Тое, наколькі зацікаўленымі і заматываванымі ў вывучэнні прадметаў будуць выпускнікі пачатковай школы, у многім залежыць ад першай настаўніцы. Наталля Андрыеўская, настаўніца пачатковых класаў сярэдняй школы № 3 Вілейкі імя В.Сасонкі, выпрацоўвае ў сваіх маленькіх выхаванцаў матывацыю і цікавасць да навучання праз матэматыку. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Вялікую ўвагу педагог удзяляе не звычайным урокам матэматыкі з лічбамі і знакамі, а выкарыстанню мадэлявання ў навучанні рашэнню тэкставых задач. Наталля Уладзіміраўна гаворыць, што работа па гэтым метадзе дапамагае развіць логіку, хуткасць мыслення і прасторавае ўяўленне малодшых школьнікаў.
“Сёння настаўнік пачатковых класаў павінен кіраваць арганізацыяй пазнавальнай дзейнасці вучняў так, каб іх вочы гарэлі ад поспеху, — упэўнена Наталля Андрыеўская. — Педагог павінен прыкласці намаганні, каб у далейшым дзеці не згубіліся ў грамадстве, а заставаліся індывідуальнымі. Менавіта ў гэтым і заключаецца педагагічная місія кожнага сучаснага настаўніка. І я не выключэнне. На працягу сваёй прафесійнай дзейнасці стараюся кожны ўрок рабіць карысным, цікавым і непаўторным”.
На працягу трох гадоў на базе STEAM-класа сярэдняй школы № 3 Вілейкі Наталля Андрыеўская праводзіць з малодшымі школьнікамі заняткі па адукацыйнай робататэхніцы і асновах праграмавання ў асяроддзі Scratch. На адпаведным аб’яднанні па інтарэсах настаўніца займаецца з дзеткамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця.
На пытанне, якім павінен быць сучасны выпускнік пачатковай школы, настаўніца адказвае адназначна: ён павінен валодаць базавымі ведамі і навыкамі, умець аналізаваць інфармацыю, задаваць пытанні і крытычна мысліць.
“Акрамя гэтага, сучасны выпускнік пачатковай школы павінен умець думаць лагічна і прымяняць гэтыя навыкі ў вырашэнні задач і праблем, з якімі сутыкаецца, — працягвае думку педагог. — Калі да настаўніка пачатковых класаў прыходзяць малышы, ён павінен навучыць іх працаваць у групе, супрацоўнічаць з іншымі, слухаць і паважаць іх меркаванне. За чатыры гады навучання ў будучых выпускнікоў пачатковай школы павінна скласціся ўяўленне аб уласным веданні і няведанні па пэўных пытаннях, яны павінны ўмець і хацець самастойна здабываць веды і карыстацца імі для тлумачэння з’яў навакольнага свету, валодаць навыкамі самаарганізацыі і самакантролю”.
Схемы і мадэлі
У пачатковых класах найважнейшым сродкам разумовага развіцця вучняў, навучання прыёмам лагічнага мыслення, фарміравання ўменняў для правядзення аналізу і сінтэзу з’яўляюцца тэкставыя задачы. Работа з імі таксама дапамагае абагульняць і канкрэтызаваць веды, ствараць і прасочваць сувязі, што існуюць паміж з’явамі, якія разглядаюцца.
“Пра важнасць і неабходнасць работы з тэкставымі задачамі павінен помніць кожны настаўнік пачатковых класаў, — упэўнена Наталля Андрыеўская. — Што тычыцца маёй педагагічнай дзейнасці, то я кіруюся некалькімі прынцыпамі. Заўсёды стараюся ствараць такія ўмовы падчас урока, каб зрабіць вучняў актыўнымі ўдзельнікамі адукацыйнага працэсу, развіць у іх пазнавальную актыўнасць, мысленне, інтэлектуальныя і творчыя здольнасці, самастойнасць. Многа часу аддаю на тое, каб прывіць цікавасць да вывучэння матэматыкі і матэматычнай дзейнасці. Згадзіцеся, матэматыка — адзін з самых цяжкіх прадметаў для большасці дзетак. Я ўпэўнена, што ў многім ад настаўнікаў пачатковых класаў залежыць тое, як да яе дзеці будуць ставіцца ў сярэдняй школе. Таму на сваіх уроках імкнуся развіваць у вучняў уменне мадэляваць умовы задачы пры дапамозе схем і фарміраваць навыкі рашэння тэкставых задач з ужываннем мадэлей”.
