывучаць фізіку, матэматыку, хімію і біялогію. Ужо сёння заняткі вядуцца ў фармаце факультатываў.
— У мяне вельмі добры клас, у нас ёсць узаемаразуменне, бацькі падтрымліваюць, — падзялілася Святлана Юр’еўна. — Калі ўзнікаюць нейкія праблемныя пытанні, то гэта не канфлікты, мы прывыклі вырашаць іх разам. Ганаруся іх поспехамі. Выпускнік майго класа паступіў у кадэцкае вучылішча, трое займаюцца ў праваслаўным ваенна-патрыятычным клубе “Дружына”. Стараюся падкрэсліць поспехі кожнага ці то ў вучобе, ці ў спартыўных спаборніцтвах, нават калі не атрымалі перамогі, падтрымаю заўсёды. Хачу, каб яны былі актыўнымі. Не ў кожнага выдатныя адзнакі, але я заклікаю іх знайсці сваю нішу, імкнуцца развівацца ў тым, што ім падабаецца. Веру, што ўсё ў іх атрымаецца.
Ірына АНІКЕВІЧ
Фота аўтара