Для педагога са Светлагорскай гімназіі Наталлі Нікіценка геаграфія — гэта светапоглядны прадмет. Яго вывучэнне дапамагае ўявіць цэласную карціну свету і дазваляе сфарміраваць гарманічна развітую асобу вучня, які здольны аналізаваць і рабіць высновы. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Апошнія 12 гадоў Наталля Нікіценка выкладае геаграфію ў Светлагорскай гімназіі, а ў верасні будзе адстойваць гонар Гомельскай вобласці ў конкурсе “Настаўнік года” ў намінацыі “Гісторыя, грамадазнаўства, геаграфія”. Ёй асабліва складана, бо два гады назад менавіта калега, настаўнік геаграфіі гомельскай сярэдняй школы № 19 Вадзім Лосеў, стаў абсалютным пераможцам сярод настаўнікаў краіны.
Шлях да настаўніцтва ў Наталлі Мікалаеўны пачаўся з дзяцінства. Крэйда, запазычаная ў матулі-закройшчыцы, ператварылася ў крэйду школьную. Сценка цёмнай шафы ў вялікім пакоі кватэры стала імправізаванай дошкай, на якой дзяўчынка пісала літары і лічбы. Школьнікамі былі ўсе мяккія цацкі і лялькі.
— Вучняў у маім класе налічвалася не менш як 25, — успамінае Наталля Нікіценка. — Прычым у кожнага былі сшыткі і дзённікі. Мама спачатку змагалася са мной, таму што крэйда дрэнна змывалася з паверхні шафы, але потым змірылася. Бацька неяк прывёз велізарную карту “Прыродныя зоны Еўразіі”. Гэта было шчасце: я разаслала яе на падлозе і вывучала. Так пачыналася мая дзейнасць у галіне прыродазнаўства. У старшых класах мне падабаліся архітэктура і дызайн. Пры гэтым перавагу аддавала дзвюм дысцыплінам. Я вельмі любіла беларускую мову, нават удзельнічала ў алімпіядах. І паглыблена вывучала геаграфію. Стосы часопісаў “Юны натураліст” і “Вакол свету” былі не толькі дома, але і ў вёсцы, куды я ездзіла да бабулі. Калі трэба было зрабіць канчатковы выбар, мы сталі вывучаць зборнік для паступаючых ва УВА. Звярнула ўвагу, што ў БДПУ на факультэце прыродазнаўства ёсць спецыяльнасць “Настаўнік геаграфіі, беларускай мовы і літаратуры”. Я зразумела, што гэта лёс. Паступіла туды без праблем, атрымала каласальнае задавальненне ад вучобы, атмасферы студэнцтва. Добра памятаю выкладчыкаў, нашы палявыя практыкі і зносіны з сябрамі.
Наталля Нікіценка дзеліцца, што пяць гадоў праляцелі вельмі хутка. Разам з чырвоным дыпломам яна атрымала накіраванне ў родны Светлагорск. Першым працоўным месцам стала вясковая Баравікоўская сярэдняя школа.
— Нагрузка там была зусім маленькая, і мне прыйшлося шукаць яшчэ адно месца працы. Уладкавалася ў ГПТВ хімікаў, цяпер гэта індустрыяльны каледж. Першы год работа ішла на кантрасце. У адным месцы — сем дзетак у класе, усе ціхія і спакойныя. У другім — 30 актыўных падлеткаў-хлапчукоў. Яны трымалі мяне ў тонусе.
Праз год малады педагог стала працаваць у светлагорскай сярэдняй школе № 9, якую сама некалі скончыла. У 2011 годзе перайшла ў гімназію, а потым неўзабаве адправілася ў доўгі дэкрэтны водпуск: дзеці Радзівон і Эліна нарадзіліся адно за адным.
