Навука высокага палёту

- 8:45Кампетэнтна

Фізіку называюць навукай ХХ стагоддзя. Касмічныя караблі, падводныя лодкі, атамныя электрастанцыі — усё гэта фізіка. Яна развівалася так імкліва, забягаючы далёка наперад, што яе адкрыццяў хопіць, напэўна, і на ХХІ стагоддзе.
Сёння гэтая навука крыху збавіла абароты, як бы даючы фору іншым. Пры гэтым у фізічных лабараторыях не спыняецца навуковая творчасць. Там, як і ва ўсе часы, працуюць апантаныя сваёй справай вучоныя, якія карпатліва ствараюць аснову для новых дзівосных адкрыццяў.
Пра тое, як развіваецца сучасная фізіка, мы гутарым з дэканам фізічнага факультэта БДУ доктарам фізіка-матэматычных навук Віктарам Міхайлавічам АНІШЧЫКАМ.

— Хачу заўважыць, што ў свеце зараз крызіс не толькі фізікі, а ўсіх прыродазнаўчых навук (выключэнне складаюць, мабыць, толькі прыкладная матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі). Раптам высветлілася, што моладзь не рвецца паступаць на фізічныя факультэты. Напрыклад, у мой час на юрыстаў і бухгалтараў увогуле не было конкурсу, а конкурс на фізфак — 4—5 чалавек на месца. Зараз усё дакладна наадварот.
Пры гэтым я не думаю, што фізіка перастала быць патрэбнай. Проста ў грамадстве пачала актыўна навязвацца думка пра тое, што эра індустрыялізацыі завяршылася, пачалася эра спажывання, нічога не трэба рабіць, бо ўсё ўжо ёсць. Моладзь адразу ўспрыняла гэта як кіраўніцтва да дзеяння: сапраўды, можна праседжваць за камп’ютарам, штосьці прадаваць, вырашаць нейкія філасофскія праблемы, але не працаваць! Такі падыход абсалютна няправільны, гэта шлях у нікуды.Ведаеце, чаму фізікі важныя для грамадства? Яны ідуць наперадзе і паказваюць дарогу, куды рухацца. За імі прыйдуць інжынеры і сканструююць машыны, але менавіта фізікі выпрацоўваюць прынцыпы пабудовы машын.

