Насустрач адзін аднаму

- 10:28Актуально, Апошнія запісы

У Міністэрстве адукацыі адбылася сустрэча першага намесніка міністра адукацыі В.А.Богуша з дэлегацыяй Ісламскай Рэспублікі Пакістан, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Міністэрства федэральнай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі, рэктары ўніверсітэтаў гэтай краіны. Беларускі бок прадстаўлялі супрацоўнікі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, кіраўнікі навучальных устаноў.

— Мы рады вітаць нашых калег з Пакістана, — пачаў гутарку Вадзім Анатольевіч Богуш. — Прыемна адзначыць, што такія сустрэчы сталі ўжо традыцыйнымі і мы рухаемся наперад у нашым супрацоўніцтве згодна з тымі дамоўленасцямі, якія былі сфармуляваны ў рамках сустрэч кіраўнікоў нашых дзяржаў і непасрэдна галіновых міністэрстваў. Я спадзяюся, што і гэты візіт дасць магчымасць адпрацаваць механізмы рэалізацыі ўзаемадзеяння, яшчэ больш пашырыць і ўдасканаліць супрацоўніцтва, намеціць новыя планы на ўзроўні навучальных устаноў Беларусі і Пакістана.

В.А.Богуш адзначыў, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў сферы адукацыі з кожным годам набірае тэмпы. Колькасць навучальных устаноў, у тым ліку студэнтаў, выкладчыкаў, якія прыцягваюцца да ўзаемадзеяння, расце.

— Гэта сапраўды паўнавартасны двухбаковы рух насустрач адзін аднаму, — падкрэсліў Вадзім Анатольевіч. — Так, у мінулым годзе мы адкрылі беларускі Цэнтр мовы і культуры ў Пакістане, і ўжо сёння ў рамках візіту адкрываецца аналагічны культурна-моўны цэнтр на базе Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта. Мова, культура, адукацыя — гэта тыя сферы, якія заўсёды збліжаюць і аб’ядноўваюць народы і краіны. І мы ідзём менавіта па гэтым шляху.

В.А.Богуш таксама звярнуў увагу, што супрацоўніцтва паміж краінамі ў адукацыйнай галіне носіць шматбаковы характар. Заключаны дамоўленасці, якія дазваляюць развіваць узаемаадносіны паміж універсітэтамі ў сферы навукі і тэхнікі, падрыхтоўкі навуковых кадраў, у магістратуры і аспірантуры. Таксама ёсць шэраг папярэдніх дамоўленасцей па ажыццяўленні праектаў паміж прафесарскім складам універсітэтаў і студэнтамі дзвюх краін.

— Мы чарговы раз хочам пацвердзіць нашы магчымасці і нашу гатоўнасць развіваць не толькі ўніверсітэцкія сувязі, але і ўдзельнічаць у тых праектах, якія рэалізоўваюцца ў Пакістане і нацэлены на развіццё сістэмы адукацыі гэтай краіны, — заявіў Вадзім Анатольевіч. — Гэта тычыцца не толькі вышэйшай адукацыі, а і ў цэлым сістэмы прафесійнай падрыхтоўкі кадраў. Напрыклад, мы рады канстатаваць, што нашы ідэі па стварэнні сумесных рэсурсных цэнтраў і іншых праектаў падтрыманы калегамі з Пакістана. Мы гатовы падзяліцца сваім вопытам, сваімі здабыткамі на карысць дзвюх краін.

В.А.Богуш перадаў прывітальныя словы кіраўніку Міністэрства федэральнай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Ісламскай Рэспублікі Пакістан і выказаў спадзяванні на далейшае прадукцыйнае супрацоўніцтва.

Гулам Раза Бхаціі, прафесар, доктар, член камісіі па вышэйшай адукацыі, кіраўнік пакістанскай дэлегацыі, пацвердзіў шматгадовае супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Пакістанам, якое прынесла вялікі плён у развіцці адукацыі дзвюх краін.

— Сёння на парадак дня выносіцца задача, як пашырыць нашы ўзаемаадносіны, як зрабіць іх насычанымі і карыснымі, як прыцягнуць усё больш нашых студэнтаў і выкладчыкаў для супрацоўніцтва, — адзначыў Гулам Раза Бхаціі. — Мы наведалі БДУ, БДУІР, іншыя навучальныя ўстановы і былі прыемна ўражаны іх эфектыўнай дзейнасцю, высокім прафесіяналізмам педагогаў, актыўнасцю студэнтаў. Мы рады накіроўваць нашых выкладчыкаў і студэнтаў у вашы навучальныя ўстановы, а беларускіх калег і маладых людзей бачыць у сценах навучальных устаноў Пакістана для абмену вопытам і ведамі. Відавочна, што мы выходзім на шлях рэалізацыі новых адукацыйных і навуковых праектаў.

У працяг размовы Мухамад Рафік Тахір, саветнік па адукацыі Міністэрства федэральнай адукацыі і прафесійнай падрыхтоўкі Ісламскай Рэспублікі Пакістан, прапанаваў больш эфектыўна развіваць міжуніверсітэцкае супрацоўніцтва, наладжваць сувязі не толькі са сталічнымі навучальнымі ўстановамі дзвюх краін, але і з рэгіянальнымі. На сустрэчы рэктары ўніверсітэтаў Пакістана прадставілі свае навучальныя ўстановы вышэйшай адукацыі, сярод якіх былі інжынерны, жаночы і некалькі класічных універсітэтаў.

У час візіту пакістанская дэлегацыя наведала Рэспубліканскі інстытут прафесійнай адукацыі, шэраг навучальных устаноў.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.