Схематычнае мадэляванне, якое прымяняецца на ўроках матэматыкі ў пачатковых класах, дазваляе наглядна паказаць істотныя сувязі і адносіны паміж данымі задачы і тым, што з яе дапамогай трэба знайсці (шукаемым).
Такі метад спрыяе фарміраванню алгарытмічнага і лагічнага мыслення, развівае прасторавае ўяўленне малодшых школьнікаў. У сваю чаргу сістэматычнае выкарыстанне прыёму мадэлявання забяспечвае больш якасны аналіз задачы, дазваляе ўсвядомлена і абгрунтавана падысці да выбару неабходнага арыфметычнага дзеяння і папярэджвае многія памылкі ў рашэнні задач навучэнцамі. Але для таго, каб навучыць маленькіх вучняў працаваць з мадэлямі, трэба, каб яны самі іх будавалі, самі вывучалі аб’екты і з’явы з дапамогай мадэлявання.
“Вучыць малышоў мадэляванню пачынаю яшчэ ў 1 класе на падрыхтоўчым этапе, да таго як пачынаем вучыцца рашаць задачы, — тлумачыць свой метад работы Наталля Андрыеўская. — На гэтым этапе галоўную ролю адводжу прадметнаму мадэляванню, якое дапамагае ствараць сітуацыі з прадметамі. Спачатку мы працуем з рэальнымі прадметамі, потым — з уяўнымі, сярод якіх ілюстрацыі, малюнкі. Пасля замяняю іх геаметрычнымі фігуркамі, лічыльнымі палачкамі. На ўроках азнаямлення са складовымі часткамі задачы разам з вучнямі складаем памятку і выкарыстоўваем яе падчас работы над пэўным заданнем”.
Для таго каб навучыць сваіх першакласнікаў рашаць простыя задачы, Наталля Уладзіміраўна таксама карыстаецца прыёмам мадэлявання. Для гэтага настаўніца робіць чарцёж на дошцы, а малышы будуюць у сшытку схему алоўкам. Наступны этап — сумесная класная работа над задачай.
“Мы разам аналізуем схему, устанаўліваем адносіны паміж велічынямі і на гэтай аснове выбіраем адпаведнае арыфметычнае дзеянне, — працягвае дзяліцца вопытам Наталля Андрыеўская. — На этапе азнаямлення з задачай выкарыстоўваю шмат розных прыёмаў. Спачатку тлумачу кожны складнік мадэлі, затым расказваю схему яе пабудовы, і толькі пасля гэтага мы пачынаем працаваць над мадэляваннем. Прычым гэтая работа адбываецца па навадных пытаннях з паступовым выкананнем схемы. Этапнасць работы прасочваецца і на ўроках пры навучанні рашэнню састаўных задач у 2—4 класах”.
Пасля таго як першакласнікі ўжо навучыліся будаваць схемы да задачы, настаўніца прапаноўвае ім заданні на выкананне дзеянняў мадэлявання. Такі пакрокавы алгарытм лёгкі для запамінання, але патрабуе адпрацоўкі. Дамаляваць схему, каб яна адпавядала задачы, пазначыць на ёй вядомыя і невядомыя велічыні ці выбраць схему, якая адпавядае прапанаванай задачы, — гэта толькі некаторыя дзеянні мадэлявання, прымянення якіх часцей за ўсё патрабуе заданне. Вынікам навучання пабудове схематычнага чарцяжа і яго асэнсаванню з’яўляецца самастойнае мадэляванне і рашэнне задач.
“Упэўнена, што, рашаючы тэкставыя задачы, настаўнік павінен працаваць на фарміраванне навыкаў мадэлявання, — мяркуе Наталля Андрыеўская. — І наадварот, чым лепш дзіця авалодае мадэляваннем, тым лягчэй яму будзе рашаць задачы”.