— Скажыце, Віктар Міхайлавіч, якія напрамкі ў фізіцы могуць зноў прыцягнуць увагу сусветнай грамадскасці да гэтай навукі? Здаецца, апошнім эфектным дзеяннем быў пошук базона Хігса, калі звесткі пра запускі/спыненне Вялікага адроннага калайдара пастаянна былі ў топ-навінах…
— Калі ХХ стагоддзе было векам фізікі, то ХХІ стагоддзе абвешчана векам біялогіі. Але сапраўдныя прарывы чакаюцца на скрыжаванні навук, і мы робім вялікую стаўку на біяфізіку.
Напрыклад, у нас на кафедры біяфізікі ўжо заняліся біячыпамі. Уявіце: на паўправадніковую пласціну вучоныя змяшчаюць нейроны і, падаючы сігналы на крышталь, кіруюць імі. Гэта ўжо элементы біяэлектронікі — таго, што цяпер паказваюць у фантастычных фільмах пра кібаргаў.
Нашы вучоныя працуюць і са стваловымі, і з ракавымі клеткамі, што ў перспектыве можа дапамагчы ў дыягностыцы і лячэнні многіх захворванняў. Добрыя вынікі атрыманы ў сумеснай рабоце з Інстытутам біяфізікі і клетачнай інжынерыі НАН Беларусі, з якім вядуцца сумесныя даследаванні. Студэнты праходзяць там практыку, робяць курсавыя і дыпломныя праекты, размяркоўваюцца туды на работу.
У фізікі ёсць яшчэ адзін вельмі важны напрамак — энергетыка. Вядома, што да сярэдзіны ХХІ стагоддзя колькасць неабходнай чалавецтву энергіі падвоіцца. Гэта звязана найперш з праблемай вадароднага паліва і атрыманнем прэснай вады. Сітуацыя з прэснай вадой крытычная для ўсяго свету, за выключэннем толькі нямногіх краін, такіх, напрыклад, як Беларусь, Канада, Расія.
Спрэчкі аб тым, як атрымаць столькі энергіі, вядуцца ва ўсім свеце. Зялёныя настойваюць на змяншэнні долі атамнай энергетыкі, хаця я, напрыклад, лічу, што яны крыху хітруюць. Немагчыма падвоіць колькасць энергіі выключна з альтэрнатыўных крыніц. Доля аднаўляльнай энергетыкі ў агульным аб’ёме складае ўсяго 18%, прычым 15% — гэта гідраэнергетыка, якая аказвае вельмі негатыўны ўплыў на экалогію, і яе рэсурсы таксама абмежаваныя.
Застаецца атамная энергетыка, але і яна мае шэраг недахопаў. Па-першае, дарагая. Па ацэнках экспертаў, сусветных запасаў урану хопіць усяго на 70—80 гадоў, а гэта значыць, што ядзернае паліва будзе яшчэ больш даражэць. Па-другое, ёсць пытанні з утылізацыяй ядзерных адходаў.
Калі казаць пра перавагі атамнай энергетыкі, то трэба ўзгадаць Кіёцкі пратакол, які абавязвае краіны змяншаць колькасць выкідаў парніковых газаў у атмасферу. Атамныя электрастанцыі, што працуюць у Еўропе, дазваляюць змяншаць выкіды СО2 на 700 мільёнаў тон у год, расійскія АЭС — на 210 мільёнаў тон. Калі дабавіць сюды Японію, ЗША і іншыя краіны, атрымліваюцца вельмі яскравыя лічбы, якія даказваюць экалагічнасць атамных электрастанцый. Галоўнае гарантаваць іх бяспеку, і фізікі над гэтым працуюць.
Што да тэрмаядзернай энергетыкі, то яна пакуль не гатова замяніць існуючую. У лепшым выпадку гэта здарыцца гадоў праз 15—20.

— Сёння навука інтэрнацыянальная. Многія праекты ажыццяўляюцца намаганнямі вучоных розных краін, і знайсці сябе ў адным з гэтых праектаў можа практычна кожны вучоны. Скажыце, Віктар Міхайлавіч, ці ёсць на фізфаку такая праблема, як уцечка мазгоў.
— На жаль, так. Пры гэтым асабіста я перакананы, што калі мы ўжо нарадзіліся ў Беларусі, то жыць, працаваць і паміраць мы павінны тут.
Хаця ездзіць па свеце, безумоўна, трэба. Ідэальны варыянт для навукоўца наступны: чалавек заканчвае ўніверсітэт, абараняе дысертацыю і едзе за мяжу. Там ён 2—3 гады працуе, знаёміцца з новымі людзьмі і новымі тэхналогіямі. Потым вяртаецца і тое, чаму навучыўся за мяжой, укараняе на радзіме. Потым зноў паехаў на паўгода-год… Такі падыход дазваляе наладзіць добрыя навуковыя сувязі і расці прафесійна.
На жаль, многія ўспрымаюць навуковыя паездкі па-іншаму. Калі ёсць магчымасць застацца за мяжой — застаюцца там назаўсёды. Прычым часта не з-за больш высокай зарплаты, а з-за таго, што там эксперыментальныя магчымасці непараўнальна лепшыя.
Сёння нашы выпускнікі працуюць па ўсім свеце: у ЗША, Германіі, Новай Зеландыі, Бельгіі, Польшчы і г.д. Многія з іх, трапляючы ў вядучыя навуковыя цэнтры, разумеюць, што апынуліся там дзякуючы высокаму ўзроўню падрыхтоўкі ў Беларусі.

