Навука — найважнейшы фактар прагрэсу

- 10:53Актуально, Апошнія запісы

Учора завяршыўся ІІ з’езд вучоных, які праходзіў у сталіцы на працягу двух дзён. У пленарным пасяджэнні, якое ў сераду праходзіла ў Палацы Рэспублікі, прыняў удзел прэзідэнт краіны Аляксандр Лукашэнка. Выступаючы перад дэлегатамі і гасцямі з’езда, кіраўнік дзяржавы акрэсліў асноўныя кірункі развіцця беларускай навукі.

Вітаючы ўдзельнікаў вышэйшага інтэлектуальнага форуму краіны, кіраўнік дзяржавы сказаў, што такія мерапрыемствы павінны праводзіцца часцей, паколькі перад Беларуссю стаяць амбіцыйныя мэты, рэалізаваць якія без навукі немагчыма. “У сучасным свеце навука — найважнейшы фактар прагрэсу. Мы гэта добра разумеем, менавіта таму пастаянна ўдзяляем увагу дынамічнаму развіццю гэтай сферы. 10 гадоў назад на I з’ездзе вучоных прадстаўнікі навуковай грамадскасці краіны ўпершыню сабраліся разам, каб абмеркаваць стан, надзённыя праблемы айчыннай навукі, намеціць шляхі развіцця, — падкрэсліў прэзідэнт. — Ужо тады магістральным напрамкам мы вызначылі яе прыкладны характар. На гэта былі нацэлены як акадэмічныя, галіновыя, так і ўніверсітэцкія навуковыя структуры”.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што менавіта навуковае асяроддзе фарміруе эліту беларускага грамадства, як і ў любой іншай дзяржаве: “Вы, вучоныя, без перабольшання, уяўляеце сабой інтэлектуальны цвет нацыі. І калі вам пакараюцца новыя вяршыні, я як кіраўнік дзяржавы шчыра радуюся гэтаму. Нам ёсць чым ганарыцца: у Беларусі працуюць вучоныя з сусветнымі імёнамі. Ваш талент, невычэрпная энергія, вопыт і веды служаць на карысць беларускага народа і нашай маладой суверэннай дзяржавы”.

“У фундаментальнай навуцы даследаванні нашых вучоных у галіне фізікі, матэматыкі, інфарматыкі, матэрыялазнаўства з часам становяцца асновай стварэння новых тэхналогій, вытворчасцей і цэлых галін эканомікі, — адзначыў прэзідэнт. — Так, дзякуючы выкарыстанню перадавых ведаў, створаны беларускі спадарожнік дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі і сістэма мікраспадарожнікавай сувязі. У адкрытым акцыянерным таварыстве “Пеленг” асвоілі мэтавую спадарожнікавую апаратуру з распазнаваннем дакладней за адзін метр. “Інтэграл” наладзіў выпуск новых электронных кампанентаў для эксплуатацыі ў космасе. Усё гэта садзейнічала таму, што Беларусь прынята ў члены Камітэта ААН па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах”.

У Беларусі праблема харчовай бяспекі вырашана з апорай на новыя — пераважна айчынныя — навуковыя тэхналогіі. “Мы сталі не толькі самадастатковай у гэтых адносінах, але і экспартна арыентаванай краінай (доля экспарту сельскагаспадарчай прадукцыі і прадуктаў харчавання ў аб’ёме экспарту тавараў у 2016 годзе склала 17,7%), — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — За 10 гадоў вытворчасць прадукцыі сельскай гаспадаркі павялічылася на 30%. Гэта дасягнута дзякуючы істотнаму абнаўленню матэрыяльна-тэхнічнай базы, пераходу на сучасныя тэхналогіі вытворчасці і прымяненню найноўшых навукова-тэхнічных распрацовак”.

Паводле ацэнкі прэзідэнта, радуюць вынікі работы беларускіх вучоных-медыкаў і фармацэўтаў. Толькі ў 2016 годзе ўкаранёны ў практыку больш за 250 новых медыцынскіх тэхналогій у такіх важных галінах, як кардыялогія, траўматалогія, анкалогія, ахова мацярынства і дзяцінства. Беларусь знаходзіцца ў шэрагу сусветных лідараў у галіне транспланталогіі.

