Наталля КАРЧЭЎСКАЯ: “У вас усё атрымаецца!”

- 12:40Культура

З Наталляй Карчэўскай мы пазнаёміліся пару гадоў назад, калі яна была намеснікам міністра культуры, сустракаючыся на самых розных мерапрыемствах: мастацкіх выставах і кінапрэм’ерах, фестывалях і прэс-канферэнцыях. Яна заўсёды ўраўнаважаная і разважлівая, з прыемнай усмешкай, і толькі вочы, такія глыбокія і сур’ёзныя, часам выдавалі яе заклапочанасць той або іншай праблемай. Пасля мы пасябравалі на Facebook. І я чарговы раз пераканалася, што Наталля Уладзіміраўна — не проста прыгожая жанчына і любячая матуля, а адданы выбранай справе чалавек, уважлівы да кожнай дробязі спецыяліст. Узначаліўшы Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт культуры і мастацтваў усяго некалькі месяцаў назад, яна ўжо задумалася пра новыя напрамкі дзейнасці, што і нядзіўна, бо ў роднай альма-матар яна амаль 32 гады і, як ніхто іншы, ведае ўсе яе праблемы і магчымасці.

— Наталля Уладзіміраўна, давайце пачнём з сёлетняй уступнай кампаніі. Ці будуць змены?

— У гэтым годзе кардынальных змен ва ўступнай кампаніі не чакаецца. Але сёлета мы аднаўляем набор на спецыяльнасць “Камп’ютарная музыка”, якая зараз вельмі запатрабавана і карыстаецца папулярнасцю як у абітурыентаў, так і ў работадаўцаў. Вельмі спадзяёмся, што сёлета мы набяром таленавітых студэнтаў і на гэтую спецыяльнасць. Дарэчы, зусім не многія УВА рыхтуюць спецыялістаў па гэтым кірунку.

У наступным жа годзе спадзяёмся, што зможам пачаць падрыхтоўку па новых спецыяльнасцях, прычым па якіх ніколі не ажыццяўляўся набор у нашай краіне, — для цыркавога мастацтва і бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці, звязанай з лічбавізацыяй і аналітыкай. Па цыркавым мастацтве ўвогуле не рыхтаваліся спецыялісты з вышэйшай адукацыяй, і мы хочам паспрабаваць такое ажыццявіць у завочнай форме, зрабіўшы свой уклад у развіццё гэтага віду мастацтва. Вельмі спадзяёмся, што ў 2022 годзе набяром першых студэнтаў, але з ліку не артыстаў, а рэжысёраў, таму што ўсім вядома, што творчы век артыстаў нядоўгі і яны вымушаны адкладваць атрыманне адукацыі. Пакуль наша асноўная задача — падабраць выкладчыкаў. Ёсць пэўныя патрабаванні да вышэйшай школы, натуральна, выкладаць павінны людзі, якія маю ць альбо вучоныя званні, альбо ганаровыя — народныя і заслужаныя артысты.

Што тычыцца бюджэтных месцаў, іх колькасць застаецца на ранейшым узроўні. Адзінае, адбылося іх пераразмеркаванне, таму што пры складанні кантрольных лічбаў прыёму мы арыентуемся на конкурс некалькіх папярэдніх гадоў і дэмаграфічную сітуацыю ў цэлым, на колькасць выпускнікоў. А вось месцы на платнай форме навучання крыху скарачаюцца, калі мы бачым невысокі прахадны бал. Усё ж такі мы павінны падтрымліваць прэстыж прафесіі, і хацелася б, каб усе нашы выпускнікі працавалі па атрыманай спецыяльнасці, а не сыходзілі ў нейкія іншыя галіны. Я з задавальненнем магу сказаць, што большасць нашых выпускнікоў працуе менавіта ў сферы культуры.

Мэтавы набор мы таксама ажыццяўляем, але толькі на конкурснай аснове. Хацелася б, каб тыя, хто прыходзіць па мэтавым накіраванні, разумелі, што без базавай падрыхтоўкі ім будзе вельмі складана вучыцца ў нашым універсітэце. Работадаўцы таксама павінны актыўна ўдзельнічаць у падрыхтоўцы сваіх будучых спецыялістаў.

Прахадны бал прадказаць немагчыма, кожны год ён розны, усё залежыць ад конкурснай сітуацыі гэтага года: якая колькасць абітурыентаў прыйдзе і з якім патэнцыялам. Аднак традыцыйна самая вялікая колькасць паступаючых —на факультэт культуралогіі і сацыякультурнай дзейнасці і факультэт традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва. А вось пры размеркаванні ў работадаўцаў запатрабаваны іншыя спецыялісты, напрыклад, па бібліятэчна-інфармацыйнай дзейнасці.

