На працягу двух месяцаў працягваўся ў Гродзенскай вобласці творчы марафон адборачных канцэртаў фестывалю “АРТ-вакацыі”. Удзел у ім прынялі больш за тысячу навучэнцаў з 37 прафесійна-тэхнічных і сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў. Завяршыўся абласны этап Рэспубліканскага фестывалю мастацкай творчасці заключным канцэртам у Гродзенскім дзяржаўным абласным палацы творчасці дзяцей і моладзі.
Дэвіз “АРТ-вакацый-2017” “Моладзь і творчасць — гісторыя будучыні” арганічна падкрэслілі ўдзельнікі заключнага канцэрта выступленнямі ў разнастайных жанрах. Абапіраючыся на традыцыйнае беларускае мастацтва, праклалі творчыя падмосткі не толькі ў сучаснасць, але і ў будучыню. Так, навучэнцы гродзенскіх дзяржаўных тэхналагічнага каледжа і каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва прадэманстравалі бачанне сваёй прафесійнай будучыні: тут быў і жартаўлівы танец афіцыянтаў, і дэманстрацыі прычосак. Тэатр мініяцюр Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя І.Шчаснага прадставіў кампазіцыю “Свет, які мы ствараем”.
Крок у будучыню не магчымы без апоры на традыцыі і дасягненні продкаў, таму і пачаўся заключны канцэрт з блока, дзе былі прадстаўлены народныя традыцыі, песні і танцы. Навучэнцы Лідскага каледжа Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы паказалі тэатралізаванае прадстаўленне “Хвала сонцу”, навучэнцы Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну — “Купалле” ў сучаснай інтэрпрэтацыі. “Беларускія замалёўкі” выканала аркестравая група “Гармонія” Ваўкавыскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, песню “Ехаў Ясь на кані” з запалам праспяваў хор, а танцавальная група “Калейдаскоп” Ашмянскага дзяржаўнага прафесійнага аграрна-тэхналагічнага каледжа суправадзіла спевы танцам.
“Новае гучанне” — такую назву носіць інструментальны ансамбль гуманітарнага каледжа ГрДУ. Новае гучанне надалі музыканты вядомаму твору Курта Кабейна “Проста, як дух” выкананнем на баянах і цымбалах.
Сучаснае мастацтва моладзі — гэта і стрыт-арт, і чырлідынг, і рэп. Апладысментамі падхапілі гледачы аўтарскую песню “Мама Беларусь”, якую ў стылі рэп выканала група “Патрыёты” з Лідскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя меліярацыйнага будаўніцтва.
— У заключным канцэрце прынялі ўдзел прадстаўнікі 18 прафесійных навучальных устаноў вобласці, што складае 50 працэнтаў ад агульнай колькасці ўсіх устаноў, якія прынялі ўдзел у адборачных турах, — расказвае галоўны спецыяліст аддзела выхаваўчай і сацыяльнай работы ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Лілія Курылёнак. — Гэта сведчыць аб высокім выканаўчым узроўні і актыўным удзеле моладзі ў творчых калектывах, аб якаснай рабоце педагогаў дадатковай адукацыі. У гэтым годзе пашырыўся склад удзельнікаў. Так, упершыню прынялі ўдзел і выйшлі ў абласны фінал “АРТ-вакацый” творчыя калектывы тэхналагічнага каледжа ГрДУ, Гродзенскага каледжа бізнесу і права.
Яскрава жыць у цяперашнім часе і быць адказным за яго, думаць пра будучыню і не забываць пра мінулае — такім быў лейтматыў творчага паказу “АРТ-вакацый” у Гродне, і ўсё гэта праз творчасць маладых, якая ім жыць і будаваць дапамагае.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.