Ветэран педагагічнай працы Наталля Парошына больш за 47 гадоў прысвяціла сферы адукацыі, яна і зараз выкладае геаграфію ў Гомельскім гарадскім ліцэі № 1. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Наталля Афанасьеўна родам з Шаркаўшчынскага раёна Віцебскай вобласці, яна вучылася ў сельскай школе вёскі Германавічы (цяпер — аграгарадок). Па яе ўспамінах, школа была вялікая, а школьныя гады — самыя цудоўныя.
— У нас былі вельмі добрыя настаўнікі, дырэктар школы і педагогі па матэматыцы, фізіцы — усе сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы, моцныя педагогі, — гаворыць Наталля Афанасьеўна. — Выпускнікі адразу паступалі ў сталічныя ВНУ, у самыя прэстыжныя вышэйшыя навучальныя ўстановы Масквы, Вільнюса, Санкт-Пецярбурга.
На пытанне, ці ёсць яшчэ педагогі ў сям’і, настаўніца адказала, што маці працавала на пошце, тата — у сферы будаўніцтва, праўда, сястра стала выкладаць матэматыку.
— Чаму выбралі менавіта гэтую прафесію?
— Напэўна, таму што вельмі падабалася геаграфія ў школе, хоць такія ж пачуцці выклікала матэматыка і хімія, — не задумваючыся адказвае суразмоўніца. — На геаграфіі любіла разглядаць карты, атласы, у сельскай школе бібліятэка была невялікая, але ж даступную літаратуру старалася знаходзіць і чытаць больш. Настаўнік геаграфіі Міхаіл Іванавіч Качанаў быў выдатным чалавекам. Мы класам хадзілі ў паходы, у нас было цікавае школьнае жыццё, нягледзячы на тое, што вучыліся ў сельскай установе. У выпускным класе геаграфію вёў іншы педагог, настаўнік гісторыі, і ён мне паставіў чацвёрку ў атэстат. А на той момант у мяне ўжо была мара паступаць на геолага-геаграфічны факультэт. Але нягледзячы на гэтую чацвёрку (а ў атэстаце былі ў асноўным пяцёркі), адправілася з дакументамі ў БДУ. Першы раз у жыцці прыехала ў Мінск, з чамаданам кніг, гэта быў 1971 год — і адразу трапіла на ўступныя іспыты. Выпрабаванні здала на чацвёркі і не прайшла па конкурсе. Тады мне прапанавалі папрацаваць у 8-гадовай Беладворскай школе Шаркаўшчынскага раёна. Так я стала ў школе важатай і замяняла на час дэкрэтнага водпуску настаўніцу геаграфіі. Практыка ў школе яшчэ больш умацавала маё жаданне атрымаць адукацыю на геафаку.
Праз два гады паступіла на факультэт, пераадолеўшы вялікі конкурс, і, прызнацца, у жыцці ні разу не пашкадавала, што выбрала менавіта такі шлях у сферы адукацыі. Падчас вучобы ў нас былі цікавыя практыкі, у тым ліку і далёкія: ездзілі на геабазу ў Валожынскі раён, былі паездкі па Савецкім Саюзе. Наш паўночны маршрут з Мінска ў Мурманск праходзіў самалётам, на зваротным шляху ехалі ўсімі відамі транспарту, праз Мурманск, Кіраўск, Кандалакшу, Кандапогу, Ленінград, Талін, Рыгу, Вільнюc і Мінск, месяц падарожнічалі па Салавецкіх астравах. Вядома, памяць пра такую вандроўку засталася на ўсё жыццё.
Пасля размеркавання трапіла ў Віцебскую вобласць, Сенненскі раён. Там у сярэдняй школе № 2 Сянна працавала 4 гады настаўніцай геаграфіі і педагогам-арганізатарам. Крыху пазней сустрэла будучага мужа, і мы пераехалі ў Гомель. Мой працоўны шлях працягнуўся ў гомельскай сярэдняй школе № 47. Школа ў тыя часы толькі будавалася, і ўсе педагогі прымалі ў справе непасрэдны ўдзел. У гэтай установе з 1 верасня 1982 года праляцела 38 гадоў. Дзень за днём праца кіпела: то трэба было выпусціць клас, бо была не толькі настаўнікам, але і класным кіраўніком, то падрыхтаваць алімпіяднікаў. Гады мінулі, а з маімі выпускнікамі дагэтуль сябруем, хоць ім ужо за 50. З іншага боку, вельмі важнае значэнне ў жыцці і працы меў калектыў. Мне пашанцавала з дружнымі і творчымі калегамі ў сярэдняй школе № 47, у Гомельскім гарадскім ліцэі. Вельмі важна, калі вакол цябе добразычлівыя людзі.