Наталля КАРЧЭЎСКАЯ ў 1994 годзе з чырвоным дыпломам скончыла Беларускі ўніверсітэт культуры. У БДУКМ працавала выкладчыкам, дацэнтам, дэканам факультэта традыцыйнай беларускай культуры і сучаснага мастацтва, першым прарэктарам. 20 кастрычніка 2020 года назначана рэктарам універсітэта. Займаецца плённай навукова-даследчай дзейнасцю, з’яўляецца аўтарам манаграфіі па гісторыі і тэорыі эстраднага танца, а таксама больш за 80 навуковых і вучэбна-метадычных работ.

— Заявак на бібліятэкараў і сёлета было шмат?

— Так, яны вельмі запатрабаваныя, па 7 заявак на 1 спецыяліста. А яшчэ пры паступленні папулярная, напрыклад, кафедра мастацтва эстрады (спевы), а ў работадаўцаў потым запатрабаваны спецыялісты па харавой музыцы. Тут ёсць пэўны дысбаланс. Кожнай навучальнай установе трэба ўмець арыентавацца не толькі выключна на жаданні абітурыентаў, а ў першую чаргу на патрэбы галіны.

Два тыдні назад завяршылася размеркаванне, і ўсе нашы выпускнікі атрымалі першыя працоўныя месцы. Але не ўсе работадаўцы засталіся задаволеныя, таму што многія ўспамінаюць пра тое, што яны хацелі б атрымаць нашага выпускніка, толькі ў перыяд размеркавання, а гэта трэба планаваць загадзя.

— А якія патрабаванні будуць да абітурыентаў, што вырашаць паступаць на спецыяльнасць “Камп’ютарная музыка”?

— Ва ўсе нашы тры навучальныя ўстановы сферы культуры абітурыенты здаюць не толькі ЦТ, а і творчыя іспыты. І гэтая спецыяльнасць не стане выключэннем. Акрамя ЦТ па рускай ці беларускай мове і гісторыі Беларусі, прыйдзецца вытрымаць унутраны экзамен па сальфеджыа і калёквіум, а таксама прадставіць аўтарскія творы.

Варта адзначыць, што большасць нашых абітурыентаў рыхтуецца да паступлення не ад зін год. На дні адкрытых дзвярэй прыходзяць старшакласнікі, якія збіраюцца паступаць у наступным годзе ці нават праз 2 гады, каб даведацца, што і як будзе, ды і проста пазнаёміцца з універсітэтам. Увогуле, навучанне ў нашым універсітэце абапіраецца на грунтоўныя сур’ёзныя традыцыі тых відаў мастацтва, якімі студэнты авалодваюць падчас вучобы.

— Памятаю, як у 2015 годзе быў праведзены неверагодны дзень адкрытых дзвярэй з прэзентацыяй мюзікла “Дуброўскі”. А зараз не рыхтуеце якога-небудзь грандыёзнага мерапрыемства?

— Пакуль усё ўскладняецца эпідэмічнай сітуацыяй, але мы думалі пра гэта. Тым больш у мінулым годзе адкрыўся наш спартыўна-культурны цэнтр, які мы доўга чакалі. Там цудоўная зала на 980 гледачоў са шматфункцыянальнай сцэнай-трансформерам і з выдатнымі гукам і святлом. А яшчэ там ёсць арт-прастора, 2 трэнажорныя залы, бо мы ўдзяляем вялікую ўвагу і развіццю фізічнай культуры. Дарэчы, у Зімовай рэспубліканскай спартакіядзе “Культурная лыжня — 2021” наша каманда заняла 1-е месца. Мы сапраўды шчаслівыя, што ў нас з’явіўся такі сучасны цэнтр, які дае магчымасць студэнтам паказваць сваю творчасць на вялікай сцэне.

Хоць на самай справе нашы абітурыенты і без такіх прэзентацый добра ведаюць, куды паступаюць. Тым больш яны могуць наведаць студэнцкія паказы, зараз, напрыклад, у нас праходзіць фестываль “Арт-мажор”, на якім універсітэцкія калектывы і кафедры паказваюць, чаго дасягнулі за год. Любы абітурыент можа прыйсці і паглядзець нашы справаздачныя канцэрты, а таксама пабываць на творчых дзяржаўных экзаменах, якія праводзяцца ў форме паказу. Калі студэнты спяваюць, то абітурыент можа прыйсці і паглядзець, як гэта адбываецца і сарыентавацца такім чынам.

— А ці можна гаварыць, мяркуючы па наведвальніках падрыхтоўчых курсаў і днях адкрытых дзвярэй, што цікавасць да спецыяльнасцей БДУКМ не змяншаецца?

— Так, мы адсочваем тэндэнцыі, і да некаторых спецыяльнасцей цікавасць большая, чым у мінулыя гады. Вельмі шмат тых, хто збіраецца паступаць на кафедру харэаграфіі. Але ж мы рэгулярна праводзім актыўную прафарыентацыйную работу. Нашы педагогі, студэнты і калектывы рэгулярна наведваюць творчыя каледжы і школы мастацтваў. На шчасце, мы бачым, што цікавасць да нашай УВА не падае. І на дыялогавых пляцоўках неаднаразова адзначалася, што творчыя прафесіі ніколі не знікнуць. Хоць, канечне, мы ідзём у нагу з лічбавым грамадствам, але творчыя прадукты, якія нараджаюцца дзякуючы натхненню і азарэнню, заўсёды будуць у трэндзе.

