Натхняльныя тры “Т”

- 14:15Дадатковая адукацыя, Рознае

У гэтыя дні ў Беларусі праходзіць Тыдзень тэхнічнай творчасці “Юнацтва. Інтэлект. Будучыня”, які сёлета прысвечаны 85-годдзю арганізаванай дзіцячай тэхнічнай творчасці ў Беларусі. На працягу тыдня ва ўстановах дадатковай адукацыі ладзяцца тэматычныя мерапрыемствы.

У Рэспубліканскім цэнтры інавацыйнай і тэхнічнай творчасці тыдзень распачаўся з узнагароджання пераможцаў рэспубліканскіх творчых конкурсаў “ТэхнаЭвалюцыя”, конкурсу па фрызлайце LIGHTGRAFFITI, конкурсу мабільнага відэа “Нябачанае кіно”. Свае ўзнагароды атрымалі і пераможцы конкурсу фотаработ “Перамогі незгасальнае святло”.
Адкрылася ў цэнтры і традыцыйная рэспубліканская выстава “ТэхнаЭвалюцыя”. З панядзелка яе наведвальнікі могуць убачыць тут мадэлі лятаючых апаратаў і ракетна-касмічную тэхніку, стэндавыя і дзеючыя мадэлі плавальных суднаў, робатаў і электронныя цацкі, мадэлі існуючай транспартнай, прамысловай і сельскагаспадарчай тэхнікі, макеты архітэктурных помнікаў, панарамы гістарычных батальных сцэн, рэканструяваныя сярэдневяковыя даспехі і зброю — усяго больш за 700 творчых работ.
Учора прайшоў Рэспубліканскі конкурс па распрацоўцы камп’ютарных гульняў патрыятычнай накіраванасці “ПАТРЫЁТ.by” і форум медыятворчасці і праграмавання “Натхненне”. У іх прынялі ўдзел дзеці і навучэнцы рэспубліканскіх навучальных устаноў, якія цікавяцца індустрыяй інтэрактыўных тэхналогій і добра ведаюць сучасныя камп’ютарныя і мультымедыятэхналогіі. У межах форуму для іх прайшлі майстар-класы “Web-майстэрня”, “Практыкум работы з інтэрнэт-сімулятарам лічбавага фотаапарата”, “Легаканструяванне”. Падчас іх удзельнікі змаглі ажыццявіць свае творчыя ідэі і заявіць пра сябе ў свеце камп’ютарнай індустрыі.
Каб абмяняцца вопытам работы па развіцці навукова-тэхнічнай творчасці моладзі, вызначэнні стратэгіі і перспектыў развіцця дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, для педагогаў дадатковай адукацыі пройдзе семінар “Тэхнічная творчасць: ад пазакласнай і пазашкольнай работы да дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.
На працягу тыдня ў цэнтры праходзяць дні адкрытых дзвярэй для навучэнцаў устаноў Мінска. Для іх жа праводзяцца экскурсіі па вучэбных кабінетах і лабараторыях, у інфармацыйны цэнтр па атамнай энергетыцы.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Канстанціна НЕТЫЛЁВА.