Наталлю Афанасьеўну і ў студэнцкія гады, і ў школе акружалі таленавітыя людзі, сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы. У педагагічную галіну яе прывяла любоў да геаграфіі. Ужо шмат гадоў жаданне быць “як яна” вядзе яе навучэнцаў у педагагічную галіну.
— За некалькі дзясяткаў гадоў вам удалося падрыхтаваць шмат таленавітых дзяцей — алімпіяднікаў, пераможцаў даследчых конкурсаў. Цікава, колькі ўрокаў геаграфіі вы правялі за 47 гадоў работы?
— Спрабавала падлічыць, колькі ж настаўнік дае ўрокаў за сваё жыццё, і атрымалася вельмі шмат тысяч. Не шкадую аб праведзеным часе ў вучэбным кабінеце. Мне здаецца, самае галоўнае для настаўніка — гэта не столькі падрыхтоўка дзяцей да алімпіяд і конкурсаў, колькі падрыхтоўка іх да дарослага самастойнага жыцця. Кожнаму педагогу хочацца, каб вучні сталі дастойнымі людзьмі. Каб праз многія гады, сустрэўшыся, не адводзілі вочы ўбок. Ёсць выпускнікі, з якімі да гэтага часу сябруем. І калі ў мяне здарылася бяда ў жыцці, дзеці і іх бацькі мяне падтрымалі, за што ім вельмі ўдзячна. Зараз я ўжо вучу дзяцей маіх выпускнікоў. Быў у мяне і “зорны” клас, у якім з 24 школьнікаў 11 скончылі школу з медалямі, дзеці не толькі актыўна праяўлялі сябе ў вучобе, але і ў жыцці сталі даволі паспяховымі. Розныя прафесіі яны выбіралі, ёсць сярод выпускнікоў розных гадоў і настаўнікі геаграфіі: напрыклад, у сярэдняй школе № 33 Гомеля працуе Ірына Матвяеўская, у гімназіі № 71 Гомеля — Таццяна Ваяводава, а таксама дырэктар сярэдняй школы № 62 Гомеля Жанна Царык.
Што да алімпіяднага руху, то першы дыплом на рэспубліканскім этапе атрымаў мой вучань у 2000 годзе. І гэта быў цудоўны старт у гэтым напрамку. А яшчэ займаліся з дзецьмі навукова-даследчай работай, рыхтавалі праекты на тэмы турызму і яго развіцця ў Беларусі, прадстаўлялі знакамітых людзей краіны, якія праславілі яе на ўвесь свет.
— Вучыць і вучыцца ніколі не рана, ніколі не позна…
— Я сама вучылася ў многіх выкладчыкаў — у добрым сэнсе монстраў геаграфіі ў Гомелі. Вельмі шмат у іх узяла і ўвесь час хацела перадаць свае веды дзецям. Мне пашанцавала пераняць вопыт у знакамітых педагогаў, якія працавалі ва ўніверсітэце, — Анатоля Краўчанкі, Алега Малахава. Калі стала працаваць у школе, то лепшы вопыт пераймала ў Валянціны Сілішчавай і Вольгі Мітраховіч.
Акрамя выкладання ў школе, паралельна працавала метадыстам па геаграфіі ў гарадскім метадычным кабінеце. У рамках семінараў, курсаў, лекцый удалося наведаць практычна ўсе школы Гомеля, знаёма з многімі настаўнікамі геаграфіі. І адзначу: у абласным цэнтры вельмі шмат выдатных педагогаў, сярод якіх няма двух аднолькавых. Бо кожнага вылучае ўласны падыход да выкладання, педагагічныя знаходкі, адметнасці, у кожнага можна нечаму навучыцца, пераняць вопыт і напрацоўкі.