— Пры падрыхтоўцы да конкурсу мяне вельмі падтрымлівае сям’я, — гаворыць Наталля. — Імкнуся знайсці дні, якія магу цалкам прысвяціць родным. Я вельмі ўдзячна бабулям, якія з дзецьмі праводзяць час. Муж Аляксандр з разуменнем ставіцца да маёй занятасці і камандзіровак. Калі ты сябе прысвячаеш інтэнсіўнай рабоце, важна ведаць, што дома ўсё ў парадку. Значыць, ёсць настрой і сілы працаваць далей. Таксама са старту адчуваю падтрымку калектыву. У нас згуртаваная каманда пад кіраўніцтвам дырэктара гімназіі Алены Мішчанка. Даводзіцца звяртацца па дапамогу да калег не толькі ў сваім раёне, але і на зборах у вобласці, у Гомельскі абласны інстытут развіцця адукацыі. Я ўсім вельмі ўдзячна. Калі бачыш свой прафесійны рост, з’яўляецца азарт. Разумееш, што раней я гэтага зрабіць не магла, а цяпер магу. Канцэнтруюся на сваіх моцных баках. Я люблю наведваць вэбінары, семінары, майстар-класы, самой даводзілася быць лектарам. Правядзенне майстар-класаў патрабуе пэўных навыкаў. Усё гэта стымулюе.
Геаграфію ў якасці профільнага прадмета для здачы на ЦЭ, ЦТ выбірае не вельмі многа выпускнікоў. Таму крыху правакую педагога: навошта тады гэтая дысцыпліна патрэбна школьнікам?
— Я геаграфію разглядаю як светапоглядны прадмет, ён дапамагае ўявіць цэласную карціну свету. На нашых уроках мы размаўляем і пра палітыку, і пра эканоміку, і пра фізічныя з’явы… Вывучэнне гэтага прадмета дазваляе сфарміраваць гарманічна развітую асобу. Вучня, які здольны аналізаваць і рабіць высновы, а не спажываць гатовую інфармацыю, імкнуся матываваць такім чынам: адукаваныя людзі павінны ведаць, якія працэсы адбываюцца на нашай Зямлі, у тым ліку каб прагназаваць, як будзе развівацца тая ці іншая сістэма.
Педагог пераканана, што асоба настаўніка значна ўплывае на тое, як вучні ставяцца да працэсу навучання і да пэўнага прадмета:
— Імкнуся стаць для іх добрым старэйшым таварышам. Дзеці могуць звярнуцца да мяне па самых розных пытаннях. Нават калі раптам не падрыхтаваліся да ўрока — я ўсім даю шанс пераздаць. Яны рэагуюць на гэтую спагадлівасць, ім становіцца няёмка не ведаць геаграфію. Безумоўна, для педагога важна ўвесь час знаходзіцца ў пошуку, таму знаходжу цікавыя факты, стаўлю перад навучэнцамі праблемныя пытанні. Апошнія два гады мы актыўна працуем з геаграфічнымі адукацыйнымі квестамі. Сёння прыходзіцца канстатаваць: пазнавальная цікавасць школьнікаў зніжаецца, таму неабходна выкарыстоўваць розныя падыходы да навучання. Радуе, што кожны год ёсць выпускнікі, якія на ЦТ здаюць менавіта геаграфію. Выбіраюць для сябе розныя кірункі — геалогію, геаэкалогію, геаграфію, нафтавую прамысловасць… Сёлета мой былы вучань Антон Коваль стане маім калегам, настаўнікам геаграфіі.
Наталля Нікіценка з’яўляецца кіраўніком гуртка “Што? Дзе? Калі?”, удзельнікі якога ўвесь час становяцца пераможцамі розных конкурсаў і спаборніцтваў. А яшчэ яна — класны кіраўнік сёлетніх дзевяцікласнікаў. Так што за яе поспех на конкурсе “Настаўнік года” будуць трымаць кулачкі школьнікі і іх бацькі.
Ірына АСТАШКЕВІЧ