Настаўніца Жупранскай сярэдняй школы імя Ф.Багушэвіча Ашмянскага раёна Вольга Айвазоўская не ўяўляе свайго жыцця без музыкі. Як рыбы ў вадзе адчуваюць сябе на сцэнах краіны і яе навучэнцы. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Бабуліны гены
— Я вызначылася, што буду спяваць, калі была яшчэ зусім малечай. Тады ў нашых Жупранах не было дзіцячага сада, затое ў мяне была бабуля Францішка Юр’еўна. Яна любіла спяваць. І, відаць, у яе атрымлівалася гэта добра, бо нават у тыя часы — 70-я гады — да яе часта прыязджалі журналісты, шмат пісалі і расказвалі пра бабулю і яе вакальны талент. Мама мая таксама добра спявала, вучыла гэтаму мяне і маю родную сястру. Мы часта збіраліся гуртам (да нас далучаліся яшчэ суседкі-сваячкі) і ладзілі дамашнія канцэрты, — успамінае мая суразмоўніца.
Калі ж Вольга Айвазоўская пайшла ў школу, вакальныя здольнасці галасістай вучаніцы адразу заўважыла яе настаўніца Ганна Іосіфаўна Сантоцкая. З першых дзён дзяўчынка стала яе памочніцай на ўроках музыкі і спеваў — менавіта Оля была для аднакласнікаў прыкладам і паказвала, як трэба спяваць. Скончыла яна і музычную школу ў Ашмянах, з акардэонам аб’ездзіла ўвесь раён, а калі навучылася іграць на гітары, выступала як салістка. Тады ж вызначылася і з прафесіяй.
— Я якраз заканчвала 10 клас, і пасля выступлення ў Доме культуры да мяне падышоў дырэктар нашай музычнай школы Іван Загнетаў і спытаў, куды я планую паступаць. Я прызналася, што выбіраю паміж прафесіямі настаўніка гісторыі і ўрача, але ён стаў пераконваць, што ў мяне, маўляў, музычны талент і нельга не даць яму развівацца далей. У той момант у мяне выраслі крылы, я набыла ўпэўненасць, веру ў сябе. Па сённяшні дзень удзячная Івану Сямёнавічу за гэта, — успамінае педагог.
Музыканты — лепшыя матэматыкі
Вярнулася ў музычную школу Вольга Айвазоўская 33 гады назад, пасля Лідскага музычнага вучылішча. Усе гэтыя гады яна выкладае вакал і фартэпіяна на аддзяленні харавога дырыжыравання. Пазней установа стала Ашмянскай дзіцячай школай мастацтваў. Яна дзейнічае на базе Дома культуры, які знаходзіцца за некалькі крокаў ад школы. У школе педагог таксама працуе шмат гадоў — вядзе ўрокі музыкі і вакальны гурток.
Вольга Чаславаўна з’яўляецца кіраўніком вакальнага гуртка “Крынічка”, добра вядомага ў творчым асяроддзі. На рахунку яго навучэнцаў мноства ўзнагарод. Так, нядаўна “Крынічка” стала лаўрэатам II ступені міжнароднага фестывалю мастацтваў Open MoloFantasy. У мінулым годзе Надзея Емяльянава атрымала званне лаўрэата III ступені рэспубліканскага разнажанравага конкурсу “Жарынка”, а сёлета на ім Настасся Шымановіч заваявала дыплом I ступені. У скарбонцы гуртка “Крынічка” ўзнагароды на абласным творчым конкурсе “Ляці, наша песня!”. Дзіяна Умбрасас — стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.
Сёння ў “Крынічцы” займаецца абноўлены састаў — 12 выхаванцаў харавога аддзялення ад 4 да 8 гадоў. 1 сакавіка будзе першае ў іх жыцці буйное спаборніцтва — рэгіянальны конкурс “Спяваючая вясна”.
Як адзначае В.Айвазоўская, узнагароды — прыемны бонус, але яны не асноўная мэта. Ёй самой і юным артыстам прыносіць задавальненне сам працэс станаўлення вакалістаў, і асабліва прыемна заўважаць, як раскрываюцца іх уменні, талент. Цікава, што дзеці ўдасканальваюцца не толькі на сцэне, але і ў звычайным школьным жыцці, бо, па меркаванні педагога, заняткі музыкай спрыяюць развіццю ў розных кірунках:
— Мы заўважылі такую заканамернасць: нашы музыканты — добрыя матэматыкі. У музыцы многія працэсы мы павінны трымаць пад кантролем адначасова. Напрыклад, ноты чытаем адразу па два радкі, прычым гарызантальна і вертыкальна, у хуткім тэмпе. Такія ўменні дапамагаюць дзіцяці ў супастаўленні складаных матэматычных элементаў рашэння. Так мозг вучыцца параўноўваць, выпрацоўваць пачуццё рытму — па сутнасці, гэта ўменне чалавека арганізоўваць усё сваё жыццё. Акрамя таго, у працэсе развіцця пачуцця рытму ў музыкантаў лепш развіваецца і дыкцыя. А дыкцыя — гэта правільнае маўленне, беглае чытанне, лепшае запамінанне тэкстаў, вершаў.
Навучэнцы ж педагога адзначаюць і тое, што музыка дае ім магчымасць падарожнічаць, выступаць на розных сцэнах — як краіны, так і за мяжой. Некаторыя ставяць сабе і значна большыя мэты.
— Яшчэ мне падабаецца мяняць у людзей успрыманне народнай песні. Гэта той жанр, які не павінен страчваць папулярнасці. Безумоўна, ён не кожнаму па сілах — тут трэба мець адметны голас, тэмбр. Калі ў сучасных рытмічных кампазіцыях хібы голасу не будуць такімі відавочнымі, то ў народнай песні чуваць як яго недахопы, так і перавагі, — гаворыць сямікласніца Настасся Шымановіч.
Хоць Насця добра іграе на фартэпіяна, спяваць любіць акапэла — як і ў жыцці: калі льецца песня, інструмент неабавязковы.
Любоў да музыкі, прафесіяналізм, даверлівыя адносіны з дзецьмі натхняюць выпускнікоў Вольгі Чаславаўны пайсці па яе шляху. Сярод іх малады спецыяліст Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў Алеся Ставарук, эстрадная выканаўца Настасся Козел, рэжысёр народных свят Настасся Кедо. Віялета Суравец працуе ў Цэнтры культуры і адпачынку ў Жупранах. Па слядах маці пайшла і дачка Аліна, якая скончыла Маладзечанскі музычны каледж імя М.К.Агінскага. Яна таксама вакалістка і музыкант, працуе ў Ашмянскай школе мастацтваў.
Святлана НІКІФАРАВА
Фота з архіва Вольгі Айвазоўскай