Настаўніца Іна Якоўчык сустракае гасцей у аграсядзібе «Буслянка», з мужам арандуе 2 га зямлі і ўпраўляецца з трактарам

- 12:10Новости

Даўно стала роднай і адзінай Валавельская школа, што ў Драгічынскім раёне, для настаўніцы рускай мовы і літаратуры Іны Якоўчык. І хоць у прафесіі не пайшла яна па слядах бацькі, у мінулым вядомага кіраўніка знакамітай аграгаспадаркі “Племянны завод Закозельскі”, аднак працавітасцю ды рознабаковасцю інтарэсаў, пэўна, уся ў яго ўдалася. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

Услед за бацькам у Закозель

Вясковыя настаўнікі заўсёды пры пазашкольных справах, тым больш улетку, асабліва калі ёсць якая прысядзібная гаспадарка, агарод з цяплічкаю, кветнік ці сад. Што да Іны Мікалаеўны, то лёгка было прадбачыць, што, пачуўшы пра свой “летні адпачынак”, яна толькі ўсміхнецца ці нават рассмяецца, як тое было ў ходзе нашай гутаркі. Забягаючы наперад, скажу: не толькі настаўніцкі хлеб зарабляе. Аграся­дзіба з прыгожай назвай “Буслянка” пры Дняпроўска-Бугскім канале — таксама яе з маці клопат. І вось я запытаў: “А ў вас там кіраўнік, можа, ёсць?..” Рассмяшыў субяседніцу: “Што вы! Мы ўсе там кіруем, і кожны заадно і прыбіральшчык, а калі трэба, то і кухар, і садоўнік, і палацёр…”

Што ж гэта за сямейная талака пад назвай Якоўчыкі? Паслухаем, адкуль яны ўзяліся ў Закозелі ды Валаўлі — вёскі ў сваім развіцці амаль зрасліся ў адно паселішча.

“Дзяўчаты звычайна за мужамі едуць, а я за бацькам паехала, — прыгадвае былое Іна Мікалаеўна. — Яго ў Беларусі многія аграрыі ведаюць, і не толькі яны. Мікалай Сцяпанавіч Якоўчык — гэта, калі коратка, чалавек з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Колькі памятаю, бацька заўсёды быў такі: куды Радзіма пашле — там і працуе. Родам ён з вёскі Дубраўкі (гэты ж раён), а скончыла школу я ў вёсцы Новая Папіна: туды яго накіравалі на працу як ветурача. Там бацькі пабудавалі дом, і з 7 да 17 гадоў я там жыла. Потым паступіла ў Брэсцкі педінстытут імя А.С.Пушкіна, і ў той жа год бацьку перавялі ў Закозель: прызначылі дырэктарам аграгас­падаркі. Я паступіла ў 1991-м, а на 2 курсе выйшла замуж. Калі нарадзіўся сын, прадаўжаць вучобу на стацыянары было цяжка, таму 3 курс ужо скончыла са свабодным наведваннем, потым перавялася на завочнае і адразу на працу пайшла, з 1994-га”.

”Больш за 10 гадоў доктар сельскагаспадарчых і эканамічных навук прафесар Мікалай Якоўчык працуе ў сталіцы, але гарадскім сябе не лічыць. Калі землякі выбіралі яго ў свой час дэпутатам Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь, ён абяцаў, што родныя мясціны не пакіне. І слова цвёрда трымае. Кожныя выхадныя імчыць з Мінска на роднае Палессе. У спадчыну яму застаўся бацькоўскі падворак у вёсцы Дубраўкі Драгічынскага раёна, да яго прымыкаюць тры гектары поля. Догляду патрабуе пчальнік з двума дзясяткамі вуллёў, хапае таксама іншых спраў. Дапамагае сын Генадзь: пасля атрымання вышэйшай аграрнай адукацыі заняўся фермерствам…”

З артыкула Уладзіміра Субата “Доктар сельскагаспадарчых і эканамічных навук Мікалай Якоўчык: “Зямля для нашай сям’і — аснова ўсяго”.