Прэзідэнт адзначыў важнасць таго, што Беларусь актыўна ўзаемадзейнічае са многімі арганізацыямі і краінамі ў рамках міжнародных навуковых праграм і праектаў, у тым ліку з Расіяй, Кітаем, Індыяй, Турцыяй, Францыяй і інш. На думку Аляксандра Лукашэнкі, выніковасць беларускай навукі адлюстроўваюць паказчыкі міжнародных рэйтынгаў. Так, па індэксе ведаў Беларусь займае 45-е месца сярод амаль 200 краін. Мы палепшылі гэты паказчык за апошнія пяць гадоў на 14 пунктаў.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў краіне па праве могуць ганарыцца дасягненнямі школьнікаў і студэнтаў на міжнародных алімпіядах. Найбольш адораныя атрымліваюць падтрымку спецыяльнага фонду прэзідэнта. Аднак, лічыць кіраўнік дзяржавы, настаў час вывесці работу з такой моладдзю на якасна новы ўзровень: аб’яднаць рэсурсы найбольш таленавітых вучоных і педагогаў у рабоце з падрастаючым пакаленнем на высокатэхналагічных навуковых пляцоўках.

“Калі трэба стварыць які-небудзь дзіцячы навукова-тэхналагічны парк, арганізаваны з удзелам вядучых УВА краіны, давайце яго створым. Можа, не парк, а шмат такіх паркаў пры УВА, якія гэтага захочуць. Даручаю Міністэрству адукацыі разам з акадэміяй навук, аблвыканкамамі і Мінскім гарвыканкамам вырашыць гэтае пытанне да 1 верасня 2018 года”, — паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, закладваць цікавасць да навукі трэба яшчэ са школьнай парты. “Часта ва ўстановах вышэйшай адукацыі не ведаюць, колькі адораных выпускнікоў школ сталі іх студэнтамі.

Лунцужок паміж школай і УВА перарываецца. Каб учарашнія школьнікі сталі студэнтамі, якія ўдзельнічаюць у навуковых даследаваннях, а ў будучыні — аспірантамі і маладымі вучонымі, выкладчыкі павінны ўдзяляць увагу літаральна кожнаму з іх. І гэта няцяжка”, — адзначыў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу, што ў краіне створаны банк даных адоранай моладзі і што гэтым неабходна карыстацца ў поўнай меры, прыцягваючы таленавітых маладых людзей у навуковую сферу. “А іх жа мора ў Беларусі. Я з імі сустракаўся, глядзеў на іх работы: 3D-прынтары прыдумваюць школьнікі. Дык вазьміце іх пад сваё крыло”, — даручыў кіраўнік дзяржавы.

“Не менш вострай з’яўляецца праблема ўцечкі мазгоў. Яе рэальны маштаб ацаніць складана, паколькі адбываецца не толькі знешняя, але і ўнутраная інтэлектуальная міграцыя. Многія маладыя людзі, застаючыся ў нашай краіне, мяняюць навуковую дзейнасць на больш высокааплатную работу ў сферы бізнесу. Нам неабходна стварыць для маладога пакалення самыя спрыяльныя ўмовы для творчасці, падтрымаць маладзёжныя пачынанні”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Асаблівая роля ў гэтым належыць універсітэцкай навуцы. Сёння ўніверсітэты павінны займацца не толькі адукацыяй і навуковымі распрацоўкамі, але і пашырэннем сваіх праектаў у эканоміцы і іншых сферах. Для рэалізацыі такога падыходу ўжо ўкараняецца мадэль “Універсітэт 3.0”, звярнуў увагу прэзідэнт.

“Ураду, парламенту разам з навуковай грамадскасцю неабходна забяспечыць адзінства адукацыі, навукі і вытворчасці. Калі не будзе патрэбнасці ў інавацыях з боку прамысловага сектара, то не будзе попыту на новыя навуковыя распрацоўкі і высокакваліфікаваныя кадры, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — Не менш значнай бачыцца роля ўніверсітэцкай навукі ў планаванні падрыхтоўкі кадраў, у тым ліку вышэйшай навуковай кваліфікацыі, з улікам доўгатэрміновых перспектыў навукова-тэхнічнага прагрэсу”. Пры гэтым важна не толькі прывесці моладзь у навуку, але і ўтрымаць яе, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. А для гэтага неабходны дастойная аплата працы, вырашэнне жыллёвай праблемы, цікавыя, карысныя для дзяржавы навуковыя тэмы, калектывы аднадумцаў, настаўніцтва, адсутнасць бюракратычнай руціны.