— Чаму для сучасных школьнікаў так важна вывучаць геаграфію?
— Лічу, што яна фарміруе светапогляд чалавека. Геаграфія — навука, якую сёння павінен ведаць кожны. Не толькі палітычную карту свету, але і заканамернасці прыроды. Таму што геаграфія — гэта навука аб Зямлі, і трэба усвядоміць, асабліва падрастаючаму пакаленню, як яе зберагчы, як захаваць самае важнае. Напэўна, таму я працягваю па-ранейшаму прытрымлівацца выбранага прафесійнага шляху. У 2020 годзе выйшла на пенсію, а праз тры месяцы з’явілася прапанова папрацаваць у Гомельскім гарадскім ліцэі № 1. Так і выкладаю тут вось ужо чацвёрты год.
Свет увесь час мяняецца, і навука вывучае яго разнастайнасць. Карта не карцінка. Няправільна думаць, што геаграфія — гэта тое, што нанесена на карту: мора, горы, гарады. Прамысловасць, узаемаадносіны паміж краінамі, транспарт, насельніцтва планеты — усё гэта таксама грунтуецца на геаграфіі. Акрамя таго, геаграфія — метапрадметная навука, яна ўзаемазвязана з матэматыкай, фізікай, астраноміяй, хіміяй, літаратурай. Імкнуся ўвесь набыты багаж ведаў і сваю любоў да навукі перадаць вучням, захапіць іх прыгажосцю і ўнікальнасцю нашай краіны і свету.
— Ці лічыце сябе шчаслівым чалавекам і ў чым шчасце для педагога?
— Раскажу дзіўную гісторыю, якая адбылася са мной пасля ўдзелу ў рэспубліканскім тэлевізійным праекце “Я ведаю!”. Праз некаторы час пасля здымак мне праз сацыяльныя сеткі прыйшло паведамленне. Яго даслала мая вучаніца, якую я вучыла яшчэ ў Беладворскай школе. Яна дзялілася сваімі ўспамінамі, расказваючы пра тыя дні, калі я наведвала яе ў бальніцы і расказвала пра Калумба, пра геаграфію… Як аказалася, дзяўчына, скончыўшы школу, паступіла ў сталічны педагагічны ўніверсітэт, а потым працавала настаўніцай геаграфіі доўгія гады. Сама таго не ведаючы, сваім прыкладам я натхніла дзіця на такі прафесійны выбар. Такая навіна прынесла ў жыццё яркі спектр эмоцый.
З геаграфіяй кожны з нас сустракаецца значна часцей, чым можа падацца.
А яшчэ я неверагодна люблю падарожнічаць. Аб’ездзіла каля 20 краін, бачыла Баранцава мора, Белае, Балтыйскае, Чорнае, Азоўскае, Міжземнае, Мармуровае, Адрыятычнае, была на Паўночным Ледавітым акіяне. Самае неверагоднае ўражанне ў мяне ад Стамбула. У ім пераплятаюцца гісторыі чатырох імперый: кожная цаглінка горада — сведчанне багатай і шматвяковай культуры. У Беларусі, без перабольшання, адзін з найбольш папулярных турыстычных напрамкаў — Гродна. Чароўны старадаўні горад каралёў, які захаваў самы вялікі ў краіне ансамбль гістарычнай забудовы, у тым ліку адразу два сярэднявечныя замкі. Люблю не толькі падарожнічаць па свеце, але і быць у гармоніі з прыродай, якая ў нас унікальная і неверагодна прыгожая. Кожнае лета стараюся прыехаць на радзіму, у Віцебскую вобласць. У свой час з навучэнцамі таксама шмат падарожнічалі па самых прыгожых і запаведных мясцінах рэспублікі.
А вось наконт непасрэдна шчасця скажу так: нядаўна прачытала, што псіхолагі вызначылі самы шчаслівы ўзрост чалавека — 70 гадоў. Таму я шчаслівая! Шчыра кажучы, яшчэ і ад таго, што маю цудоўную дачку. У нашых узаемаадносінах пануе гармонія і давер.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота прадастаўлена Гомельскім гарадскім ліцэем № 1