Настаўнiца з Брагiна выбрала адну з самых высакародных прафесiй — i нiколi ў жыццi не пашкадавала

- 9:00Главная, Образование

На занятках настаўніцы беларускай мовы і літаратуры гімназіі Брагіна Алы Фёдараўны Пінчук заўсёды лес рук. Карэспандэнт “Настаўніцкай газеты” даведалася, як у педагога атрымліваецца ажывіць дыскусію на ўроку.

У сферы адукацыi Ала Фёдараўна працуе ўжо 34-ы год. Яе педагагiчны шлях пачаўся ў Буркoўскай сярэдняй школе Брагінскага раёна, там яна працавала два з паловай гады. Пасля выйшла замуж, нарадзiўся сын. Потым перайшла ў Брагiнскую сярэднюю школу, а ў 2008 годзе ёй прапанавалi выкладаць мову i лiтаратуру ў гiмназii, на што настаўнiца адразу згадзiлася. Выхаванцы Алы Фёдараўны паспяхова зда­юць ЦТ і ЦЭ, становяцца прызёрамі на Рэс­публіканскай прадметнай алімпія­дзе па беларускай мове. Сярод выпускнікоў ёсць і тыя, хто стаў педагогам, выбраўшы адну з самых высакародных прафесій.

— У 2021 годзе мая вучанiца набрала 100 балаў на ЦТ, — адзначае Ала Пінчук. — Канечне, кожнаму настаўнiку хочацца, каб былi такiя высокія дасягненнi ў вучняў. А яшчэ я імк­нуся, каб яны цiкавiлiся беларускай мовай не толькi таму, што патрэбен максiмальны бал на iспытах, але і каб маглi размаўляць на ёй, былi сапраўднымi патрыётамi сваёй Радзiмы, а галоўнае — добрымi людзьмi.

Дзецям зараз складана, таму што няма моўнага асяроддзя, дзе б яны ўзбагачалi свой слоўнiкавы запас. Размаўляць па-беларуску вучнi могуць толькi на ўроках мовы i лiтаратуры, дзе педагог да ўсіх вучняў без выключэння знаходзіць ключык, зачароўвае мілагучным словам.

— Да кожнага школьніка трэба мець асабiсты падыход, — падкрэслiвае Ала Фёдараўна. — Аднаму дзiцяцi будзе цяжка, бо ён матэматык, а не фiлолаг, другому — крышачку прасцей. На ўроку да кожнага падыходжу, гляджу ў сшытак i адразу разумею, дзе i якая патрэбна дапамога. Удзяляю ўвагу на iндывiдуальных занятках, кансультацыях альбо проста запрашаю ў школу ў суботу, каб разам справiцца з праблемамi, якiя iснуюць.

Кожнаму настаўніку-філолагу хочацца, каб былi вучнi, якiя б цiкавiлiся беларускай мовай не толькi таму, што iм патрэбен максiмальны бал на iспытах. Галоўнае — каб яны любілі роднае слова, маглi добра размаўляць па-беларуску і былi сапраўднымi патрыётамi сваёй Радзiмы.

З цікаўнасці зазiрнуўшы ў журнал 10 класа, бачу адны добрыя адзна­кi. I сапраўды, карцiна прыемна здзiў­ляе. Калі педагог заўважыла такую маю рэакцыю, яна шчыра ўсміхнулася. Ад гэтага становiцца яшчэ радасней за дзяцей, таму што яны трапілі ў рукі прафесіянала.

— Дзесяцікласнікі любяць літаратуру, сёння разглядалi цiкавы твор Якуба Коласа “У палескай глушы”. Ім вельмі блізкая тэма кахання Андрэя Лабановiча i Ядвiсi, таму з задавальненнем чытаюць і на ўроку стараюцца адказ­ваць, — заўважае педагог.

Ала Фёдараўна прызнаецца, што перад сном абавязкова чытае якую-­небудзь літаратуру, прычым на любой мове — рускай цi беларускай, замежнага аўтара цi нашых класiкаў: Ула­дзi­мi­ра Караткевiча, Якуба Коласа:

— Часу, на жаль, на многае не хапае. Самая любiмая кнiга ў маёй бiблiятэцы — “Людзi на балоце” Iвана Мележа. Перачытваю яе кожны год — i кожны раз нешта новае для сябе адкрываю. Люблю творы Васiля Быкава, асаблiва пра вайну. Лiчу, што гэта тыя кнiгi, на якiх мы павiнны выхоўваць нашу моладзь, каб яна не забывала пра трагедыю Вялiкай Айчыннай вайны, перадавала нашчадкам памяць аб гiстарычным мiнулым.

Вучнi адзначаюць, што iх настаўнiца Ала Пінчук — самы добры педагог. Такога ж меркавання прытрымліваюцца i яе калегi па гiмназii: менавiта дабрыня — асноўная рыса характару, якая забяспечвае атмасферу поспеху на ўроках.

Далей Ала Пінчук расказвае пра алiмпiяднiцу Палiну Званок, якая пасля 9 класа вучылася ў Мазырскiм абласным лiцэi. Сёлета прыходзiла ў гiмназiю яе мацi, каб сказаць словы падзякi настаўнiцы, бо Палiна здала беларускую мову на icпытах на 100 балаў.

— Яна адзiная са свайго класа здавала беларускую мову, — ганарыцца мая суразмоўніца. — I вельмi прыемна было чуць шчырыя словы ўдзячнасцi. Насамрэч мы разам з дзецьмi прахо­дзiм вельмi грунтоўную падрыхтоўку: гэта кавалак працы, кавалак жыцця. Яшчэ адна мая вучанiца Ксенiя Яфiменка атрымала стабальны сертыфiкат па беларускай мове (дзяўчына — выпускнiца Лiцэя БДУ). Радуюся за тых дзетак, якiя так добра ведаюць мову. Значыць, гады працы не прайшлi дарэмна. Прыемна, калi дзяўчаты кожны раз дасылаюць мне вiншаваннi cа святамi, усё ж такi нейкая ўзаема­сувязь у нас застаецца.

Алена КАСЬЯН-ПАЎЛЯНКОВА
Фота аўтара