Кіраванне навуковай сферай павінна быць зладжаным, а не мець вузкаведамасны падыход. Прэзідэнт заўважыў, што ў свеце існуюць розныя схемы кіравання навукай, універсальнай няма. “За гады незалежнасці ў нас выпрацавана свая сістэма. Мы не толькі захавалі, але і павысілі ролю Нацыянальнай акадэміі навук, а таксама развіваем галіновую і ўніверсітэцкую навуковыя сферы. Пытанне цяпер не ў тым, каб штосьці ламаць і перабудоўваць. Важна дабіцца эфектыўнай работы кожнага са звёнаў, дакладнага іх узаемадзеяння”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Падыходы да выбараў акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў Нацыянальнай акадэміі навук павінны быць больш празрыстымі і аб’ектыўнымі. “Мала ўвагі ўдзяляецца як фарміраванню актуальнай тэматыкі дысертацый, так і ўкараненню навуковых распрацовак у практыку. Ды і падыходы да выбараў акадэмікаў і членаў-карэспандэнтаў неабходна зрабіць больш празрыстымі і аб’ектыўнымі. Гэтыя ганаровыя званні павінны атрымліваць сапраўды аўтарытэтныя вучоныя, якія маюць не толькі важкія дасягненні, але і прызнаныя навуковыя школы, уласных вучняў”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт даручыў на працягу першага паўгоддзя 2018 года выпрацаваць комплексную сістэму матывацыі навуковай і педагагічнай дзейнасці з улікам рэальнай сітуацыі ў эканоміцы. Такое даручэнне кіраўнік дзяржавы даў, выслухаўшы выступленне рэктара Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Уладзіміра Шымава. Рэктар прапанаваў выпрацаваць дакладны алгарытм, увязаўшы зарплату прафесарска-выкладчыцкага складу з сітуацыяй у эканоміцы краіны.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Уладзімір Шымаў раней працаваў міністрам эканомікі, добра валодае гэтымі пытаннямі, таму няхай ва УВА і прапрацуюць гэтае пытанне. Уладзімір Шымаў у сваім выступленні звярнуў увагу на важнасць развіцця ўніверсітэцкай навукі, забеспячэння кадравага патэнцыялу вышэйшай школы.

Беларуская вышэйшая адукацыя павінна арыентавацца на заўтрашні дзень. “У нас кіраўніцтва УВА, рэктары забранзавелі, некаторыя зараслі цінай. Я ўжо не гавару аб выкладчыках. Яны не рыхтуюць людзей, якія ўжо сёння працаваць могуць, не кажучы аб заўтрашнім дні. У нас многія ўніверсітэты і выкладчыкі са сваімі жоўтымі канспектамі цягнуцца ў хвасце падзей”, — канстатаваў Аляксандр Лукашэнка. На яго думку, студэнтаў з першых курсаў неабходна вучыць на практыцы. Так яны змогуць не толькі ўбачыць вытворчыя працэсы, але і зразумець, ці той шлях выбралі.