“Атрымаецца з Іны настаўнік!”

Гадаваць сына дапамагалі Іне Мікалаеўне мама і свякроў, і 20-гадовы юбілей маладая настаўніца ўжо адзначала з калегамі ў Валавельскай школе. Там і працуе амаль 30 гадоў. Прызнаецца, што ўсё было нязвычным у новым статусе: “Мне ў школьныя гады здавалася, што настаўнікі — жыхары неба, што яны не ядуць, не п’юць і не спяць… У нас жа ў сям’і педагогаў не было, я ішла неразведанымі шляхамі. Мне вельмі пашанцавала: добры калектыў, прынялі цёпла. Увогуле, многае залежыць у нашай прафесіі ад таго, куды трапіш працаваць упершыню. Куратарам была Ірына Юр’еўна Дзег­цярова, дырэктар школы. Калі па шчырасці, бацька за мяне слоўца закінуў, бо ўладкавацца ў школу было тады няпроста. І вучняў шмат: як сёння памятаю, 199. Яшчэ мудрая Марыя Пятроўна Жук, якая раней завучам працавала, мне асновы педпрактыкі дапамагала засвойваць, бо я ж методыку яшчэ ў інстытуце не вывучала. Вельмі ўдзя­чна мамінай сяброўцы: Таццяна Іванаўна Важынская працавала тады ў 1-й школе Драгічына, выкладала фізіку і матэматыку, а пасля і ў нас, дырэктарам нават была. Яна першай навучыла мяне планы пі­саць, ад яе я даведалася, што ёсць трыа­дзіная мэта, якую трэба ставіць на ўроку, і як раскрываць тэму, як выбудоўваць ход урока…”

Вось так, ад сэрца да сэрца, цёпла і па-свойску перадаваўся Іне Мікалаеўне каштоўны досвед. Прызнаецца: “Дзякуючы гэтым цудоўным людзям, я расла як педагог, многае спасцігала сама, на хаду. Помню, акрыліў мяне просты, здавалася б, выпадак. Завучам была ў нас Радасць Сцяпанаўна. І неяк мама расказвае: сустрэла я Раду Сцяпанаўну, то яна сказала мне: “Атрымаецца з Іны настаўнік!” Гэта было для мне вельмі важна і натхніла на працу. Адно турбавала: хацелася ж атрымаць і вопыт класнага кіраўніцтва, ды ўсё ніяк…”

І тут мы з Інай Мікалаеўнай крыху паразважалі пра лідараў: як на працы, так і ў сям’і. Прытым яна са смехам згадала жарт: кожны муж — падкаблучнік, але ж не кожны пра тое ведае. Вядома ж, маючы бацьку-лідара, і дачцэ хацелася ў “кіраўніцтве” сябе паспрабаваць, хоць і класным. Зрэшты, і ў сямейнай практыцы падобны вопыт набывала: трое дзяцей выхавала — яны ўжо дарослыя. Дык вось, у той час класнай не выпала быць, “затое, паколькі была маладая і даволі рызыкоўная, то пага­дзілася адразу стаць… дырэктарам школы”. Пры гэтым ёй толькі 24 гады было! Праўда, папрацавала на гэтай пасадзе нядоўга: выйшла замуж другі раз — і ў дэкрэт. Што ні кажы, элегантны жаночы ход у кар’еры! Але ж без працы ся­дзець не змагла: “Яначцы толькі два месяцы было, калі я ў школу выйшла: ужо як настаўніца і ўжо з чаканым класным кіраўніцтвам!”

Двойчы дырэктар!

Ісці па цаліку, неапрабаваным шляхам — гэта пра яе. Жартуе: “Кажуць, снарад у адну варонку двойчы не падае — а я “ўпала”: яшчэ раз дырэктарам стала, прычым ужо свядома. І, як мне здаецца, дырэктарам была нядрэнным”.

