Навіны спорту… з дырэктарам

- 10:32Навіны рэгіёнаў

Інфармацыйная гадзіна “Навіны спорту з трэнерам” у форме баскетбольнай панарамы прайшла ў 6 класе Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы, што называецца, на ўра. Цікавасць да госця ўзрасла яшчэ больш ад таго, што трэнер — гэта яшчэ і дырэктар установы, які зараз сумяшчае адміністрацыйную дзейнасць з практычнай работай у якасці трэнера школьнай баскетбольнай каманды.

Дзмітрый Аляксандравіч аказаўся не толькі добрым спартсменам, кіраўніком, а яшчэ і цудоўным расказчыкам. Ён не пакінуў без увагі ніводнага спартсмена школы. А як было цікава слухаць аднаму з лепшых спартсменаў класа Эдзіку Хамету пра свайго дзядзьку Сяргея Чайкоўскага — неаднаразовага чэмпіёна Беларусі па лёгкай атлетыцы сярод юнакоў і юніёраў! Яго рэкорд у бегу на 800 м па сённяшні дзень так ніхто і не здолеў пераадолець у Слонімскім раёне. Здавалася, невялікая ўстанова ў сельскай мясцовасці, а колькі спартыўных дасягненняў мае і ў лёгкай атлетыцы, і ў баскетболе са стрытболам.Дзеці з цікавасцю слухалі інфармацыю аб спартыўных дасягненнях не толькі мінулых, але і сучасных. Навучэнцы школы непераможныя ў баскетболе і стрытболе ў раёне на працягу апошніх 7 гадоў, пераможцы абласной школьнай баскетбольнай лігі, сярэбраныя прызёры Рэспубліканскай спартакіяды па стрытболе сярод юнакоў па месцы жыхарства. А найвышэйшым вынікам стала выступленне вучня 11 класа Уладзіслава Блізнюка на чэмпіянаце Еўропы ў складзе юнацкай зборнай Беларусі па баскетболе ў 2015 годзе. Дарэчы, зараз 17-гадовы Уладзіслаў гуляе ў складзе юнацкай каманды “Цмокі” ў міжнароднай Еўралізе і ў складзе “БДЭУ РЦАП” (Мінск) у матчах Вышэйшай лігі чэмпіянату Беларусі па баскетболе сярод дарослых.
25 медалёў налічылі шасцікласнікі, прымяраючы на сябе заслугі госця.
“Быў здзіўлены, што Дзмітрый Аляксандравіч паспяваў яшчэ і добра вучыцца ў свае школьныя гады, усяго толькі дзве “чацвёркі” па пяцібальнай сістэме” (дарэчы, дырэктар з’яўляецца выпускніком Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы 1988 года), “Хацела б яшчэ сустрэцца з гэтым чалавекам”, “Абавязкова буду займацца спортам і далей” — такія водгукі пакінулі вучні пасля сустрэчы.
“У кожнага чалавека павінна быць сапраўдная мэта, і не важна, будзе гэта спартыўная або іншая сфера, бо ў любым з нас ёсць задаткі, якія трэба развіваць. Запрашаю вас пакінуць забавы з камп’ютарамі, тэлефонамі, прыходзіць у спартыўную залу, на пляцоўку, наведваць аб’яднанні па інтарэсах, развіваць сябе рознабакова. Стаўце задачы перад сабой, каб праз гады вашы педагогі, трэнеры маглі сказаць, што дапамаглі вам у развіцці, а вы самі пераўзышлі іх, педагогаў, дасягненні”, — такімі словамі дырэктара і трэнера закончылася сустрэча.

Вольга БЛІЗНЮК,
класны кіраўнік 6 класа Новадзявяткавіцкай сярэдняй школы Слонімскага раёна.