“Я ўжо не гавару аб тым, што ўніверсітэцкая навука, выкладанне наогул катастрафічна адсталі ад развіцця нашай вытворчасці і яе мадэрнізацыі. І многія выкладчыкі, калі прыходзяць на вытворчасць, бачаць, што тое, што яны выкладаюць, — учарашні дзень. Таму прыдумалі тэрмін “практыка-арыентаваная адукацыя”. Я намякаю на тое (у школах мы заканчваем ужо гэты працэс), што трэба пачынаць і ва ўніверсітэтах перабудоўваць, перарабляць, перакройваць праграмы. Трэба арыентаваць адукацыю на заўтрашні дзень”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Гэтыя задачы павінны вырашаць не толькі Міністэрства адукацыі, але і іншыя ведамствы, якія курыруюць профільныя УВА. “Выхоўвайце новае пакаленне, якое будзе працаваць тут. Але без выкладчыка і кіраўніка УВА немагчыма вырашыць гэтую праблему”, — упэўнены беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вядучыя прадстаўнікі ІТ-сферы гатовы падключыцца да ўдасканалення вучэбнага працэсу ва УВА Беларусі. Галоўнае, каб іх ініцыятыўнасць не затармазіла існуючыя праблемы. “Яны ўзначальваюць вельмі прыбытковыя кампаніі. Адзін з іх сказаў, што за год асабіста заплаціў толькі падаходнага падатку на 1,2 млн долараў. І яны гатовы сёння інвесціраваць у нашу адукацыю”, — звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт лічыць недастатковай цяперашнюю дынаміку развіцця ў краіне высокатэхналагічных вытворчасцей. Доля інавацыйнай, новай для сусветнага рынку беларускай прадукцыі нязначная — да 2 працэнтаў. Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, такая сітуацыя ў многім складваецца з-за невысокіх тэмпаў распрацоўкі і ўкаранення перадавых тэхналогій. “Некаторыя айчынныя прадпрыемствы дэманструюць недастатковую цікавасць да інавацый, а навуковыя арганізацыі не праяўляюць належнай настойлівасці ў пашырэнні новаўвядзенняў. Па выніках пяцігодкі мы дадзім прынцыповую ацэнку гэтым тэндэнцыям”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Затраты на навуковую сферу павінны прыносіць аддачу. На навуку ў Беларусі заўсёды выдзяляюцца сродкі: фінансавыя выдаткі з бюджэту краіны ў 2015—2016 гадах складалі па 0,5% валавога ўнутранага прадукту штогод. “У перспектыве мы будзем паступова павялічваць асігнаванні. Але ёсць і іншы бок пытання — эфектыўнасць выкарыстання капіталаўкладанняў, аддача ад выдаткаў на навуку. Ад усіх арганізацый і галін мы патрабуем галоўнага — выніку. Не будзе выніку — не будзе грошай. Навука ад выканання гэтага патрабавання не павінна быць убаку. Мы не настолькі багатыя, каб траціць рэсурсы на бясплодную дзейнасць. Як гаворыцца, пустацветы нікому не патрэбны. Дарэчы, гэтая фраза ўзнікла ў навуковым асяроддзі яшчэ ў савецкі час”, — звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.

У Беларусі трэба стварыць сістэму гуманітарнай экспертызы найважнейшых заканадаўчых ініцыятыў. “Было б правільна стварыць у нашай краіне сістэму ўсебаковай гуманітарнай экспертызы найважнейшых заканадаўчых ініцыятыў і праектаў не толькі з пункту гледжання права, але і з пазіцый сацыялогіі, псіхалогіі, культуры і традыцый грамадства”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што міжнародныя падзеі красамоўна сведчаць аб неабходнасці ўзмацнення гуманітарнай бяспекі, фарміравання своеасаблівага культурнага імунітэту. “Для нас, як і для любой нацыі, свая гісторыя і добрыя традыцыі павінны служыць аб’яднальнай сілай. Неабходна шукаць новыя формы прапаганды беларускай навукі і культуры, навучыцца рабіць гэта цікава і займальна”, — лічыць кіраўнік дзяржавы Гуманітарыі павінны дапамагаць дзяржаве знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці. “Найважнейшым прадуктам гуманітарных ведаў з’яўляюцца сацыяльныя тэхналогіі. Сёння ствараюцца рэцэпты кіравання свядомасцю людзей. Гэтыя тэхналогіі дзейнічаюць і звонку краіны, у асноўным праз СМІ, інтэрнэт, і не заўсёды на карысць Беларусі. Трэба навучыцца процідзейнічаць негатыўным тэндэнцыям у гэтай сферы. Трэба распрацоўваць уласныя сацыяльныя тэхналогіі, выкарыстоўваючы іх для кансалідацыі грамадства, выхавання патрыятызму, стымулявання творчай ініцыятывы людзей на ўсіх узроўнях. Адна з актуальных задач, якія стаяць перад гуманітарыямі, — навучыцца прадбачыць актуальныя праблемы і працэсы развіцця грамадства, дапамагаць дзяржаве знаходзіць адэкватныя адказы на новыя выклікі сучаснасці”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў прэзідэнта, сёння СМІ, інтэрнэт напоўнены меркаваннямі розных псеўдааналітыкаў, якія спрабуюць разбурыць стабільнасць і спакой у грамадстве. “Ідзе глабальная сусветная вайна. Але яна ідзе новымі метадамі перш за ўсё ў сродках масавай інфармацыі. Вы сведкі гэтага. І гэтая вайна, якая вядзецца праз СМІ, практычна дэзарыентуе грамадства. І мы таксама па многіх напрамках дэзарыентаваны. Мы няправільна, неадэкватна ацэньваем тое, што адбываецца ў самых гарачых кропках планеты, па самых гарачых напрамках. Таму што СМІ асабліва моцныя дзяржавы выкарыстоўваюць для дэзарыентацыі”, — сказаў ён.

