Навакольны свет вачыма дзяцей

- 10:52Навіны рэгіёнаў

У гімназіі Петрыкава пяты раз прайшоў Абласны конкурс даследчых работ і творчых праектаў “Навакольны свет вачыма дзяцей”.

Сёлета ў ім прынялі ўдзел вучні пачатковых класаў з Ельскага, Рагачоўскага, Мазырскага, Петрыкаўскага, Буда-Кашалёўскага, Лельчыцкага, Нараўлянскага, Жыткавіцкага, Хойніцкага, Брагінскага, Калінкавіцкага, Чачэрскага, Добрушскага раёнаў, Гомеля і Светлагорска.

Як паведаміла дырэктар гімназіі Людміла Хільман, у першым, завочным, этапе прынялі ўдзел 103 работы. Да ўдзелу ў другім этапе былі дапушчаны 49 работ, якія канкурсантам належала абараняць у секцыях “З мінулага ў сучаснасць”, “Здароўе”, “Жывая прырода”, “Даследчыкі”, “Стваральнікі”.

— Юныя даследчыкі ў сваіх работах узнялі шмат цікавых пытанняў, вылучылі гіпотэзы, вырашылі нямала праблемных задач, — расказвае Людміла Рыгораўна. — Некаторыя дзіцячыя даследаванні проста ўражвалі сур’ёзнасцю абранай тэмы і той працай, якую прыйшлося правесці падчас падрыхтоўкі.

Так, сапраўды вялікую цікавасць як у журы, так і ў прысутных выклікала калектыўная работа вучняў 2 “В” класа гімназіі Петрыкава “Ёгурт: карысць або шкода?”. Прааналізаваўшы 20 ёгуртаў розных марак, даследчыкі прыйшлі да высновы, што чым большы тэрмін прыдатнасці ёгурту, тым менш у ім карысці. А з дапамогай рэактыву метыленавага блакітнага вызначылі прысутнасць у ім жывых бактэрый. А вось крухмал як дабаўка адсутнічаў толькі ў двух ёгуртах. Яшчэ вучні прапанавалі два рэцэпты гэтай смачнай стравы, якую можна прыгатаваць дома і быць упэўненым у яе карысці.

Ці ведаеце вы, як уплывае электрычны ток на развіццё і рост сельскагаспадарчых раслін: агуркі, фасолю, радыску? Вучні 4 “Б” класа Петрыкаўскай гімназіі Іван Мяцельскі і Насця Пашкевіч далі адказ на гэтае пытанне ў сваёй даследчай рабоце пад назвай “Уплыў электрычнага току на рост і развіццё сельскагаспадарчых раслін”. Прапускаючы слабы электрычны ток праз зямлю, на якой раслі расліны, вучні прыйшлі да высновы, што слабы ток стымулюе рост раслін і дазволіць сабраць два ўраджаі за адзін сезон. Пасля адключэння току, праз чатыры тыдні, ні фасоля, ні радыска не змаглі дагнаць сваіх братоў з “электрычнай” градкі, а вось агуркі выраўняліся ўжо праз тры тыдні. Іван і Насця прызнаюцца, што ім было вельмі цікава выконваць даследаванні, бо яны ўпэўнены, што высновы, атрыманыя ў ходзе іх даследчай працы, могуць прынесці карысць людзям.

Вучні 2 “А” класа Козенскай сярэдняй школы Мазырскага раёна пазнаёмілі прысутных з работай “Чароўны свет фарбаў”. Дзяўчынкі і хлопчыкі расказалі пра тое, як яны зрабілі фарбу ў хатніх умовах, паказалі малюнкі, выкананыя ў розных тэхніках рознымі тыпамі фарбаў, а таксама растлумачылі розніцу паміж акварэльнымі і вінтажнымі фарбамі, паведамілі, навошта ў фарбу трэба дабаўляць муку, соду і іншыя рэчывы. А яшчэ навучэнцы прапанавалі ўсім прысутным паспрабаваць маляваць самаробнымі фарбамі. Цікава, што, працуючы над тэмай, вучні наведалі Калінкавіцкі завод бытавой хіміі, дзе вырабляюць фарбу.

Вучаніца 2 “В” класа гімназіі Петрыкава Ангеліна Кавальская пазнаёміла журы з работай “Хто ў бочцы жыве?”. Выставіўшы гіпотэзу, што ў бочцы жывуць лічынкі жабы, дзяўчынка правяла назіранні, прадставіўшы журы відэа. Ангеліна даказала, што ў бочцы жывуць зусім не лічынкі жабы (апалонікі), а лічынкі камара звычайнага. Яна растлумачыла прысутным, як, прайшоўшы ўсе стадыі развіцця (яйцо, лічынка, кукалка), атрымліваецца дарослы камар.

З работай “Кветачка для Дзюймовачкі” пазнаёміла прысутных вучаніца 1 “А” класа Гомельскай Ірынінскай гімназіі Марыя Іншакова. Прачытаўшы казку з адпаведнай назвай, Марыя зацікавілася, якога росту была Дзюймовачка і з якой кветачкі яна з’явілася. Прааналізаваўшы інфармацыю з казкі, Марыя вырасціла колас з ячменю і прыйшла да высновы, што ячменная кветачка не магла служыць хаткай для Дзюймовачкі. Марыя прапанавала некалькі раслін, кветкі якіх маглі служыць хаткай для маленькай дзяўчынкі, і размясціла фотаздымкі кветак і іх насення. А яшчэ яна пазнаёміла прысутных з мерай даўжыні — цаляй.

