Навука, інавацыі, камунікацыя

- 12:11Культура

Гэтыя словы вызначылі тэму IV Нацыянальнага форуму “Музеі Беларусі”, які сабраў у горадзе над Бугам больш за 120 удзельнікаў з ліку нацыянальных, рэспубліканскіх, абласных, раённых і школьных музеяў, турыстычных фірм і кампаній, што працуюць у музейнай індустрыі. Арганізатарамі двухдзённага мерапрыемства, экспазіцыйныя пляцоўкі якога разгарнуліся ў лёгкаатлетычным манежы, выступілі Міністэрства культуры Беларусі і Брэсцкі аблвыканкам.

Адкрываючы форум, першы намеснік міністра культуры Беларусі Н.У.Карчэўская адзначыла, што ён з’яўляецца выдатнай прафесійнай пляцоўкай для паказу дасягненняў і абмену вопытам работы айчынных музеяў, дзе спецыялісты могуць абмерка­ваць актуальныя пытанні і прадэманстраваць новыя, у тым ліку сусветныя, падыходы ў музейнай справе, дамовіцца з калегамі аб сумесных праектах. Тэматыка сёлетняга форуму заклікана зблізіць арганізацыі навукі і культуры, акрэсліць перспектыўныя і ўзаемавыгадныя напрамкі сумеснай дзейнасці, падтрымаць навуковыя даследаванні ў музеях, стымуляваць шырокае выкарыстанне сучасных інфармацыйных тэхналогій у развіцці музейнай справы і прасоўванне інавацыйных падыходаў да яе, накіраваных на захаванне і інтэрпрэтацыю гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, адаптаваць музейную сферу да зменлівых умоў сацыяльна-эканамічнага і культурнага жыцця.

— Музей — гэта месца, дзе падтрымліваецца сувязь пакаленняў, захоўваюцца важныя гістарычныя і нацыянальныя каштоўнасці. Місія музеяў заключаецца ў духоўным узбагачэнні, патрыятычным выхаванні, вывучэнні і спасціжэнні мінулага і сучаснасці, развіцці міжнароднага супрацоўніцтва ў гуманітарнай сферы, — зачытала Н.У.Карчэўская прывітальны зварот намесніка Прэм’ер-міністра Беларусі І.В.Петрышэнкі ўдзельнікам форуму.

Намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Г.І.Барысюк расказаў пра музейна-турыстычны патэнцыял рэгіёна, які вылучаецца адметнай культурнай спадчынай з багатай гісторыяй.

Старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і навуцы Нацыянальнага сходу Палаты прадстаўнікоў Беларусі, доктар гістарычных навук, прафесар І.А.Марзалюк падзяліўся сваім бачаннем сучасных функцый і задач музеяў. Па словах Ігара Аляксандравіча, музей — гэта сустрэча людзей у стагоддзях, якая адыгрывае важную адукацыйна-асветніцкую ролю.

— Культурныя каштоўнасці не вымяраюцца грашыма. І ў гэтым іх перавага над усім хуткаплынным. Беларускай нацыянальнай музейнай школе ёсць чым ганарыцца! — лічыць І.А.Марзалюк.

Падчас дзелавой праграмы ўдзельнікі форуму з Беларусі, Расіі, Арменіі, Украіны, Латвіі і Кітая абмяркоўвалі асаблівасці сучаснага музейнага менеджменту, асветніцкія і адукацыйныя праграмы для наведвальнікаў музейных устаноў, музейную тэорыю і практыку ў люстэрку дысертацыйных даследаванняў, формы музейнай камунікацыі і развіццё міжкультурнага ўзаемадзеяння, практыку самапазіцыянавання музеяў і бібліятэк, месца і ролю музеяў у палітыцы ўстойлівага развіцця і грамадстве інтэрнэт-эканомікі, інавацыйныя падыходы да зберажэння спадчыны ў лічбавую эпоху, трэнды ў вытворчасці сучаснага вітрыннага абсталявання і інш. Дэманстрацыйная праграма форуму ўключала прэзентацыю музеяў і культурна-адукацыйных праектаў.

На мерапрыемстве былі годна прадстаўлены музеі ўстаноў адукацыі, экспазіцыі якіх вылучаліся творчым падыходам і выклікалі вялікую цікавасць у наведвальнікаў: народны літаратурна-краязнаўчы музей Дастоеўскай сярэдняй школы імя Ф.М.Дастаеўскага Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці, музей вайны ў Афганістане сярэдняй школы № 13 імя В.І.Хована Брэста, народны гісторыка-краязнаўчы музей сярэдняй школы № 3 імя Героя Савецкага Саюза Я.А.Томкі Мёр Віцебскай вобласці, політэхнічны музей сярэдняй школы № 30 Гомеля, музей гісторыі адукацыі Шчучыншчыны гімназіі Шчучына Гродзенскай вобласці, комплексны краязнаўчы музей Дараганаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці, народны музей станаўлення і развіцця школы-інтэрната Уздзенскай дзяржаўнай санаторнай школы-інтэрната для дзяцей з саматычнай паталогіяй Мінскай вобласці і музей баявой славы сярэдняй школы № 83 імя Г.К.Жукава Мінска. Іх педагогі і вучні падрыхтавалі тэматычныя гульнявыя, творчыя, інтэрактыўныя і тэатралізаваныя прэзентацыі (“Род Дастаеўскіх на іванаўскай зямлі”, “Афганістан баліць у маёй душы…”, “Шлях, які мы выбіраем”, “Праз музей у касмічныя далі”, “Ад бяросты да кнігі”, “Дараганаўскі музей — незвычайная таямніца мінулага”, “Гісторыя школы ў асобах” і “Фарміраванне камунікатыўнай прасторы”). Кожны з прадстаўленых музеяў заслугоўвае асобнай гаворкі.

У рамках форуму былі вызначаны лепшыя музеі ў навукова-асветніцкай, экспазіцыйнай, выставачнай і фондавай рабоце, выдавецкай справе і рабоце з партнёрамі. Удзельнікі мерапрыемства азнаёміліся з новымі экспазіцыямі ў музеях мемарыяльнага комплексу “Брэсцкая крэпасць-герой” і абноўленым археалагічным музеі “Бярэсце”.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.
Фота аўтара.