Для дакладнасці яны ра­зам з цяперашнім дырэктарам Валавельскай школы Святланай Юрашэвіч глянулі ў дакументы. Гадоў сем-восем такога стажу ў Іны Якоўчык: 1998—2001 і 2008—2012. Ну а потым, як гаворыць, найшло: “Хоць была ў раёне дырэктарам на добрым рахунку, але ж для сям’і, для родных лю­дзей не хапала мяне. Мы з мужам абое на працы, дзяцей практычна не бачым, да таго ж вясковы побыт, агарод-гаспадарка… І я сышла, бо чарговы раз пераканалася: у першую чаргу я настаўніца. Ведаючы нялёгкі дырэктарскі хлеб, маючы адпаведны вопыт, усім наступным калегам на гэтай паса­дзе імкнуся дапамагаць. Усё, што ведаю — вобразна кажучы, сувязі-яўкі-паролі — перадаю. Вядома ж, лягчэй было тут праца­ваць, калі бацька быў пры пасадзе. Вялікі капрамонт школы да яе 130-годдзя быў зроблены ў 1994-м — за кошт саўгаса, які з часам стаў адным з лепшых у краіне. У Закозелі, дзе мы і цяпер жывём, стварылі першы ў Беларусі аграгарадок. Да нас Прэзідэнт ­у 2005-м­­ прыяз­джаў, і Мікалай Сцяпанавіч сустракаў яго, яшчэ будучы кіраўніком гаспадаркі. Потым яму прапанавалі цікавую работу ў сталіцы. Ён хоць і працуе ў Мінску, але кожную пятніцу, нібы студэнт, едзе на маршрутцы дадому. Актыўна, “з маторчыкам” тут жыве ў выхадныя: пчолы ў яго, і аграся­дзіба наша, і клубніцы вырошчваем, а брат-фермер яшчэ і маліны. А ў нядзелю вечарам адпраўляем тату на Мінск…”

Дык вось, з гаспадаркай школа працавала раней  вельмі цесна. Хадзілі вучні на бульбу, моркву, буракі… Альбо іншародныя каласкі зразаць на сартавых палетках: каб сумесі не было. З часам, аднак, прыйшлі ў земляробства новыя тэхналогіі, там практычна не засталося цяжкай ручной працы. І хоць у 2000-м, здаецца, забаранілі дзецям працаваць у палях, але ж без працы як чалавека выхаваць? Таму знаходзяць у Валавельскай школе грамадска карысную працу: суботнікі, добраўпарадкаванне тэрыторый, мясцовых помнікаў, азеляненне тэрыторыі школы і вёскі…

Хто ў “Буслянцы” гаспадар?

Без усіх папярэдніх акцэнтаў цяжка было б зразумець, як адважыліся працавітыя, прывучаныя да працы талакой Якоўчыкі ўзяць на сябе і палі ў арэнду, і аграсядзібу.

А пра тое, з чаго “Буслянка” пачыналася, Іна Мікалаеўна так расказвае: “Недзе напрыканцы 90-х ці ў пачатку 2000-х купіў бацька пры вёсцы Селішча на беразе канала напаўразбураны драўляны дом — запушчаны, з пашкоджаным дахам, выбітымі вокнамі. Раней належаў ён Пінскаму рачному параходству. Дарэчы, ад Брэста да Пінска ўздоўж канала, дзе былі прыстані, стаяла некалькі падобных дамоў, якія збудавалі пасля вайны палонныя немцы. Гэты вялікі дом быў з канторай, і там жыў работнік прыстані з сям’ёй. Будынак на дзве паловы, бярвёны на моцным высокім падмурку. Бацька называе яго лецішчам. Там трэба было шмат сіл укласці, шмат чаго зрабіць, таму мы злаваліся: навошта яшчэ лецішча, калі мы ў вёсцы жывём? Але ў яго была вялікая ідэя: родавы маёнтак. Моцнае гняздо, каб маглі збірацца ў ім усе разам: старэйшыя, дзеці ды ўнукі”.

