Наталля Каліноўская: «Ад настаўніка, якасці выкладання залежыць, якімі дзеці стануць спецыялістамі і грамадзянамі»

- 15:38Новости

Абласная жнівеньская канферэнцыя ў горадзе над Бугам прайшла пад наз­вай “Якасць адукацыі — вектар развіцця Брэстчыны”, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

— Гэтая тэма выбрана не выпадкова, — звярнулася да ўдзельнікаў мерапрыемства начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Брэсцкага аблвыканкама Наталля Каліноўская. — Ад сістэмы адукацыі зале­жыць, якім будзе сацыяльна-эканамічнае становішча ў краіне сёння і заўтра. Адукацыйная галіна вобласці працуе вынікова, але нам яшчэ ёсць да чаго імкнуцца.  

Першы намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Таццяна Савіч расказала, што праве­дзена вялікая работа па падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі рэгіёна да новага навучальнага года. У абласным бюджэце на фінансаванне адукацыйнай галіны запланавана каля 1,5 млрд рублёў, у тым ліку звыш 112 млн руб­лёў — на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, што на 42,5 і 7,5 млн больш плана і мінулагодняга бюджэту адпаведна. На будаўніцтва і рэканструкцыю ўстаноў адукацыі прадугледжана 23,2 млн рублёў, на капітальныя і бягучыя рамонты — 24,1 і 49,2 млн рублёў адпаведна, на абсталяванне і сродкі навучання — звыш 15 млн рублёў. 

— У рамках абласной і рэгіянальнай інвестыцыйных праграм сёлета было запланавана будаўніцтва 20 і праектаванне 8 аб’ектаў адукацыі, — паведаміла Таццяна Савіч. — На многіх з іх работы ўжо завершаны, а на шэрагу яшчэ працягваюцца. Для арганізацыі падвозу дзяцей будуць задзейнічаны 310 школьных аўтобусаў, парк якіх пастаянна абнаўляецца. За кошт мясцовых бюджэтаў набудуць 37 камп’ютарных класаў. Іх замена надзвычай актуальная: 25% тэхнікі ў школах і каледжах эксплуатуецца звыш 10 гадоў.

У сістэме адукацыі вобласці працуе амаль 32 тысячы педагогаў, у тым ліку 16,1 тысячы настаўнікаў. Установы адукацыі забяспечаны неабходнымі кадрамі на 98%, у тым ліку кіраўнікамі па ваенна-патрыятычным выхаванні на 91%. Па-ранейшаму не хапае настаўнікаў фізікі і матэматыкі, педагогаў-псіхолагаў, сацыяльных педагогаў і выхавальнікаў.

— Сёлета ва ўстановы адукацыі вобласці прыбылі 605 маладых спецыялістаў, — адзначыла Таццяна Савіч. — Аператыўна вырашаюцца пытанні, звязаныя з іх замацаваннем. Калі ў 2022 годзе гэты паказчык складаў 65%, то летась ужо амаль 80%. Галоўная задача — стварыць максімальна камфортныя ўмовы для работы і побыту, забяспечыць належны заробак, каб пазбегнуць адтоку кадраў. Па выніках першага паўгоддзя заробак у сістэме адукацыі Брэстчыны знаходзіцца на другой пазіцыі ў краіне пасля Міншчыны.

Па словах Таццяны Савіч, у новым навучальным годзе істотна павялічыцца коль­касць выхаванцаў педагагічных і інжынерных класаў. У дадатак да іх, а таксама ваенна-патрыятычных, спартыўна-педагагічных і аграрных класаў адкрыюцца 5 медыцынскіх і адзін пракурорскі клас. Тым не менш, нягледзячы на актыўную праф­арыентацыйную работу, пакідаюць жадаць лепшага вынікі паступлення выпускнікоў профільных класаў ва УВА: ад 16% “аграрнікаў” да 36% “педагогаў”.

— На сёлетнім ЦЭ выпускнікі вобласці атрымалі 163 стабальныя сертыфікаты, у тым ліку 9 чалавек — па двух прадметах, — заўважыла Таццяна Савіч. — Па іх колькасці Брэст­чына займае 2-е месца пасля Мінска. Што да ЦТ, то максімальны бал на ім паказалі 80 выпускнікоў. А 400 балаў набралі Мікіта Басалай з сярэдняй школы № 4 Івацэвіч, Андрэй Літвіновіч з сярэдняй школы № 9 Кобрына і Ганна Трэццяк з гімназіі Драгі­чына. На жаль, не ўдаецца палепшыць выніковасць удзелу школьнікаў вобласці ў рэспуб­ліканскім алімпіядным руху, затое радуюць вынікі ўдзелу ў міжнародным. Паступова змяншаецца колькасць выпускнікоў, якія працягваюць адукацыю за мяжой. 