На думку Аляксандра Лукашэнкі, неабходна, каб у адказ гучна і выразна гучаў голас аўтарытэтнага вучонага-дзяржаўніка. “Скажыце, колькі з тых тысяч нашых вучоных-дзяржаўнікаў ведае народ? Дзе яны, гэтыя вучоныя-патрыёты, якія павінны абараніць дзяржаву ў гэтай інфармацыйнай вайне? А ў нас жа ў асноўным дзяржаўныя сродкі масавай інфармацыі. Хто вас туды не пускае? Часам скардзяцца журналісты, што вучонага, буйнога работніка вытворчасці ў тэлевізар вельмі складана ўцягнуць. Гэта што, нармальны падыход? Гэта ваша работа сёння. Гэта вы павінны ісці на гэты фронт, каб не было фронту іншага”, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да прысутных у зале.

Стратэгія развіцця навукі павінна вывесці Беларусь на перадавыя пазіцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу. У час з’езда разглядалі праект стратэгіі “Навука і тэхналогіі: 2018—2040”. Ключавы дакумент павінен вызначаць дзяржаўную палітыку развіцця не толькі гэтай важнай сферы, але і ўсёй краіны, падкрэсліў прэзідэнт.

“Нам неабходна аб’ектыўна ацаніць усе плюсы і мінусы, каб атрымалася напружаная, але рэальна выканальная праграма дзеянняў на перспектыву. Яна павінна надаць дынамічны тэмп інавацыйнаму развіццю і вывесці краіну на перадавыя пазіцыі навукова-тэхнічнага прагрэсу. Да яе рэалізацыі павінна падключыцца ўсё наша грамадства”, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. На думку кіраўніка дзяржавы, праект стратэгіі павінен быць сур’ёзна дапрацаваны пасля абмеркаванняў у секцыях і кантактаў вучоных у кулуарах мерапрыемства. “Яе трэба рабіць працуючай праграмай, каб яна была канкрэтнай”, — сказаў ён.

Да распрацоўкі праекта стратэгіі была прыцягнута вялікая група вучоных і практыкаў, якая вывучыла сусветны вопыт і сфармулявала новыя задачы пабудовы інавацыйнай эканомікі і навукова-тэхнічныя прыярытэты. У праекце дакумента вызначана будучая мадэль краіны — “Беларусь інтэлектуальная”. Яе ключавыя кампаненты: скразная лічбавізацыя эканомікі і стварэнне ІТ-краіны, развіты неаіндустрыяльны комплекс, які будзе адпавядаць выклікам чацвёртай прамысловай рэвалюцыі; высокаінтэлектуальнае грамадства.

“Беларусь уступае ў новы этап развіцця — перыяд пабудовы інтэлектуальнай эканомікі. Нам важна прадоўжыць рух наперад, абапіраючыся на надзейны фундамент, створаны за папярэднія гады, і набыты вопыт. Рэалізацыя намечаных задач дасць магчымасць палепшыць якасць жыцця насельніцтва, вывесці эканоміку Беларусі на больш высокі ўзровень, фарміруючы новыя фактары доўгатэрміновага эканамічнага росту. Мы забяспечым устойлівае збалансаванае развіццё нашай краіны за кошт спалучэння эфектыўнага дзяржаўнага кіравання, павышэння ролі навукі і адукацыі, узрастаючага інавацыйнага патэнцыялу”, — адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.