Калі Якоўчыкі ўзяліся за працу, то вырашылі прыбуда­ваць-акультурыць і другі паверх: жылплошчы стала больш. І так сталася, што “патрапілі ў струмень”: якраз быў прыняты ўказ па развіцці аграэкатурызму. А паколькі руплівым Якоўчыкам “ся­дзець у гняздзе” ніяк не выпадала, то вырашылі ў новай справе сябе паспраба­ваць: “Усе занятыя, няма калі нам збірацца: свае вясковыя палі-­агароды. Ну і прыгонных няма, каб адпачываць па-панску! То зарэгістравалі ся­дзібу на маму, Вольгу Арцёмаўну, і шмат гадоў працуем. Прымаем гасцей. Як правіла, гэта сямейны адпачынак, у асноўным на выхадныя едуць бацькі з дзецьмі. Паступова развіваемся. Зрабілі прыгожую банкетную залу — будзем хутка запускаць. Месца зручнае, да Драгічына кіламетраў 15. Бераг канала побач: 8—10 метраў — і купайся. Цяпер можам прымаць адначасова да 15 чалавек, у розных, як кажуць, фарматах. У “Буслянцы” пяць жылых пакояў, але ж дом не разлічаны на маразы: гэта, хутчэй, летні варыянт адпачынку. Аднак ёсць і камін, а цяпер і электраацяпленне, таму ся­дзіба можа працаваць круглы год — былі б госці”.

Мікалай Сцяпанавіч і Вольга Арцёмаўна пры сваёй “Буслянцы”

Так што зразумела, хто ў “Буслянцы” гаспадары. Гасцей прымае як Іна Мікалаеўна, так і яе маці. Кантакты ёсць у інтэрнэце. Мая суразмоўніца рэалізоўвае свае таленты ў розных сферах. Аднак цікава: ці выкарыстоўвае настаўніца сямейную аграсядзібу, як гаворыцца, у вучэбна-выхаваўчых мэтах?

Іна Мікалаеўна ўсміхаецца: “З вучнямі 11-х класаў мы двойчы там былі, па-рознаму дабіраліся. Першы раз — пешшу, з рукзакамі, калі мае вучні яшчэ былі ў 7 класе, а гэта ж вельмі складаны ўзрост. Дайсці дайшлі, але я там не спала цэлую ноч: юных турыстаў пільнавала, каб нікуды не ўлезлі. Бо іх ад свабоды, ад новага месца, як гаворыцца, несла-круціла! На шчасце, усё абышлося. І я ім паабяцала, што яшчэ раз пой­дзем. З-за пандэміі другі паход адклалі. І вось у 2022-м, калі яны 10 класаў скончылі, зноў про­сяць: ну давайце сходзім! Выбраліся, прычым гэта была ўжо зусім іншая гісторыя”.

Вядома ж, давялося ўлі­чыць, што паходы не ўсім пад сілу. Першы раз прайшлі ўсе 15 кіламетраў. Цяжкія рэчы ў “Буслянку” завезлі бацькі на машыне. Хоць ішлі ўлегцы, але ж — Купальская пара, спякота градусаў пад 30.