Даволі вынікова працуе сістэма прафесійнай адукацыі. Сёлета каледжы прынялі 6,5 тысячы навучэнцаў. Кантрольныя лічбы прыёму выкананы цалкам. Актывізавалася работа па арганізацыі мэтавай падрыхтоўкі. Адкрыта падрыхтоўка па 32 новых рабочых прафесіях, запатрабаваных на рынку працы. Асаблівым попытам карыстаюцца прафесіі машынабудаўнічага профілю. Вялікую ролю ў павышэнні якасці пад­рыхтоўкі кадраў адыгрываюць 7 цэнтраў кампетэнцый ва УССА.

Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па адукацыі аблвыканкама Ірына Папова засяродзіла ўвагу на развіцці дашкольнай адукацыі. Матэрыяльна-тэхнічная база адпаведных устаноў патрабуе далейшай мадэрнізацыі і абнаўлення.

— Павышаць якасць дашкольнай адукацыі дапамагае эксперыментальная і інавацыйная дзейнасць, у якой удзельнічаюць 20 устаноў, — падкрэсліла Ірына Папова. — У дзіцячым са­дзе № 10 Пінска і спецыяльным дзіцячым садзе № 51 Баранавіч укаранёна мадэль фарміравання культуры міжасобасных зносін дашкольнікаў і школьнікаў на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя, а ў дзіцячых садах №№ 14 і 33 Баранавіч — ма­дэль этнічнай сацыялізацыі і фарміравання полікультурнай кампетэнтнасці асобы ў сучаснай адукацыйнай прасторы на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа.

Па словах Ірыны Паповай, у вобласці паспяхова развіваецца сетка ваенна-патрыятычных клубаў на базе вайсковых і пагранічных часцей, міліцэйскіх падраздзяленняў і інш. У 48 такіх аб’яднаннях займаюцца амаль 3,3 тысячы школьнікаў. Плённа развіваецца супрацоўніцтва з Беларускай Праваслаўнай Царквой. На базе школ дзейнічаюць 7 рэсурсных цэнтраў па духоўна-маральным і патрыятычным выхаванні вучняў, а таксама 184 музеі. Установам адукацыі актыўна прысвойваюцца імёны герояў Вялікай Айчыннай вайны. Сёлета іх атрымалі 14 школ вобласці. Ганаровы статус “Школа міру” маюць 43 установы.

Аналізуючы стан сістэмы адукацыі вобласці, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Вадзім Краўчук адзначыў, што павышанай увагі патрабуе праблема замацавальнасці маладых кадраў, якая залежыць найперш ад заробку, наяўнасці добраўпарадкаванага жылля і належнага маральна-псіхалагічнага клімату ў педкалектывах. Выклікае пэўныя нараканні якасць рэзерву кад­раў: даволі часта ад кіраўніцкіх пасад адмаўляюцца намеснікі дырэктара. У полі зроку неабходна трымаць і замацаваль­насць выпускнікоў школ у айчынных УВА. А што да аптымізацыі сеткі ўстаноў адукацыі, то яна павінна быць абгрунтаванай.

Напрыканцы канферэнцыі лепшыя педагогі атрымалі граматы і падзячныя пісьмы аблвыканкама, абласнога Савета дэпутатаў, галіновага міністэрства і прафсаюза, а таксама нагрудныя знакі “Выдатнік адукацыі Беларусі”. Сярод узнагароджаных — дырэктар Бярозавіцкай сярэдняй школы Пінскага раёна Ала Галаўко, настаўніца пачатковых класаў гімназіі № 3 імя В.М.Верамяюк Брэста Наталія Палятай, дырэктар Брэсцкага дзяржаўнага каледжа будаўнікоў Андрэй Шыпілаў, выкладчыца Пружанскага дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа Лідзія Рапіха, загадчык кабінета Рэгіянальнага цэнтра метадычнага забеспячэння прафесійнай адукацыі Брэсцкай вобласці Васіль Галавач і намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сувязі Іна Мартынава.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ
Фота Ільі АГРЭНІЧА