— Па якіх спецыяльнасцях вядзецца падрыхтоўка на факультэце?
— У нас зараз 4 спецыяльнасці: “Ядзерная фізіка і тэхналогіі”, “Фізіка нанаструктур і нанаматэрыялаў”, “Камп’ютарная фізіка” і “Фізіка” (напрамкі падрыхтоўкі — “кіраўнічая дзейнасць”, “вытворчая дзейнасць” і “навукова-даследчая дзейнасць”). Дарэчы, апошні напрамак плануем павысіць да спецыяльнасці “Фундаментальная фізіка”.
Падрыхтоўка фізікаў доўжыцца 5 гадоў (на спецыяльнасці “Ядзерная фізіка і тэхналогіі” — 5,5, “Кіраўнічая дзейнасць” і “Вытворчая дзейнасць” — 4 гады). У будучыні плануецца пераход на 4-гадовы бакалаўрыят і 2-гадовую магістратуру. Аднак мы будзем настойваць на тым, каб з’явіліся і суцэльныя магістарскія праграмы, што дазволіла б з самага пачатку рыхтаваць студэнтаў да навуковай дзейнасці. Безумоўна, тыя, хто не хоча вучыцца або вучыцца слаба, змогуць пайсці працаваць і пасля бакалаўрыята. Але ні ў акадэміі навук, ні на сур’ёзнай вытворчасці, ні ва ўстанове вышэйшай адукацыі 4-гадовай адукацыі будзе недастаткова.

— Раней фізічны факультэт рыхтаваў пераважна тэарэтыкаў, фізікаў высокага палёту. Цяпер, як бачна, вы вымушаны зазямляцца, прапаноўваць моладзі больш практыка-арыентаваныя спецыяльнасці?
— Справа ў тым, што вельмі шмат тэарэтыкаў не трэба. Савецкая сістэма была лепшай у свеце, але ў параўнанні з еўрапейскай ці амерыканскай у яе быў істотны недахоп. Тыя сістэмы не давалі такой добрай тэарэтычнай падрыхтоўкі, як у нас, але давалі веды, накіраваныя на практычнае прымяненне. У нас жа выпускнікі валодалі тэорыяй, але не ведалі, як яе прымяняць. Таму зараз наша адукацыя набывае большую практычную скіраванасць. Хаця тут трэба быць вельмі асцярожнымі, бо, як толькі мы перавядзём фізікаў на канструяванне рыдлёвак, усё вельмі хутка скончыцца.

— Я помню, у вас быў такі напрамак спецыяльнасці “Фізіка”, як “педагагічная дзейнасць”. Зараз вы яго не назвалі. Закрыты з-за непатрэбнасці? Хіба нам ужо не патрэбны кваліфікаваныя выкладчыкі фізікі?
— Мне вельмі шкада, што набор на гэты напрамак спецыяльнасці прыпынены, але хачу заўважыць, што ён не закрыты і мы паспрабуем яго аднавіць. Ёсць намер рыхтаваць выкладчыкаў фізікі для ўстаноў вышэйшай адукацыі. Пагадзіцеся, што калі ўніверсітэты ў рэгіёнах будуць рыхтаваць для сябе выкладчыкаў фізікі, то можа здарыцца тое, што і з педагагічнымі патокамі. Памятаеце той перыяд, калі ў педпатокі траплялі горшыя абітурыенты, на выхадзе з’явіліся горш падрыхтаваныя настаўнікі і як вынік школьны ўзровень фізікі вельмі хутка папоўз уніз?
Я лічу, што падрыхтоўка выкладчыкаў фізікі для ўніверсітэтаў павінна быць толькі на фізічным факультэце БДУ, бо ніхто не зробіць гэта лепш за нас. Як падрыхтоўка спецыялістаў па апрацоўцы металаў ціскам лепш за ўсё ўдаецца БНТУ, падрыхтоўка радыёэлектроншчыкаў — БДУІР і г.д. Кожны павінен займацца сваёй справай — і тады будзе карысць.

— Скажыце, Віктар Міхайлавіч, як вы далучаеце студэнтаў да працы. Фізіка — гэта не тая навука, калі можна за ноч пачытаць кніжку і падрыхтавацца да экзамену?
— Стараемся больш пераконваць, чым прымушаць. Хаця і без прымусу не абыходзіцца. Ёсць студэнты, якія лічаць, што калі яны паступілі, то ім абавязаны даць дыплом. Нядбайных студэнтаў мы адлічваем. У нас сапраўды неабходна працаваць, выконваць лабараторныя і практычныя работы, пазбягаць пропускаў.
Вельмі добра, што зараз многія работадаўцы пачалі звяртаць увагу на дадатак да дыплома. Студэнты ведаюць пра гэта, што павышае іх матывацыю да вучобы. Не важна, фізік ты ці лірык, важна, як ты вучыўся і наколькі ты адказны.