“І не атрымалася выйсці раненька, як планавалі, бо яшчэ экзамены ішлі ў школе. Рушылі гадзіны ў тры дня, самая спёка, напружанне проста неймавернае. Я думала, што памру. Прыгода яшчэ тая! Мы спыняліся ў цяньку — перасядзець, а яшчэ са спінай праблемы былі, дык думала, што гэта мой апошні ў жыцці паход”. Расказваючы пра перажытае, цяпер усміхаецца. Тая навука пайшла на ка­рысць: другі раз “біць ногі” палічылі немэтазгодным — арганізавалі экскурсію, ехалі на машынах. Пры гэтым наведалі мясцовыя школы на маршруце, а ў роднай для Іны Якоўчык Новапапінскай — яшчэ і музей, усклалі кветкі да воінскіх пахаванняў. Затое збераглі сілы, і праграма ў аграсядзібе была найцікавейшая: “Прыяз­джаў мой муж, Веньямін Іванавіч, на лодцы маторнай усіх пакатаў. Я адна б з тым не справілася, бо, вы ж ведаеце, настаўнікі пад асаблівым грузам адказнасці ў такіх сітуацыях. У нас там побач і Рэспубліканскі ландшафтны заказнік “Званец” — адразу цераз канал. На другім баку там устанавілі аглядную вышку, дык мы на яе ўзабраліся, зрабілі прыгожыя фотаздымкі краявідаў. Каманда была чалавек 10 з розных класаў плюс настаўніца хіміі Таццяна Георгіеўна. Адпачылі выдатна: шашлык гатавалі, юшку варылі, песні спявалі, ля вогнішча сядзелі… Усё як мае быць”, — успамінае суразмоўніца.

Напрыканцы гэтай часткі размовы я запытаў: ці кормяць у “Буслянцы” гасцей?

“Залежыць ад іх жадання, — удакладняе гаспадыня. — Калі заказваюць адпачынак з харчаваннем, то мы з мамай гатуем. Стравы розныя, пераважна беларускай кухні, у асноўным традыцыйныя для нашых мясцін дранікі, мачанка, робім каўбаскі, варым баршчы, супы — грыбны вельмі смачны ў мяне атрымліваецца…”

“А ці не перашкаджа­юць такія клопаты рабоце ў школе?” — “Ніколькі! Мы ж у выхадныя ў асноўным гасцей прымаем, і найбольш іх летам”.

Пра маліны і клубніцы

Палешукі ніколі працы не баяліся, у тым ліку і цяжкай працы на зямлі. “Кветкавы” Давыд-Гарадок, “агурковыя” Пінск і Альшаны, “клубнічныя” Луніцец і Маларыта — хто ж іх не ведае. А вось у Драгічынскім раёне людзі “западаюць” на маліны. Жартуюць: паўсюль дзетак у капусце знахо­дзяць, а ў нас тут — у малінніках. І нават адна з супрацоўніц раённай сістэмы адукацыі, якая суправаджала мяне ў паездках па раёне, прызналася: маліннік заклалі сёлета з мужам, кустоў на 600—800. Дарэчы, цяпер якраз ідзе масавы збор і нарыхтоўка ягад. Зрэшты, хто хоць трошкі ведае спецыфіку аграбізнесу, такім працаўнікам не пазайздросціць.  Але жаданне людзей палеп­шыць дабра­быт, уклаўшы сілы ў рызыкоўную справу, можна толькі вітаць.

 

Чаму рызыкоўную? Паслухаем Іну Мікалаеўну: “Мы шмат чым займаліся, беручы зямлю ў арэнду. Быў адзін час такі расклад: гектар клубніц і гектар малін. Потым неяк не было цаны на маліны, і мы іх усе звялі. У гэтым бізнесе тонкасці ёсць. Самім ураджай з гектара не сабраць: трэба выбаршчыкаў, як тут называюць, най­маць. Ягады звозіш на прыёмку, здаеш, і калі цана закупачная нізкая, то, бывала, не хапала тых грошай, нават каб выбаршчыкам заплаціць. Калі ка­заць мовай эканамістаў: нерэнтабельна. Прыйшлося плантацыі знішчыць. І вось у апошнія гады попыт зноў павысіўся, добра стала з малінамі — а мы ўжо ў клубніцах плюс зерневыя культуры і бульба. Поле — арэнднае, каля двух гектараў. Бралі ў сельсавеце: карчы-зараснікі былі на ім, давялося ў парадак прыво­дзіць”.