Задачы ў тэкстах
Вывучэнне любой дысцыпліны — гэта сумесная дзейнасць педагога і вучня. У навучанні матэматыцы, у першую чаргу ў пачатковых класах, такая сумесная дзейнасць — гэта абавязковы крок. Каб такі ўрок быў паспяховым, спачатку ў форме вучэбнага дыялогу адбываецца пошукава-даследчая дзейнасць па мадэляванні тэкставых задач і іх рашэнні. Затым заданні можна прапаноўваць дзецям як індывідуальна, так і ў парах ці групах.
“У сваёй дзейнасці актыўна выкарыстоўваю інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі, сярод якіх мультымедыйныя прэзентацыі, электронныя адукацыйныя рэсурсы, вучэбныя відэаматэрыялы, — звяртае ўвагу настаўніца. — Цікавыя інтэрактыўныя заданні і практыкаванні ствараю на інтэрнэт-сэрвісах, навучэнцы выконваюць іх як франтальна, так і індывідуальна або ў групах. Сёння магу канстатаваць, што выкарыстанне мадэлявання ў навучанні рашэнню тэкставых задач на ўроках матэматыкі павышае якасць навучання, дапамагае дзецям дасягнуць пэўнага ўзроўню самастойнасці, выклікае цікавасць і матывацыю да вывучэння прадмета і спрыяе павышэнню агульнага ўзроўню развіцця малодшых школьнікаў”.
Дасягненні маленькіх школьнікаў, якіх вучыць педагог, яскрава пацвярджаюць яе словы. Вучні Наталлі Андрыеўскай паспяхова ўдзельнічаюць і перамагаюць у матэматычных алімпіядах, у міжнародным конкурсе па матэматыцы “Кенгуру” і міжнародных конкурсах па інфарматыцы і вылічальнай логіцы.
“Дзеткі з майго класа штогод становяцца актыўнымі ўдзельнікамі і пераможцамі фестывалю работ даследчага характару, — з гордасцю адзначае настаўніца. — Мае выпускнікі двойчы станавіліся фіналістамі рэспубліканскага тэлевізійнага праекта “Я ведаю” сярод пяцікласнікаў”.
Такія перамогі — гэта паступовыя маленькія крокі, якія спрыяюць павышэнню цікавасці малышоў да вучобы і навукі. Пра сваю ролю ў дасягненнях вучняў Наталля Андрыеўская гаворыць вельмі сціпла.
“У сваёй рабоце імкнуся да таго, каб навучанне было займальным і цікавым для дзяцей, каб атрыманыя веды дапамагалі ім у розных жыццёвых сітуацыях”, — кажа педагог.
Вопыт сваёй работы педагог актыўна перадае калегам, якія імкнуцца да самаразвіцця і пашырэння педагагічных ведаў. Для гэтага Н.Андрыеўская карыстаецца ўзаемадапамогай падчас вучэбных заняткаў, праводзіць адкрытыя ўрокі, майстар-класы.
Але не толькі з педагогамі настаўніца дзеліцца сваімі прафесійнымі дасягненнямі. Падчас правядзення бацькоўскіх сходаў Наталля Андрыеўская арганізоўвае вучэбныя практыкумы для бацькоў навучэнцаў, прыцягвае іх да ўдзелу ў метадычным тыдні пачатковых класаў.
“Абмен вопытам у рамках работы школьных і раённых вучэбна-метадычных аб’яднанняў настаўнікаў пачатковых класаў, а таксама падчас педагагічнага савета ўстановы адукацыі ўжо даўно стаў абавязковай часткай маёй работы, — прызнаецца педагог. — Удзел у рэалізацыі інавацыйных праектаў, у навукова-практычных канферэнцыях, семінарах-практыкумах заўсёды прыносіць задавальненне і дае разуменне таго, што настаўнік пачатковых класаў павінен пастаянна развівацца.
Калі шчыра, то быць настаўнікам — гэта лёс. Аднаму чалавеку такі лёс дадзены, другому — не. Калі ў мяне пытаюцца, ці складана працаваць настаўніцай, я прызнаюся: я не працую настаўніцай, я жыву настаўніцтвам”.
Наталля САХНО
Фота Алега ІГНАТОВІЧА