У секцыі “Стваральнікі” вучань 2 “Б” класа сярэдняй школы № 1 Светлагорска Арсеній Жулега ўпэўнена абараняў сваю работу “Вымяраем час самі самаробнымі гадзіннікамі”. Ён пазнаёміў журы з пясочнымі, сонечнымі, воднымі гадзіннікамі, зробленымі сваімі рукамі, пры дапамозе якіх можна вызначыць час рознай працягласці: ад 15 хвілін да адной гадзіны. А яшчэ Арсеній паказаў, як выкарыстоўваць свечку для разліку даўжыні часу. Варта адзначыць, што хлопчык крытычна падышоў да сваёй працы, адразу расказаўшы пра недахопы, над якімі будзе працаваць далей.

“Мыйны сродак для посуду: выбар за намі” — пад такой назвай прадставілі журы сваю работу вучні Тварычэўскага дзіцячага сада — базавай школы Мазырскага раёна Ангеліна Таргоня і Дамір Паповіч. Вучні расказалі пра гісторыю мыйных сродкаў і прааналізавалі, як уздзейнічае на расліны адзін з іх. Юныя даследчыкі паклалі кавалачкі тканіны з насеннем фасолі на сподачкі са звычайнай вадой і вадой, якая ўтрымлівала мыйны сродак. Насенне ў сподачку з мыйным сродкам не змагло прарасці і загінула на восьмы дзень. Дзеці прыйшлі да высновы, што лепш не выкарыстоўваць хімічныя сродкі для мыцця посуду, бо яны могуць прынесці шкоду арганізму чалавека.

Марыя Дзегцярэнка і Ганна Зайцава з сярэдняй школы № 12 Светлагорска падрыхтавалі праект пад назвай “Новае жыццё старых рэчаў”, мэтай якога было другаснае выкарыстанне старых рэчаў і матэрыялаў. Вучні правялі вялікую работу па вывучэнні літаратурных крыніц, з якіх даведаліся, што цэгла раскладаецца 100 гадоў, шкло — 1000, а алюмініевыя бляшанкі — 500. Здзівілі прысутных дзяўчынкі сваімі прапановамі па выкарыстанні непатрэбных рэчаў: кнігі ператварыць у скарбонку, кашулі — у навалачкі, тэнісныя ракеткі — у рамкі для люстэрак. Дзяўчынкі прадэманстравалі мадэль сумкі, зробленую сваімі рукамі з футболкі, і дыванка з розных непатрэбных матэрыялаў.

“Атрыманне біяраскладальнай пластмасы і вывучэнне яе ўласцівасцей” — пад такой назвай Арцём Кацічаў з 4 “А” класа сярэдняй школы № 5 Рагачова прадставіў журы сваю работу. Арцём расказаў, што ўвесь пластык можна падзяліць на сем груп з такімі ж нумарамі, якія ставяцца ў трохвугольнічку на розных вырабах. Вырабы з лічбамі 3 і 7 не адносяцца да ліку тых, якія можна перапрацоўваць другі раз. Іх лепш не выкарыстоўваць у побыце. А яшчэ хлапчук прапанаваў атрымаць экалагічна чысты пластык са звычайнага малака, вылучыўшы з яго бялок казеін пад уздзеяннем сталовага воцату. Ён вырабіў з самаробнага пластыку звычайны посуд, які добра мыўся, не ламаўся і, самае галоўнае, пад уздзеяннем мікробаў добра раскладаўся ў зямлі, не забруджваючы навакольнае асяроддзе.

Калі скончылася абарона даследчых работ, па традыцыі ўдзельнікам конкурсу “Навакольны свет вачыма дзяцей” было прапанавана напісаць пра свае ўражанні і пажаданні на стыкерах і прыклеіць іх на месца свайго раёна імправізаванай карты Гомельскай вобласці. “Прымаем удзел ужо трэці раз! Дзякуй! Атрымалі мноства ўражанняў і эмоцый!”, “Хачу да вас прыехаць зноў!”, “Мне вельмі спадабалася! Выдатны настрой пасля мерапрыемства. Бура эмоцый!” — вось такія цёплыя водгукі пісалі дзеці. Пасля, пакуль журы падводзіла вынікі, канкурсанты глядзелі мюзікл “Вясёлы Роджэр” у пастаноўцы гімназічнага тэатральнага калектыву “Купалінка”. А затым настаў самы хвалюючы і адказны момант: уручэнне пахвальных лістоў і дыпломаў, якімі былі ўзнагароджаны юныя канкурсанты.

— Спадзяюся, што атрыманы вопыт напісання і абароны даследчых работ і творчых праектаў дазволіць юным вынаходцам стаць упэўненымі ў сабе і смела крочыць у будучыню, — гаворыць Людміла Хільман. — А яшчэ вельмі хочацца выказаць шчырую падзяку раённаму вучэбна-метадычнаму кабінету, маім намеснікам і настаўнікам гімназіі, усім работнікам гімназіі і вучням за высокі ўзровень правядзення абласнога мерапрыемства. Без гэтай дружнай каманды наўрад ці што атрымалася б.

Наталля ЛУТЧАНКА.