Ведаючы з уласнага вопыту, што такое карчы і зараснікі, здзівіўся: “Уручную?” Іна Мікалаеўна адказала: “Ды не, ёсць у нас з мужам і трактар, прычым нармальны, не маленькі. Ёсць і ўсё навясное абсталяванне: дыскі, фрэза, плугі, культыватары-акучнікі розныя. Муж у выхадныя — за руль, і я часам у полі таксама. Раней у нас не было свідравіны пры плантацыі, то ваду падвозілі: я цягну бочку трактарам, а муж палівае са шланга. А цяпер ёсць ужо некалькі свідравін”.

Тыя, хто знойдзены ў малінніках

Вось такі “летні адпачынак”, такія маштабы клопатаў маюць вясковая настаўніца Іна Якоўчык і яе муж, маці, бацька. Брат Ге­надзь Якоўчык таксама пры зямлі, фермерствам займаецца: маліны вырошчвае, зерневыя культуры, рапс, а зімой — цюлпаны. У яго яшчэ ёсць статак племянных авечак, да таго ж яшчэ адну аграся­дзібу ў вёсцы Людвінова стварае. Ну а дзеці, “зной­дзеныя ў палескіх малінніках”, свае шляхі ў жыцці выбіра­юць і бацькам ужо не памочнікі: “Усе нашы дзеці пры справах, але не пры нашых. Ва ўсіх траіх, я лічу, самыя гуманныя прафесіі. Старэйшы Арцём — урач, сёлета яму спаўняецца 30 гадоў. Працуе на станцыі хуткай дапамогі ў Драгічыне, гадуе маіх унукаў — Даніка і Варвару, будуе там свой дом. А дочкі абедзве, Хрысціна і Яна, скончылі педфакультэты: старэйшая ў Мінскім дзяржаўным лінгвістычным універсітэце, малодшая — у пед­універсітэце імя Максіма Танка. Дзеці нашы — яскравы прыклад таго, якія прафесіі папулярныя ў мясцовых выпускнікоў: звязаныя з медыцынай, педагогікай. Праўда, Хрысціна, знаўца нямецкай мовы, ужо не педагог: “на іншым полі” працуе. А Яна, якая летась скончыла ўніверсітэт, у гэтым навучальным го­дзе як малады спецыяліст прымала ­ўдзел у конкурсе “Настаўнік года” ў намінацыі “Педагагічны дэбют” — яна працуе ў дзіцячым садку ў Мінску. Мне вельмі прыемна, што на раённым узроўні Яна Веньямінаўна прызнана лепшай, а ў гарадскім туры ўвайшла ў дзясятку лепшых”.

Дарэчы, і сама Іна Якоўчык у конкурсе “Настаўнік года” паў­дзельнічала: стала пераможцай на раённым этапе ў намінацыі “Руская мова і літаратура, беларуская мова і літаратура” і лаўрэатам — на абласным. І такая педагагічная змычка горада з вёскай, пэўна што, будзе ўмацоўвацца.

Аднак, ці не цягне Іну Мікалаеўну пажыць у гарадскім камфорце? Казала ж у размове, што за бацькам па жыцці ішла, а ён у Мінску.

“То бацьку ж цяпер сюды цягне, бо ён зусім не гарадскі жыхар, як і я. Калі б ён станоўча на тыя прапановы адказваў, што да яго паступалі, то, відаць, мы ўжо ўсе былі б у горадзе. Але кім — вось у чым пытанне. І ў яго, і ў мяне вельмі моцныя сувязі з роднай зямлёй. Таму тут мы жывём, працуем, укладаем сілы. Такое наша зямное шчасце”, — падсумоўвае Іна Якоўчык.

Іван ЖДАНОВІЧ