Навука і практыка

- 16:21Адукацыйная прастора, Навіны рэгіёнаў

У Гродзенскім абласным інстытуце развіцця адукацыі прайшла абласная педагагіяда “Дыялог вопыту і маладосці, навукі і практыкі”.

Яна складалася з навукова-практычнай канферэнцыі і абласной навуковай алімпіяды. Удзел у гэтых мерапрыемствах традыцыйна прымаюць творчыя навучэнцы профільных класаў педагагічнай накіраванасці з усёй вобласці.

Навукова-практычная канферэнцыя “Адукацыя і моладзь. Навуковы пошук” для навучэнцаў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Гродзенскай вобласці прайшла ў дыстанцыйным фармаце, у ёй прынялі ўдзел 89 навучэнцаў. Дацэнт кафедры псіхолага-педагагічнага суправаджэння адукацыі ГрАІРА Галіна Бархерыт адзначыла высокі навуковы ўзровень і змястоўнасць дакладаў навукова-практычнай канферэнцыі. Усе матэрыялы канферэнцыі былі прадстаўлены на выставе. 

А навуковая алімпіяда па педагогіцы сабрала прадстаўнікоў педагагічных класаў раёнаў вобласці ў ГрАІРА. Тут яны змаглі прадэманстраваць свае веды, праявіць творчыя здольнасці і пазмагацца за званне лепшых. Навуковая алімпіяда складалася з трох конкурсных заданняў. На працягу некалькіх гадзін удзельнікі вырашалі рэальныя псіхолага-педагагічныя сітуацыі, выконвалі тэставыя заданні, мадэлявалі педагагічную дзейнасць.

Удзельнікаў педагагіяды вітала рэктар Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі Святлана Сяргейка:

— Ужо стала добрай традыцыяй тое, што ў красавіку наш інстытут становіцца цэнтрам педагагічнай будучыні, пяць гадоў запар да нас прыязджаюць і вопытныя педагогі, якія рыхтуюць будучых настаўнікаў, і самі будучыя настаўнікі. Менавіта юнакам і дзяўчатам, якія выберуць педагагічную прафесію, выпадзе місія каваць будучыню нашай краіны. І вельмі важна, каб яны любілі сваю Радзіму. Толькі той, у каго гараць вочы, адкрытая душа, хто сапраўды любіць дзяцей, свой прадмет і Радзіму, стане ідэальным педагогам.

Настаўніца гісторыі і грамадазнаўства сярэдняй школы № 2 Свіслачы імя М.П.Масонава Ірына Малафей з педагагічнымі класамі працуе ўжо не першы год.

— На педагагіядзе нашу школу прадстаўляюць адзінаццацікласнікі, — расказала Ірына Малафей. — Група створана на базе класа фізіка-матэматычнага профілю, аднак прыйшлі сюды і тыя, хто ўжо сёння бачыць сябе педагогам-гуманітарыем. У мінулым годзе мы таксама прымалі ўдзел у педагагіядзе і занялі 1-е месца. Таксама летась удзельнічалі ў фестывалі педагагічных класаў і заваявалі прызавыя месцы.

Навучэнка сярэдняй школы № 2 Свіслачы імя М.П.Масонава Таццяна Валынчык — гуманітарый, пастаянна ўдзельнічае ў алімпіядах па рускай мове, а яшчэ яна музыкант, іграе на скрыпцы. Дзяўчына расказала, што ёй падабаецца вучыцца ў педагагічным класе, а таксама прымаць удзел у такіх мерапрыемствах, як педагагіяда, бо гэта пашырае кругагляд.

Пераможцай абласной педагагіяды стала каманда сярэдняй школы № 5 Слоніма. Дыплом II ступені атрымала каманда сярэдняй школы № 9 Ліды, III ступені — сярэдняй школы аграгарадка Пагранічны Бераставіцкага раёна. За творчы падыход да падрыхтоўкі візітоўкі адзначаны каманды Кальчунскай сярэдняй школы Ашмянскага раёна, сярэдняй школы № 2 Смаргоні і сярэдняй школы № 3 Шчучына. Па выніках навукова-практычнай канферэнцыі ўсе ўдзельнікі атрымалі сертыфікаты.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота аўтара.