— Да таго ж каля адной трэці вашых студэнтаў — замежныя…

— Так, 770 чалавек, у асноўным гэта кітайцы. Спадзяёмся, што замежных студэнтаў будзе яшчэ больш, бо гэта, па-першае, дае вялікія магчымасці для прадстаўлення нашай краіны і адукацыі за мяжой, а па-другое, гэта паступленне пазабюджэтных сродкаў, а таксама паказчык таго, што наша адукацыя запатрабаваная. Сумеснае навучанне з замежнымі студэнтамі ўзбагачае і беларускіх юнакоў і дзяўчат, бо яны вучацца талерантнасці і разуменню чужой культуры.

— Наталля Уладзіміраўна, на ваш погляд, як матываваць выпускнікоў універсітэта, каб яны заставаліся ў выбранай сферы?

— Тут няма адзіных падыходаў, таму што матывацыя ва ўсіх розная. Я проста пераканана, што ў культуры ўсё ж такі працуюць людзі, якія гэтую справу любяць. І натуральна, кіраўніцтва робіць усё магчымае, каб жыццё людзей, звязаных з культурай, было лепшым. Нават калі многім здаецца, што робіцца недастаткова, я пераканана, што робіцца сапраўды шмат. Аднак многае залежыць і ад таго, як мы да гэтага ставімся. Вядома, у кожнага свае ўяўленні, колькі і чаго яму трэба. Гэта як любоў да радзімы: ты любіш яе не таму, што там цёпла і сытна, бо ў такім выпадку заўсёды будзеш шукаць, дзе яшчэ сытней і цяплей. Таму ў першую чаргу дзяцей, а ўсе выкладчыкі называюць студэнтаў дзецьмі, мы арыентуем на тое, што яны атрымліваюць прафесію, працаваць у якой прыйдзецца незалежна ад натхнення, маючы канкрэтныя тэрміны. І я рада, што большасць нашых студэнтаў — людзі, якія сапраўды хочуць працаваць па той спецыяльнасці, якую выбралі.

— Вы таксама прайшлі доўгі шлях станаўлення, у тым ліку і як педагога, выкладчыка. Можаце ўспомніць, хто з настаўнікаў аказаў на вас найбольшы ўплыў?

— Па-першае, бацькі, бо абодва педагогі: бацька — спартыўны трэнер, а мама — настаўніца сярэдняй школы № 65 Мінска, сёння гэта гімназія № 30. Потым настаўнікі пачатковай школы, якія заўважылі мой артыстызм і творчы патэнцыял, дзякуючы чаму я трапіла ў Беларускую дзяржаўную харэаграфічную гімназію-каледж. Там народная артыстка Беларусі Ірына Савельева, якая выхавала шмат выдатных балерын, паўплывала на мяне, а затым Раіса і Мікалай Красоўскія ў ансамблі “Чараўніцы”. Ва ўніверсітэце на кафедры харэаграфіі я спаткала Юлію Міхайлаўну Чурко, Людмілу і Аляксандра Яфрэмавых, Алену Міхайлаўну Шылкіну… — я баюся кагосьці пакрыўдзіць, таму што было шмат людзей, якія не выкладалі непасрэдна ў мяне, але ў якіх я ўсё роўна вучылася. Настаўнікаў у чалавека, які чагосьці дасягнуў, заўсёды павінна быць многа.

Асноўны педагагічны прынцып, пераняты ў іх, — гэта цярпенне, няспешнасць, строгасць у спалучэнні з паблажлівасцю. Педагог павінен разумець, што не мае права пагардліва ставіцца да студэнтаў, якія побач з ім, а таму трэба часам і пацярпець, што абавязкова дасць свой плён.

Зараз як выкладчык працую толькі з магістрантамі і аспірантамі, і часта ім гавару, як некалькі мне сказаў адзін з выкладчыкаў: “У вас усё атрымаецца!” Гэтая фраза вельмі важная, таму што як бачыць педагог, так і чалавек у сябе будзе верыць.

— Якой бачыце будучыню роднай альма-матар?

— Перш за ўсё будучыню звязваю з новымі спецыяльнасцямі і творчымі праектамі, якія мы арганізуем у спартыўна-культурным цэнтры, што спадзяёмся, выкліча цікавасць ва ўсёй краіне і пашырыць магчымасці нашых студэнтаў. Будзем намагацца, каб матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта і далей паляпшалася, а прафесарска-педагагічны склад яшчэ больш ганарыўся работай у нас. Хочацца, каб вырас конкурс на нашы спецыяльнасці, каб студэнтаў, якія мараць вучыцца ў нас, станавілася ўсё больш і з самых розных краін свету!

Гутарыла Вольга АНТОНЕНКАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.