Выпускніца Рассветаўскай сярэдняй школы Акцябрскага раёна Аліна Алехна вярнулася ў родную школу ў якасці настаўніцы хіміі і біялогіі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Аліна Валер’еўна са школьных часоў з біялогіяй і хіміяй на ты. Цяпер педагог віртуозна выкладае гэтыя прадметы, праводзіць інтэлектуальныя гульні, расказвае на ўроках пра экалагічныя праблемы, дзякуючы чаму дзеці паспяхова праводзяць даследаванні і выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях, удзельнічаюць у алімпіядным руху.
— У 2016 годзе я скончыла Рассветаўскую школу, паступіла ў Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Ф.Скарыны, затым скончыла магістратуру, — расказвае педагог. — У роднай школе выкладаю пяты год і амаль 4 гады вяду класнае кіраўніцтва.
Дырэктар і педагогі ўстановы разгледзелі ў Аліне Валер’еўне не толькі працавітага, але і мэтанакіраванага чалавека. З гонарам яна прадстаўляла сельскую школу на раённым этапе конкурсу прафмайстэрства “Настаўнік года”.
— Каб сябе зарэкамендаваць, прыходзілася шмат працаваць. Я развіла ў сабе імкненне быць у курсе апошніх навуковых дасягненняў і перадавых педагагічных метадаў, — падкрэслівае суразмоўніца. — Мне цікава тое, чым я займаюся, але развіваюся ў розных кірунках, не абмяжоўваючыся выкладаннем аднаго прадмета. З дзецьмі штогод удзельнічаем у разнастайных навукова-практычных конкурсах. Таленавітых і адораных школьнікаў у нас шмат, трэба толькі разгледзець і дапамагчы ім раскрыць свае здольнасці.
Педагог заўважае: калі выхаванцы пачынаюць сур’ёзна займацца хіміяй і біялогіяй, яны ўлюбляюцца ў гэтыя прадметы, а потым звязваюць з імі сваё жыццё, паступаюць у медыцынскі ўніверсітэт ці іншую профільную УВА. Прыкладаў дастаткова.
— Хімія даецца дзецям прасцей, чым біялогія, — адзначае Аліна Валер’еўна. — Дарэчы, абодва вучэбныя кабінеты поўнасцю ўкамплектаваны сучасным абсталяваннем, там ёсць усё для правядзення доследаў і лабараторных работ. Некаторыя з’явы прыроды можна назіраць па-за межамі школьнага кабінета. Даволі проста арганізаваць экскурсію ў лес ці на прышкольную тэрыторыю, каб вывучыць новую тэму, напрыклад, “Жывая і нежывая прырода” ці “Назіранне за жывымі аб’ектамі”. Стараюся выкладаць дзецям навуку простай і зразумелай для іх мовай. А яшчэ праводжу майстар-класы і дзялюся з калегамі раёна і вобласці сваімі напрацоўкамі.
З гэтага года Аліна Валер’еўна кіруе аб’яднаннем па інтарэсах “Юны раслінавод”. Дзеці з радасцю наведваюць заняткі: нарыхтоўваюць зямлю, саджаюць расліны і сочаць за будучым ураджаем. Дарэчы, на тэрыторыі ўстановы ёсць уласная цяпліца, вясной тут будзе кіпець работа па пасадцы агародніны і зеляніны.
— У рамках чарговага конкурсу вырасцілі мікразеляніну на падваконні, — дзеліцца настаўніца. — Свежая, сакавітая і карысная зеляніна каштоўная ў першую чаргу дзякуючы набору вітамінаў і смаку. У рамках удзелу ў рэспубліканскім дыстанцыйным конкурсе ландшафтных праектаў “Дызайн саду” мы распрацавалі ландшафтны праект тэматычнага кветніка, прысвечанага вызваленню Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. У мінулым годзе на рэспубліканскай экалагічнай акцыі “Сцяжынкамі Бацькаўшчыны” таксама прадставілі цікавую работу. А дзякуючы праекту “Сады маіх продкаў” вывучалі, як на пасляваенных тэрыторыях нашы продкі вырошчвалі яблыневы сад. На абласным этапе конкурсу прадстаўлены вопыт заняў 1-е месца. У бягучым навучальным годзе мы адзначаны дыпломам І ступені на абласным этапе рэспубліканскай экалагічнай акцыі па пытаннях збору адходаў і іншых другасных матэрыяльных рэсурсаў “Хто, калі не мы!”.
Перад галоўным зімовым святам школьнікі па традыцыі пішуць ліст Дзеду Марозу. Гэта вучыць іх фармуляваць свае думкі і жаданні, што спрыяе развіццю эмацыянальнага інтэлекту і ўсвядомленасці.
Названы атрыбут свята ўмацоўвае веру ў дабрыню і цуд, развівае фантазію і дае дзіцяці магчымасць адчуць сябе часткай чарадзейнага свету. Дарэчы, мінулай зімой у адказ на лісты дзяцей дзядуля з сівой барадой даслаў каробку з падарункамі. Такім чынам, настаўніца не толькі прывівае вучням любоў да хіміі і біялогіі, але і становіцца правадніком у свет чараўніцтва.
Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара