Снежань — любімы месяц для сацыяльнага педагога ЦКРНіР Лунінца Валянціны Ласкай. Дзякуючы захапленню фларыстыкай яна атрымала магчымасць дарыць людзям радасць, ствараючы букеты і разнастайныя навагоднія кампазіцыі. Падрабязнасці – у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.
Амаль дэтэктыў
— Цікавасць да фларыстыкі я адчула, калі была ў дэкрэтным водпуску з сынамі-пагодкамі, — з усмешкай расказвае Валянціна.
Каб авалодаць навыкамі работы з кветкамі, некалькі месяцаў яна ездзіла па выхадных з Лунінца ў Мінск на курсы. Вывучала каларыстыку, нюансы збору букетаў, іх захоўвання і транспарціроўкі — усё было новым, прывабным. Валянціна зразумела, што знайшла для сябе яшчэ адну любімую справу. Першай з’яўляецца работа ў цэнтры, куды яна прыйшла ў 2010 годзе пасля заканчэння БДУ, дзе атрымала спецыяльнасць псіхолага.
— Мне падабаецца мая работа, таму што яна дае магчымасць дапамагаць сем’ям, у якіх выхоўваюцца асаблівыя дзеці. Да таго ж у цэнтры праводзіцца шмат мерапрыемстваў, цікавых праектаў, дзе можна праявіць свае творчыя здольнасці. Цяпер, напрыклад, я з задавальненнем праводжу майстар-класы па стварэнні букетаў для нашых выхаванцаў і іх бацькоў, — дзеліцца Валянціна.
За гэты час яна сабрала не адну сотню букетаў. Прычым да кожнага падыходзіць індывідуальна, імкнецца ўлічваць асабістыя якасці таго, каму будуць падораны кветкі.
— Я не саромеюся задаваць шмат пытанняў: чым займаецца, чым захапляецца, чым жыве будучы ўладальнік букета, якія кветкі яму падабаюцца? Калі чалавек творчы, магу зрабіць асіметрычны букет, нестандартна яго ўпакаваць. Мне важна трапіць, як кажуць, у самае сэрца. Гэта складана, але ж пазітыўныя эмоцыі і радасць — лепшая ўзнагарода для мяне, — тлумачыць фларыст.
Яна прыгадвае цікавыя гісторыі. Аднойчы да яе звярнулася дзяўчына, якая хацела зрабіць сюрпрыз сваёй настаўніцы замежнай мовы ў дзень прафесійнага свята. Сама яна ўжо скончыла школу, ды і настаўніца выйшла на пенсію. Былая вучаніца ведала толькі нумар тэлефона педагога. Валянціна Лаская пагадзілася дапамагчы дзяўчыне. Яна сабрала вялікі прыгожы букет з рамонкаў і руж, замацавала паштоўку са словамі шчырай падзякі, знайшла месца жыхарства настаўніцы — і сюрпрыз удаўся!
Работа з жывымі кветкамі падабаецца Валянціне больш за ўсё. Таму яна крыху сумуе па тым часе, калі ў яе быў свой невялікі магазін. У памяці засталіся прыемныя ўспаміны пра самыя насычаныя святочныя і перадсвяточныя дні, калі неабходна было збіраць не адзін дзясятак букетаў.
— Памятаю першае 8 Сакавіка. Колькі прыгажосці стварылі мае рукі! Пальцы нават прыпухлі і балелі ад аб’ёму работы. Але гэта не перашкаджала адчуваць вялізнае шчасце і задаволенасць, — расказвае суразмоўніца.
Яркія і стойкія
Валянціна Лаская ўважліва сочыць за моднымі тэндэнцыямі ў свеце фларыстыкі. Адна з іх — букеты з сухацветаў. Як высветлілася, для гэтага выкарыстоўваецца вялікая колькасць кветак. Цудоўная лаванда, якая лічыцца каралевай сухацветаў, лагурус, або зайцахвост, пухнатыя суквецці якога сапраўды нагадваюць заечы хвосцік, каласкі фалярысу, воблачкі бавоўны, якія надаюць букетам лёгкасць і далікатнасць… І гэта далёка не ўсё.
— Канечне, перш чым сабраць букет з сухацветаў, неабходна купіць матэрыял. Зараз гэта не праблема. Экзатычныя кветкі самой нарыхтаваць немагчыма, а вось салярыс, стаціцу ў мяне атрымліваецца засушыць. А далей, кіруючыся асноўнымі прынцыпамі, ствараю прыгажосць. Важна ўлічваць, для каго прызначаны букет і дзе ён будзе знаходзіцца — на століку ў кватэры ці кабінеце, на кухні ці ў сталовай. Не кожнаму падабаецца, калі дабаўляю ў букет чартапалох ці пратэю, іншыя экзатычныя кветкі. Хтосьці не любіць бавоўну, — адзначае фларыст.
Букеты з сухацветаў могуць радаваць вока ўладальніка не адзін год! І гэта іх вялікі плюс. Разам з тым трэба ўлічваць шэраг момантаў, якія могуць загубіць такую прыгажосць вельмі хутка. Каб кветкі не страцілі яркасці колераў, іх трэба ставіць у месцы, куды не трапляюць прамыя сонечныя промні. Высокая вільготнасць таксама не сябар сухацветам: у такім асяроддзі яны апусцяць свае бутоны. А яшчэ гэтыя букеты вельмі прыцягальныя для свойскіх жывёл, асабліва коцікаў. Яны так і імкнуцца пакаштаваць іх на зуб.
Апошнім часам папулярнасць набываюць стабілізаваныя кветкі. Іх асаблівасць у тым, што падчас росту расліна напаўняецца спецыяльным растворам. Менавіта ён дапамагае захаваць першародную прыгажосць кветак на доўгі час. Стварыць стабілізаваныя кветкі ў хатніх умовах амаль нерэальна. Затое можна купіць іх (ружы, піёны, гартэнзіі). Такія кветкі лічацца гіпаалергеннымі. Валянціна Лаская таксама ўпрыгожвае імі свае букеты.
Імгненне, спыніся!
Снежань — любімы месяц для маёй суразмоўніцы. Ён напоўнены прадчуваннем свята, чаканнем цудаў. Самы час ствараць вяночкі і разнастайныя тэматычныя кампазіцыі.
— Так прыемна, калі пасля ўдзелу ў маіх майстар-класах людзі працягваюць самастойна ствараць навагоднія вяночкі і дзеляцца са мной фотаздымкамі сваіх работ, — заўважае Валянціна.
Самым каштоўным на такіх майстар-класах яна лічыць атмасферу. Тут на дзве гадзіны спыняецца час — удзельнікі знаходзяцца пад чароўным уплывам творчасці. Натхняе тое, што яны сваімі рукамі вырабляюць прыгожыя рэчы, якія будуць радаваць і напаўняць дом святочным настроем.
Каб стварыць навагодні вянок, неабходна не толькі жаданне, але і пэўныя матэрыялы і інструменты. Пад рукой трэба мець якасныя вострыя секатары, дрот, клеявыя пісталеты, фларыстычную губку. Ніяк не абысціся без упаковачнага матэрыялу і элементаў дэкору — навагодніх цацак, свечак, сушаных долек апельсіна…
— Ідэі для навагодніх кампазіцый нараджаюцца спантанна. Аднак і без папярэдняй падрыхтоўкі не абысціся. Рэгулярна праглядаю шмат сайтаў з работамі іншых фларыстаў, і тыя элементы, якія мне спадабаліся, выкарыстоўваю. Да таго ж далучаю сваю фантазію — з ёй у мяне праблем ніколі не было, — усміхаецца сацыяльны педагог.
Марына ЖДАНАВА