— Якія конкурсы апошнім часам на фізічны факультэт?
— Цікава, што ў апошняе дзесяцігоддзе конкурсная сітуацыя развіваецца па сінусоідзе: то недабор, то перабор. Так, у мінулым годзе быў недабор, а сёлета — 1,4 заявы на месца. Што будзе ў наступным, я не ведаю.
Дарэчы, у нас агульны конкурс на факультэт. Абітурыенты падаюць дакументы на пэўную спецыяльнасць, але на субяседаванні могуць змяніць яе. Потым, калі ідзе размеркаванне па кафедрах, яны могуць яшчэ раз перадумаць.

— А вы ведаеце, што сёлета звыш 50% абітурыентаў на ЦТ па фізіцы атрымалі менш за 15 балаў?
— Ведаю і нават больш скажу. Аднойчы ў мяне быў студэнт, які на школьным экзамене па фізіцы атрымаў двойку, але неяк здолеў здаць ЦТ і паступіць на фізфак. Праўда, ён не дайшоў нават да першай сесіі. Але ўявіце сам факт: прыйсці на фізфак з двойкай па фізіцы!
Раней я быў прыхільнікам масавай вышэйшай адукацыі, але сёння, калі бачу, у што гэта ператварылася, лічу, што вышэйшая адукацыя не можа быць для ўсіх.

— І ўсё ж такі, Віктар Міхайлавіч, ёсць нейкая стратэгія, як прыцягнуць на фізічны факультэт таленавітую моладзь?
— Мы знайшлі саюзнікаў у асобе настаўнікаў. Сёння, напрыклад, у нас была экскурсія з Нясвіжскага раёна. Мы паказалі настаўнікам факультэт, расказалі пра нашы магчымасці.
Справа ў тым, што пасля прыёму дакументаў усе абітурыенты БДУ праходзяць субяседаванне з дэканамі. Я абавязкова стараюся пагаварыць з кожным і заўсёды пытаюся, адкуль малады чалавек даведаўся пра фізічны факультэт. Аказваецца, часцей за ўсё пра фізфак дзеці даведваюцца ад школьных настаўнікаў. На другім месцы — інтэрнэт, потым ужо ўсё астатняе.
Сёлета мы размясцілі рэкламу фізічнага факультэта на прыпынках грамадскага транспарту і ў метро. Прычым не агітавалі на паступленне, а зрабілі плакаты ў стылі зорных войнаў. І ведаеце, гэта практычна не спрацавала. Дзеці, як і раней, у выбары прафесіі давяраюць сваім настаўнікам.
Таму фізічны факультэт адкрыты для школ, мы заўсёды можам правесці для дзяцей цікавую экскурсію. Хай настаўнікі тэлефануюць, выберам зручны час і сустрэнемся.

— На фізічным факультэце дзейнічае школа для абітурыентаў. Каго вы запрашаеце на вучобу? Ці можна яшчэ запісацца?
— Мы запрашаем усіх, хто цікавіцца фізікай. Хаця дзеці і бацькі зараз вельмі прагматычныя, і па вопыце мінулых гадоў мы ведаем, што не ўсе, хто вучыцца ў нашай школе, будуць да нас паступаць. Многія ўспрымаюць заняткі як бясплатную падрыхтоўку да цэнтралізаванага тэсціравання. Зрэшты, мы нават з гэтым пагаджаемся. Хай яны і не прыйдуць на фізфак, затое падцягнуць свае фізічныя веды.

— Віктар Міхайлавіч, што б вы як дэкан фізічнага факультэта параілі абітурыентам?
— Я ніколі не агітую маладых людзей паступаць на фізічны факультэт, але заклікаю абавязкова паступаць. Пакуль у іх свежыя мазгі, жаданне — трэба ісці вучыцца, а куды — хай выбіраюць самі. Прыйдуць у БДУ — вельмі добра, прыйдуць на наш факультэт — я буду рад.

— Дзякую, Віктар Міхайлавіч, за гутарку.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.